Новогодние хлопоты. В Поставах начали работать елочные ярмарки

Важное Общество

Прыгажуні на любы густ

Сёлета «Ёлачныя кірмашы» ў нашым раёне пачалі працаваць 19 снежня. Стацыянарныя і выязныя кропкі гандлю прапануюць святочныя дрэвы на любы густ. А вось якімі крытэрыямі пры іх выбары кіруюцца пастаўчане, высвятляў карэспандэнт «ПК» на нядзельным продажы ў лясгасе.

— А чаму ў вас так пуста? — не хаваю расчаравання, заспеўшы ў 11 гадзін толькі прадаўца.

— З ранішнім наплывам пакупнікоў вы размінуліся літаральна на паўгадзіны. Не хвалюйцеся, людзі актывізуюцца бліжэй да абеду, а потым — вечарам, — супакойвае інжынер лесапункта Аляксей Буцько, які ў той дзень па графіку рэалізоўваў дрэўцы. Гэтым ён займаецца 10 гадоў і заўважыў, што ажыятаж на «Ёлачным кірмашы» бывае 24 і 28 снежня. У лідарах продажу — дрэвы вышынёй да метра, на другім месцы — да двух. Сам жа інжынер штогод выбірае для сябе лясную прыгажуню вышынёй да 2,5 метра, як калісьці рабілі яго бацькі.

Сям’я Храпун выбірае лясную прыгажуню

Дарэчы, нацешыўшыся штучнымі дрэўцамі, з кожным годам усё больш аддаюць перавагу класіцы і іншыя пастаўчане, актыўна набываючы жывыя. А іх на гандлёвай пляцоўцы столькі, што ажно разбягаюцца вочы! Тут і ёлачкі, і сосны рознай вышыні, а таксама ялінкі ў кадках. Навінка сезона — сасновая ікебана на драўлянай падстаўцы. У адрозненне ад самой сасны яна вельмі пышная, каштуе 25 рублёў. Сёлета ўпершыню ў лясгасе выкарыстоўваецца і ўпакоўка: за дадатковую плату з дапамогай спецыяльнай устаноўкі вашу пакупку абгорнуць у сетку зялёнага колеру, каб яе зручней было транспартаваць.

Пакуль Аляксей Буцько знаёміць мяне з асартыментам, з’яўляюцца першыя пакупнікі. Святлана і Віктар Храпуны разам з дзеткамі Уладзіславам і Юліяй прыехалі выбіраць ёлку. Галоўнае патрабаванне: каб была прыгожая і бухматая.

— Як правіла, выбіраем да двух метраў вышынёй, — расказвалі. — Пах хвоі до­рыць адчуванне свята, стварае выдатны настрой. А сёлета з-за пандэміі каранавіруса гэтага вельмі не хапае. Звычайна дрэўца стаіць у нас да 7 студзеня.

Як высветлілася, «прыгожую і бухматую» жадаюць набыць усе. Толькі ў кожнага сваё ўяўленне пра эталон. Напрыклад, для Вацлава Шубелькі гэта амаль чатырохметровы волат. «Выбраў найпрыгажэйшую!» — упэўнены мужчына. Сімвал Новага года набыў для ўнукаў. Разам з ­бацькамі яны жывуць у прыватным сектары і ўстановяць дрэва ў двары.

Аляксандр Нагібовіч прыехаў у лясгас разам з дачушкай Алінай.

— Ставім ёлку альбо сасну толькі з лесу, — расказваў. — Іх водар напаўняе ўвесь дом свежасцю, прыносіць у яго казку. Некаторыя адмаўляюцца ад пакупкі жывых дрэўцаў, думаючы, што тым самым ратуюць ім жыццё. Гэта не так. Я сам некаторы час працаваў у лясніцтве і ведаю, што дрэвы для зімовых свят нарыхтоўваюць там, дзе праводзіцца санітарная і іншыя віды рубкі, а значыць, іх лёс ужо вызначаны.

Так выглядае ўпакаваны тавар

Пацвердзіў гэта і Аляксей Буцько. Але дадзены аргумент не датычыць невялічкіх ялінак, якія лясгас ужо другі год запар прадае ў кадках. Калі як след пра іх паклапаціцца, то вясной можна высадзіць у адкрыты грунт і ў далейшым вадзіць карагоды на вуліцы. Менавіта такое дрэўца набылі Святлана і Дзмітрый Гідровічы разам з дачушкай Юляй.

— Летась таксама бралі дрэўца ў кадцы, — дзялілася Святлана. — Потым «прызямлілі» яго на прысядзібным участку мамы, якая жыве ў вёсцы. Плануем высадзіць і гэта. Падабаецца, што з такой ёлачкі не сыплюцца іголкі.

За дрэўцам у кадцы патрэбны догляд. Таму ўсім, хто яго набывае, даюць інструкцыю.

А вось сям’я Пабядзінскіх прыехала на «Ёлачны базар», каб прыгледзець сасну. Марына, Валодзя і іх дачка Насця сцвярджаюць, што ў іх кватэры сухое паветра, таму замест ёлачкі, якая ў такіх умовах хутка асыплецца, даўно аддаюць перавагу сасне. Гавораць, заўсёды стаіць да 14 сту­дзеня. Патрэбнае дрэва знайшлі хутка і перадалі леснікам падзяку «за прыгажосць».

Многія пакупнікі на лясгасаўскім кірмашы — заўсёдныя кліенты і ўжо веда­юць, чаго жадаюць. А вось Андрэй і Насця Новы год разам сустракаюць упершыню. Дрэва для гэтай падзеі выбіралі, праходжваючыся паміж радамі. Упадабалі невялікую ёлачку. Пры разліку цікавіліся, у якую ёмістасць яе лепш устанавіць, у пясок альбо ваду, а таксама дзе паблізу набыць цацкі для аздаблення.

Усяго ў нядзелю на «Ёлачным кірмашы» на тэрыторыі лясгаса рэалізавана 103 навагоднія дрэўцы. Пераважная большасць — 64 — ёлкі вышынёй да двух метраў. 27-мі пакупнікам прыглянуліся дрэўцы да метра, 8-мі — да чатырох і 4-м — да трох метраў. Таксама сваіх уладальнікаў знайшлі 2 сасновыя ікебаны, 6 ялінак у кадках і 2 сасны.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Одни наводят красоту, другие — уничтожают. Неужели не жалко?
Лисички в ноябре? Легко! Станислав Сороко принес домой грибную добычу
У поставчанина Мечислава Казаровца на подоконнике растет и плодоносит лимон



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.