Удасканальваюць зробленае
У канцы мінулага тыдня, вяртаючыся з чарговага рэдакцыйнага задання, заўважыла актыўнасць дарожных рабочых у мікрараёне новай забудовы 6-га гарадка. Здаецца, і асфальт пакладзены, і пешаходныя дарожкі ёсць, а тут кіпіць такая дзейнасць. Стала цікава.
— А хто вы будзеце? — спрабую высветліць арганізацыю.
— Работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132», — адказваюць мужчыны. — Завяршаем апошнія віды работ на ўчастку. Для бяспекі пешаходаў і веласіпедыстаў манціруем кар’ерную агароджу, бо побач з тратуарам знаходзіцца пажарны вадаём. Наш галоўны — Андрэй Рагіня. Ён усё вам раскажа.

Не толькі расказаў, але і арганізаваў падначаленых для нечаканай фотасесіі.
Як высветлілася, якасныя пляцовачныя сеткі, што з’явіліся ў новым мікрараёне райцэнтра, — заслуга двух філіялаў: ДРБУ-132 і ДЭУ-33. Кожны ў сваёй зоне адказнасці з нуля (на чыстым полі) пабудаваў дарожную інфраструктуру: насыпаў грунт, зрабіў укладку асфальтабетоннага пакрыцця, устанавіў бардзюры, правёў азеляненне і іншыя работы.
З цікавасцю слухаю Андрэя, але мая ўвага міжволі пераключаецца на дзве імклівыя «ГАЗэлі», якія побач робяць гарызантальную разметку праезнай часткі. Адны мужчыны з дапамогай трафарэта і пульверызатара наносяць фарбу, іншыя следам пасыпаюць яе святлоадбівальнымі шклошарыкамі. Гэта шчыруюць работнікі мядзельскага філіяла «ДЭУ-66». Яны, як і мясцовыя дарожнікі, з’яўляюцца субпадрадчыкамі гаспадара будаўніцтва — «Рассвета Пастаўскага».
Вынікам працы дарожнікаў у 6-м гарадку захапляюцца многія гараджане. Але ўсіх здзіўляе: няўжо паўкіламетровая гравійка са шматлікімі выбоінамі, якая злучае вуліцу Азёрную з новым мікрараёнам, так і застанецца незаасфальтаванай? Інжынер ДРБУ-132 Віктар Даўгель патлумачыў, што гэты ўчастак не ўваходзіць у праектна-каштарысную дакументацыю іх арганізацыі і яго далейшы лёс яму невядомы.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Как «заработать на заначке» рассказала корреспонденту «ПК» специалист Белагропромбанка Наталья Якубович
Центр ритуальных услуг «Век» открылся в райцентре. Спектр услуг широкий, но главная особенность — зал прощания
С 20 ноября в Беларуси вступили в силу новые правила оказания услуг почтовой связи общего пользования