От 4 до 75 лет. Такой возраст участников художественной самодеятельности Юньковского СДК

Культура

Амаль усіх іх я ўбачыла падчас святкавання 80-годдзя з дня ўтварэння Юнькаўскага сельскага Савета, якое ладзілася ў Доме культуры сёлетняй восенню. Прыемна ўразіла вялікая колькасць сама­дзейных артыстаў, разнастайнасць канцэртнай праграмы. Найперш хачу сказаць пра жаночы народны клуб «Юнчанка». Усе яго ўдзельніцы — а іх зараз 15 — пенсіянеркі. Найстарэйшай 75 гадоў.

— Аднак паважаны ўзрост — не перашкода для творчасці, — адзначыла дырэктар СДК Алена Зубко. — У ліку самых актыўных Ірына Васкрасенская, Галіна Гродзь, Галіна Якубовіч, Таццяна Кустра, Наталля Абрамовіч, Зінаіда Азаронак і іншыя. У рэпертуары «Юнчанкі» — народныя песні, і яны кранаюць сэрцы гледачоў. Да нядаўняга часу калектывам кіравала Вольга Нікалаева, зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Акампануюць спявачкам Карына Волкава і Аксана Нікалаева. Калектыў дружны, зладжаны, творчы.

Са сцэнкай, як прадавалі мужа на кірмашы, выступаюць удзельніцы «Юнчанкі». У ролі мужа — «пазычаны» артыст з Гуты

Шмат яркіх уражанняў дораць гледачам дарослыя і дзіцячыя калектывы: вакальныя «Венера» і «Вясёлыя ноткі», харэаграфічны «Незабудкі», тэатральны «Васілёк». Самыя юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці — чатырохгадовая Сабіна Зубко і сямігадовая Ева Собаль. Маленькія салісткі выклікаюць у гледачоў асаблівае замілаванне. Сярод дарослых удзельнікаў мастацкай самадзейнасці высокім выканальніцкім майстэрствам валодае Наталля Гутар. Перадаўся талент спявачкі і яе дачцэ Каці, якая вучыцца ў школе і з задавальненнем выступае на сцэне.

Наталля Гутар — цудоўная вакалістка

Дзякуючы творчай працы дырэктара Дома культуры Алены Зубко і рэжысёра Валерыя Жук’яна, іх уменню заўважыць у людзях здольнасці і талент, прыцягнуць да актыўнага ўдзелу ў рэпетыцыях і канцэртах, юнькаўскія самадзейныя артысты паспяхова выступаюць не толькі ў сваім аграгарадку, але і на розных раённых святах.

Самая юная спявачка Сабіна Зубко

У пачатку бягучага года СДК узнагароджаны дыпломам Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Такая адзнака, безумоўна, заахвочвае да далейшага пашырэння і ўдасканалення творчай дзейнасці. Нягледзячы на складаную эпідэмічную абстаноўку, ва ўстанове культуры актыўна рыхтуюцца да калядных і навагодніх свят. Для дзяцей пройдуць ранішнікі, для дарослых — шоу-праграма «Старыя фільмы пра галоўнае» і дыскатэка. А як не ўзгадаць, што і казачныя прадстаўленні ў сядзібе Дзеда Бая на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» таксама дэманструе юнькаўскі фальклорны калектыў «Вячоркі»?

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Детская школа искусств им. А.Ромера отметила 40-летний юбилей
Народный ансамбль «Маладзіца» стал лауреатом I степени международного феситваля-конкурса
Дед Бай приглашает на новогодние и рождественские праздники



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.