Уже 20 лет несёт слово Божие протоиерей Георгий Лакотка в храме Воскресения Христова в Воропаеве

Духовность Общество

З  бласлаўлення архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія 20 гадоў назад у храм Уваскрэсення Хрыстова ў Варапаеве накіравалі протаіерэя Георгія Лакотку. І сёння настаяцель шчыра нясе вернікам слова Божае. У яго падпарадкаванні і храмы ў Асінагарадку, Рымках. Больш за 1000 дамоў трэба абысці на Каляды. Да Вялікадня і Нараджэння Хрыстова ў прыходзе рыхтуюць каля 300 падарункаў насельнікам Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў і тым, хто знаходзіцца на сацыяльных ложках у варапаеўскай і дунілавіцкай бальніцах, бальніцы сястрынскага догляду ў Парыжы. А дзеці, якія наведваюць нядзельную школу пры храме, выступаюць там з тэатральнымі пастаноўкамі.

Айцец Георгій нарадзіўся ў Міёрскім раёне ў глыбока веруючай сям’і. З маленства наведваў храм, задумваўся пра быццё, космас. У свядомасці пераважала навуковае трактаванне ўтварэння Сусвету. Аднак, відаць, неабходна было прайсці гэты шлях, каб потым  стаць на праведны.

Протаіерэй Георгій Лакотка

— Маё першапачатковае знаёмства з Новым Запаветам было павярхоўнае, — успамінаў айцец Георгій. — З часам стаў свядома падыходзіць да кожнага слова і асэнсоўваць Святое Пісанне. Так паступова наблізіўся да Бога. І ў 1997 годзе ў невялікай вёсачцы Іказнь на Браслаўшчыне пачаўся мой святарскі шлях.

Настаяцель перакананы, што ўсе людзі розныя і да кожнага патрэбен асобны падыход. Калі чалавек прыходзіць у царкву, яго варта падтрымаць, бо ён зрабіў першы крок да Бога.

Ва ўсіх пачынаннях айца Георгія падтрымлівае матушка Валянціна. Шмат гадоў яны крочаць разам, выхавалі пяць дзяцей, зараз іх цешаць трое ўнукаў. У вольны час, хоць яго і вельмі мала, з задавальненнем выязджаюць на прыроду. А найлепшым лічаць духоўны адпачынак, таму шмат чытаюць. Мараць здзейсніць паломніцтва па святых месцах.

Варапаеўскі храм знаходзіцца на скрыжаванні дарог, амаль у цэнтры гарпасёлка. Прывабны і акуратны як звонку, так і знутры. Гэта вынік згуртаванай працы святара і вернікаў. Вясной благачынны храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы протаіерэй Валерый Пашкевіч перадаў настаяцелю варапаеўскага прыхода тры іконы, дзякуючы якім царква яшчэ больш папрыгажэла знешне. У верасні бягучага года сваімі сіламі замянілі купал, адрамантавалі званіцу. Абмежаванасць у фінансах не дазволіла ажыццявіць усё задуманае. Тым не менш, дзякуючы маральнай і матэрыяльнай падтрымцы А. Галяша, Г. Лапса і ўсіх вернікаў, праведзена грунтоўная работа. На наступныя гады запланавана завяршыць бягучы рамонт, замяніць астатнія тры купалы, царкоўную агароджу і перакрыць дах.

Храм Уваскрэсення Хрыстова ў Варапаеве

— Пачынаць заўсёды страшна. Але важна зрабіць першы крок, — гаварыў Георгій Лакотка. — І калі адчуваеш падтрымку прыхаджан, бачыш іх дапамогу, з’яўляюцца сілы рухацца наперад.

Многае робіцца і па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Кожны яе куточак старанна дагледжаны руплівымі рукамі прыхаджан, якія шчыруюць тут на працягу года і ўкладваюць у гэта часцінку свайго сэрца. Кветкі ля царквы раскашуюць з сакавіка па лістапад.

Святлана Шафаровіч. Фота Таццяны Насевіч



Читайте также:

В Воропаевском приходе к Пасхе напекли имбирных пряников в виде яйца (+видео)
Крест на пересечении улиц 17 сентября и Заводской — место для молитвы и поклонения Богу
1 ноября в Поставах состоялся слет воспитанников воскресных школ Полоцкой епархии



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.