И почта, и мини-маркет работают в обновленном помещении отделения почтовой связи в Воропаево

Важное Общество

Пераступіла парог аддзялення — і адразу падумала, што трапіла ў міні-маркет: уздоўж сцен вітрыны з прадуктамі харчавання, прамысловымі таварамі, халадзільнік з замарожанымі ва ўпакоўцы свінінай, курацінай, паўфабрыкатамі з іх, каўбасамі і іншымі мяснымі вырабамі.

— Аддзяленне адкрылася пасля рамонту, — патлумачыла начальнік раённага вузла паштовай сувязі Таццяна Гайлюн. — Зрабілі яго сваімі сіламі. У гэты час былі вымушаныя нязручнасці і для работнікаў аддзялення, і для кліентаў. Цяпер у памяшканні светла, цёпла, утульна, умовы камфортныя для ўсіх. Работа па мадэрнізацыі выканана немалая. А «фішка» ў тым, што тут размясціўся неізаляваны гандлёвы аб’ект па рэалізацыі тавараў метадам самаабслугоўвання. Падобных пошта-магазінаў у вобласці толькі тры: у Віцебскім, Дубровенскім і нашым раёнах.

Аператар сувязі Алена Сініца абслугоўвае першых наведвальніц

Наведвальнікаў абслугоўваюць праз два аперацыйныя акны. У шырокім асартыменце прапануюць паштовую, філатэлісцкую прадукцыю. Выконваюцца санітарна-эпідэмічныя патрабаванні. Знаходзячыся ў аддзяленні, назірала за тым, як людзі атрымлівалі пенсію, афармлялі падпіску на любімыя перыядычныя выданні, адпраўлялі пісьмо або пасылку, разлічваліся за камунальныя паслугі, рабілі іншыя плацяжы, а потым вывучалі асартымент на вітрынах.

— На пошце і раней можна было набыць шмат тавараў, — гаварыў мужчына, які стаў першым пакупніком. — Цяпер іх выбар расшырылі. Гэта зручна: не трэба хадзіць па іншых магазінах, а можна купіць усё ў адным месцы. Я ўзяў макарону, муку, алей і пайду дамоў, раскажу жонцы пра сучасную пошту.

— Мяне прывабілі вырабы з ільну, — падключылася да размовы другая наведвальніца. — Вось прыгледзела сабе вялікі ручнік для лазні. Мы вельмі задаволены работай нашых аператараў, паштальёнаў. Рада, што цяпер яны будуць працаваць у камфортных умовах.

— Я марыла да Новага года замяніць у калідоры дывановую дарожку, — трымаючы ў руках абноўку, дзялілася радасцю чарговая пакупніца. — У райцэнтры «Витебские ковры» закрыліся. А тут так пашанцавала: нікуды не трэба ехаць. Атрымала пенсію і купіла жаданую рэч на месцы.

— Люблю шопінг, — распавядала яшчэ адна немаладая жанчына. — Раней часта хадзіла па магазінах, прыцэньвалася. Праўда, выбар прамысловых тавараў у нашым гарпасёлку невялікі, яны ёсць толькі ва ўнівермагу. Цяпер у сувязі з эпідсітуацыяй з дома выходжу па неабходнасці. Але на пошту раз у месяц абавязкова трэба выбірацца, каб аплаціць камунальныя паслугі. Засяродзілася на цэнах у новым магазіне. Даступныя, асабліва на пасцельную бялізну, посуд. Ёсць пральны парашок, парфумерыя. У наяўнасці буйнагабарытная бытавая тэхніка: газавая пліта, тэлевізар, халадзільнік, мікрахвалевая печ. Малайцы, паштавікі! Дзякуй ім за клопат.

Адкрыццё абноўленага памяшкання для варапаеўцаў стала сапраўдным падарункам напярэдадні Новага года.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Натуральные продукты из Новоселок пользуются спросом в Лынтупах
В отделении дневного пребывания для инвалидов ТЦСОН создают новогодние сувениры
Трудолюбие нам передалось от дедов-прадедов. Семья Татьяны и Леонида Дунцов



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.