Хоць і не бландзіны, але прыгажуны
Па ўсходнім календары 2021-ы — год Металічнага Белага Быка. У нашым раёне прыгажуноў-бландзінаў не вырошчваюць, перавага аддаецца буйной рагатай жывёле чорна-стракатай пароды. У ААТ «Навасёлкі-Лучай» яе пагалоўе складае ажно дзевяць з паловай тысяч асобін. Да таго ж гаспадарка адзіная на Пастаўшчыне практыкуе круглагадовае палявое ўтрыманне быкоў.
— Бысі! Бысі! Хадзіце сюды! — падзывае на фотасесію гурт, які пасвіцца на свежым паветры, заатэхнік аддзялення «Коўзаны» Марыя Даўгель.
Тое ж самае паўтараюць даглядчыкі Антон Сідаровіч і Валерый Пронька. І жывёла нетаропка, але ахвотна набліжаецца да людзей.
— Малайцы! — хваляць падапечных жывёлаводы. І дадаюць: — Яны ў нас паслухмяныя, любяць ласку і зносіны.
Сёлета ва ўрочышчы Круткі, абнесеным электрапастухом, зімуюць тры гурты. Усяго 1 003 галавы. Гэта на паўтысячы менш, чым пасвілася тут у летне-асенні перыяд: самых адкормленых бычкоў сярэдняй вагой больш за 500 кілаграмаў кожны нядаўна здалі на мясакамбінат. Новая партыя жвачных з’явіцца ў полі не раней за сакавік-красавік, калі сыйдзе снег і падсохне глеба.
— Ідэю круглагадовага палявога ўтрымання быкоў 15 гадоў назад падгледзеў за мяжой былы кіраўнік гаспадаркі Алег Валодзька, — расказваў галоўны заатэхнік ААТ «Навасёлкі-Лучай» Іван Кісель. — Праўда, там і надвор’е цяплейшае, і жывёла мясная. Але мы ўсё роўна вырашылі апрабаваць тэхналогію на нашых рагатых. І не прагадалі, бо вырошчванне ў палявых умовах самае таннае па сабекошце. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 800 грамаў.
На кожны гурт буйной рагатай жывёлы прыпадае 8-10 гектараў зямлі. І гэта не лугі, а няўдобіца — зямля, непрыдатная для сельскагаспадарчага выкарыстання. Таму стаўку ў гаспадарцы робяць не на вольны выпас, а на збалансаваны рацыён, які складаецца з сенажу, кукурузнага сіласу, пшанічнай саломы і камбікорму. Летам жывёлу пояць вадой, зімой — цёплай бардой. У якасці посцілкі для яе бярэцца салома, якая дазваляе сагрэцца і ў моцныя маразы. Пераймаць вопыт вырошчвання бычкоў у гаспадарку прыязджала ўжо не адна дэлегацыя.
— Наша сельгаспрадпрыемства багатае на быкоў, — канстатуе Іван Кісель. — Таму спадзяёмся, што і шчасціць у новым годзе, сімвалам якога яны з’яўляюцца, нам будзе незвычайна.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Победителем интеллектуального квиза «PRO Беларусь» стала команда СШ №4
Посмотрите, какую красоту создает из пластилина 8-летняя Мария Кимбор из г.п. Воропаево
В г.п. Воропаево торжественно открыли станцию обезжелезивания и водопровода (обновлено)