Жительница Юнек Наталья Жигалко всего за сутки «выращивает» цветы. Спросите как? Из зефира.

Общество

Кветкаводы ведаюць: каб з чаранка вырасціць шыкоўныя ружы, патрэбны мінімум два месяцы. Жыхарка Юнек Наталля Жыгалка робіць гэта ўсяго за суткі. Праўда, яе кветкі не жывыя, а салодкія — з зефіру ўласнага прыгатавання.

Упершыню гэтыя незвычайныя букеты я ўбачыла ў адной з папулярных сац­сетак. Доўга прыглядалася да кожнага здымка: цяжка было паверыць, што такая прыга­жосць створана рукамі. Не вытрымала — звязалася з Наталляй і папрасіла яе расказаць пра сваё дзіўнае хобі.

Наталля Жыгалка і яе салодкія кветкі

— 2 гады назад я ўбачыла на YouTube рэцэпт прыгатавання хатняга зефіру і захацела паспрабаваць зрабіць яго сама, — успамінала Наталля Жыгалка. — «Паддаўся» ён мне не адразу, а толькі з трэцяй спробы. Родныя былі ў захапленні: атрымалася і прыгожа, і смачна. Мне і самой вельмі спадабаўся вынік работы, таму вырашыла ўдасканальваць сваё майстэрства.

Сёлетнім летам Наталля паспрабавала рабіць паўнавартасныя букеты. І зноў атрымалася не адразу — каб набіць руку, спатрэбіўся час. Аднак старанне было ўзнагароджана: хутка з’явілася нямала жадаючых купіць такі арыгінальны прэзент.

— Работы хэндмэйд сёння ў пашане, — працягвала суразмоўца. — Падарункам з магазіна ўжо нікога не здзівіш, а многія хочуць быць крэатыўнымі ў сваіх віншаваннях. Зефірныя букеты падкупляюць яшчэ і тым, што вырабляюцца цалкам з натуральных прадуктаў. У аснове «будаўнічага матэрыялу» яблычнае, ягаднае ці фруктовае пюрэ, якое ўзбіваецца з яечнымі бялкамі. У якасці жэліруючага рэчыва выкарыстоўваю агар-агар. У яго аснове — марскія водарасці, вельмі карысныя для здароўя. У выніку зефір атрымліваецца не такі салодкі, як з магазіна. Ён не выклікае алергіі, як іншыя саладосці і нават не супрацьпаказаны цяжарным жанчынам.

Смачныя вырабы Наталлі

Выраб букетаў для Наталлі — хобі, а не асноўны занятак. Па адукацыі яна аграном — скончыла пастаўскі і лужаснянскі каледжы, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Хоць дома і на рабоце шмат клопатаў, заўжды імкнецца знайсці час на творчасць. Любіць і цацкі вязаць, і кветкі даглядаць.

— Калі з’яўляецца вольны час, зусім не хочацца сядзець склаўшы рукі, — прызналася суразмоўца. — На ўласным прыкладзе пераканалася: маючы жаданне і цярпенне, можна асвоіць любую справу. А калі яна яшчэ прыносіць радасць іншым, то атрымліваеш двайное задавальненне. Кліенты часта пішуць, што ім шкада есці такую прыгажосць. І дадаюць: «Паспрабаваўшы хоць маленькі кавалак, спыніцца немагчыма». Такія водзывы вельмі «падсалоджваюць» мае будні і матывуюць вяртацца да любімай справы зноў і зноў.

Іна Сняжкова



Читайте также:

Посмотрите, какие шедевры создает из дерева поставский ремесленник Иван Андрушкевич (+видео)
За полтора года семья Гончаровых превратила заброшенную школу в Ширках в уютную усадьбу для проведения мероприятий



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.