Особенная забота. Первые подарки получили участники акции «Наши дети» из г. Поставы

Важное Общество

Зрабілі мары рэальнасцю

Новы год і Каляды — святы сямейныя. Большасць з нас адзначае іх у коле самых блізкіх людзей, радуючыся магчымасці проста пабыць разам. Сумеснае ўпрыгожванне ёлкі, абмен падарункамі, душэўныя гутаркі за сталом ствараюць асаблівую атмасферу, за якую мы і любім гэтыя святы.

На жаль, ёсць тыя, для каго ўсе вышэйпералічаныя традыцыі з’яўляюцца недасяжнай марай. Гаворка ідзе пра дзяцей, якіх нядбайныя бацькі пазбавілі сапраўднага, шчаслівага, дзяцінства. Аднак менавіта яны больш за іншых вераць у калядныя цуды, у чалавечую дабрыню.

І нездарма. Штогод арганізатары і ўдзельнікі дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ажыццяўляюць мары дзясяткаў тысяч дзяцей па ўсёй краіне. Ва ўсіх рэгіёнах праходзяць мерапрыемствы, падчас якіх дзеці-сіроты, а таксама з апякунскіх і прыёмных сем’яў атрымліваюць падарункі, а разам з імі — і святочны настрой.

Мерапрыемствы ў рамках гэтай акцыі ладзяцца і на Пастаўшчыне. Рэалізуюцца і іншыя дабрачынныя ініцыятывы, скіраваныя на аказанне дапамогі не толькі дзецям, але і інвалідам, пажылым людзям. За снежань актывістамі грамадскіх арганізацый была сабрана вялікая колькасць разнастайных падарункаў, якія заставалася толькі ўручыць па назначэнні.

Станіслаў Чымбург уручае падарункі выхаванцам прытулку

Гэта было зроблена 23 снежня. Раздаваць падарункі адправіліся намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Нагановіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава і другі сакратар райкама БРСМ Вольга Мяшко.

Першым прыпынкам стаў Сацыяльна-педагагічны цэнтр раёна. Каля ўстановы гасцей сустракалі яе дырэктар Наталля Селіванава і ўсе 7 непаўналетніх, якія часова пражываюць у прытулку. Іх узрост розны — ад 3 да 15 гадоў. Розныя і жаданні — іх хлопчыкі і дзяўчынкі агучылі ў пісьмах Дзеду Марозу. Аднак усіх іх аб’ядноўвае вялікае жаданне атрымаць у пераднавагодняй мітусні максімум станоўчых эмоцый.

Падарыць іх, як аказалася, не так і складана. Дзеці шчыра радаваліся падарункам, якія заказвалі ў пісьмах: цацкам, касметыцы, адзенню і абутку, салодкім пачастункам…

Шмат прэзентаў у той дзень прывезлі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Іх наведвальнікі і пастаяльцы сустракалі гасцей у арыгінальна ўпрыгожаных памяшканнях, дзе да свят прыбраны навагоднія ёлкі, зроблены фотазоны, устаноўлены розныя творчыя дэкарацыі. У такой абстаноўцы перадача падарункаў выглядала асабліва кранальна.

Канцавым прыпынкам дабрачыннага «турнэ» стаў дзіцячы дом сямейнага тыпу ў мікрараёне 6 гарадка. Сёння там пражывае 7 дзяцей. Ім госці перадалі саладосці, фрукты, школьныя прылады і інш.

— Я дзякую ўсім кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў Пастаўшчыны, індывідуальным прадпрымальнікам, нераўнадушным гараджанам, якія далучыліся да дабрачынных акцый і падарылі дзецям магчымасць у поўнай меры адчуць святочны настрой, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Сёлета ў раёне была ўпершыню праведзена акцыя «Ёлка жаданняў», па традыцыі ладзіліся і «Цуды на Раство». У выніку дарослыя ажыццявілі мары дзясяткаў дзяцей, якім такія неабходныя падтрымка, увага, душэўнае цяпло. Важкай у гэтай дабрачыннай справе была дапамога раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, райкама БРСМ. Гэта дадае сіл і ўпэўненасці ў тым, што, аб’яднаўшыся, у наступным годзе атрымаецца зрабіць нашмат больш добрых спраў.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
В отделении дневного пребывания для инвалидов ТЦСОН создают новогодние сувениры
Трудолюбие нам передалось от дедов-прадедов. Семья Татьяны и Леонида Дунцов
И почта, и мини-маркет работают в обновленном помещении отделения почтовой связи в Воропаево



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.