За полтора года семья Гончаровых превратила заброшенную школу в Ширках в уютную усадьбу для проведения мероприятий

Общество Экономика

Замест запусцення – «Гармонія»

9 гадоў назад у Шырках закрылася пачатковая школа. Яе вялікі будынак на самым ускрайку вёскі апусцеў і пачаў прыходзіць у заняпад. Маркотна стала выглядаць і прылеглая да школы тэрыторыя. Аднак у 2018-м у аб’екта з’явіліся гаспадары.  І жыццё тут зноў завіравала.

Паўтара года спатрэбілася сям’і Ганчаровых з Пастаў, каб дака­заць, што можна паспяхова працаваць там, дзе, здавалася б, ніхто не бачыць перспектывы. Былую школу яны перабудавалі ў сядзібу для правядзення мерапрыемстваў.

Сядзіба «Гармонія» ў Шырках

Яе гаспадар Аляксандр Ганчароў — былы ваенны, цяпер працуе ў шпіталі і ўвесь вольны час праводзіць у Шырках. Работы на сядзібе заўжды хапае: у яго ўладанні тэрыторыя ў паўгектара і будынак плошчай 355 квадратных метраў. Адна яго частка — банкетная зала на 75 чалавек і танцпляцоўка, другая — міні-гасцініца, у якой могуць адначасова размясціцца да 40 гасцей.

«Гармонія» цалкам апраўдвае сваю назву: у памяшканні многа святла, інтэр’ер залы зроблены выключна ў светлых танах. Тут прасторна і ўтульна, і гэта вельмі падабаецца гасцям.

— Ідэя адкрыць такі аб’ект з’явілася ў майго сына Сяргея, які жыве ў Мінску і ўжо 8 гадоў працуе на мерапрыемствах у якасці вядучага, — расказваў Аляксандр Ганчароў. — Трэба было вызначыцца з памяшканнем. Школа ў Шырках была першым аб’ектам, які мы паглядзелі, і… апошнім. Тут нам усё падыхо­дзіла: да горада блізка, мясцовасць маляўнічая, сам будынак у адносна добрым стане. Таму і выкупілі яго праз аўкцыён. Адзначу, што тады мы адчулі падтрымку выканаўчай улады — нам усюды ішлі насустрач, у тым ліку пры афармленні неабходных дакументаў.

Так выглядаў будынак Шыркаўскай пачатковай школы ў 2018 годзе

Усе работы (за выключэннем складаных) новыя гаспадары выконвалі сваімі сіламі. Шчыравалі Аляксандр Уладзіміравіч з жонкай, іх два сыны.

— Я думаў, што рамонт не скончыцца ніколі. І раптам гэта адбылося, — усміхаўся суразмоўца. — Цяпер, калі ў сядзібе пачынаецца вяселле, я адпачываю душой, бо бачу вынік нашай вялікай працы. Гэта як на стадыёне ці ў канцэртнай зале: душа ў аб’екта з’яўляецца тады, калі ён запаўняецца пазітыўна зараджанымі людзьмі. Важны ж не толькі прыбытак, але і маральнае задавальненне ад таго, што робіш.

Так будынак выглядае цяпер

З адкрыццём сядзібы па выхадных у Шырках руху стала больш, чым звычайна. Нікога з мясцовых ужо не здзіўляюць вясельныя картэжы, якія праязджаюць праз усю вёску, і феерверкі, якія расквечваюць неба па вечарах. Нягледзячы на тое, што адкрыццё «Гармоніі» супала з пачаткам каранавіруснай пандэміі, калі многія адмовіліся ад шматлюдных свят або перанеслі іх на пасля, інтарэс да аб’екта з боку кліентаў ёсць. З пачатку вясны тут прайшло больш за дзясятак урачыстасцей. Час ад часу ў сядзібе ладзяць здымкі прафесійныя фатографы.

Элементы інтэр’ера сядзібы

— Працуе рэклама, «сарафаннае радыё» — усё большая колькасць людзей даведваецца пра сядзібу і загадзя браніруе даты, — канстатаваў Аляксандр Ула­дзіміравіч. — Але яе адкрыццё не значыць, што работы тут скончаны. Ёсць шмат планаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі: пачалі ўстанаўліваць альтанку, хочам яшчэ пабудаваць лазню і выкапаць сажалку. Дробныя работы працягваюцца і ў пакоях для пражывання.

Элементы інтэр’ера сядзібы

Шыркаўскі прыклад далёка не адзіны ў раёне, калі стары будынак атрымлівае новае жыццё. Як паведаміла намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Аксана Чашун, сёлета праз аўкцыёны прададзены 9 аб’ектаў, якія не выкарыстоўваліся (гэта на 4 больш, чым летась). Сярод іх — комплекс капітальных пабудоў па вуліцы Ленінскай 21 «Б» (былое памяшканне ЖЭУ), будынкі комплексных прыёмных пунктаў у Лучаі, Дунілавічах, школа ў Старым Двары, цагляная майстэрня ў вёсцы Стонішкі. У Лынтупах новых уласнікаў знайшлі памяшканні, дзе некалі размяшчаліся калгасныя клуб і сталовая, аўтагараж па вуліцы Механізатарскай. Яшчэ адзін гараж прададзены ў Варапаеве.

Элементы інтэр’ера сядзібы

Выкупленыя аб’екты будуць выкарыстаны для розных мэт. У Лучаі, напрыклад, адкрыюцца фірменны магазін ААТ «Навасёлкі-Лучай» і невялікая зала для правядзення мерапрыемстваў, а майстэрня ў Стонішках ператворыцца ў дрэваапрацоўчы цэх.

Іна Сняжкова



Читайте также:

Кто имеет право на пенсию за особые заслуги перед Республикой Беларусь?
Как прошло открытие отопительного сезона в Поставском районе?
Неравнодушные ко всему. Активные старейшины Юньковского сельсовета — главные помощники председателя

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.