Подразделения по гражданству и миграции отмечают 100-летний юбилей со дня образования

Важное Общество

Уважлівыя да кожнай літары

Калі вы думаеце, што пашпарт і ўсмешка — рэчы несумяшчальныя, то памыляецеся. Рэкамендацыя не ўсміхацца распаўсюджваецца толькі на тых, хто фатаграфуецца на галоўны дакумент. А вось работнікі «пашпартнага стала», як па-даўнейшаму называюць аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі АУС райвыканкама, наадварот, сустракаюць ёй кожнага наведвальніка ўстановы.

Сёння ў нешматлікага калектыву аддзялення дакладна будзе 100 прычын для ўсмешкі — менавіта столькі гадоў спаўняецца з дня ўтварэння падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі.

— На Пастаўшчыне наша структурная адзінка распачала сваю дзейнасць у 1939 годзе, калі Заходняя Беларусія ўвайшла ў склад СССР, — паглыбляецца ў гісторыю начальнік АГіМ Павел Шылей. — Работа падраздзялення перапынялася толькі аднойчы — падчас Вялікай Айчыннай вайны — і была адноўлена пасля вызвалення райцэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944-га. Што да назвы і месцазнаходжання падраздзялення, то яны мяняліся не аднойчы. Сучасную прапіску — па вуліцы Ленінскай, 104 — аддзяленне атрымала ў 1994 годзе. Дзелім адно памяшканне са службай ДАІ і інспекцыяй па справах непаўналетніх.

Работнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі АУС райвыканкама Наталля Звяруга, Вячаслаў Власаў, Наталля Бароўка з начальнікам Паўлам Шылеем

За векавы «працоўны стаж» задачы падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі амаль не змяніліся. Хоць чаго толькі не было: і неаднаразовае змяненне формы і зместу галоўнага дакумента, і масавая пашпартызацыя пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, і пераход на лічбавыя тэхналогіі.

Сёння асноўныя задачы аддзялення — кантроль за знаходжаннем на тэрыторыі раёна замежных грама­дзян і асоб без грамадзянства; афармленне, выдача і прыём дакументаў на афармленне пашпартоў беларусам; інспектаванне правільнасці ўнясення дзяржслужбамі звестак у рэгістр насельніц­тва і выкананне адміністрацыйных працэдур. За першы напрамак адказваюць атэставаныя супрацоўнікі — начальнік АГіМ Павел Шылей і інспектар па грамадзянстве і міграцыі Наталля Звяруга, за другі — пашпартыст Наталля Бароўка. Трэці — зона адказнасці вядучага спецыяліста па рэгістры насельніцтва Вячаслава Власава. Усяго ж «пашпартысты» курыруюць каля 20 напрамкаў. Каб выкон­ваць сваю работу якасна, ім неабходна валодаць вялікай колькасцю нарматыўных дакументаў, быць уважлівымі, бо нават адна няправільная лічба альбо літара ў дакуменце — істотная памылка. Часта даводзіцца кансультаваць людзей па пытаннях выдачы віз, пасведчання на права жыхарства, афармлення запрашэнняў, атрымання беларускага грамадзянства і іншых.

— Ідзём у нагу з тэхнічным прагрэсам: практычна ўсе ўлікі, якія ажыццяўляе аддзяленне, вядуцца ў электронным выглядзе, — расказвалі юбіляры. — Па жаданні грамадзяне могуць аплочваць дзяржпошліну праз АРІП ці з дапамогай QR-кода, скарыстацца паслугай «SMS-інфармаванне», каб даведацца пра гатоўнасць дакументаў. Інфармацыйныя тэхналогіі спрашчаюць работу нам, робяць зручнымі пляцяжы для людзей.

Уласных ветэранаў у АГіМ няма — усе яны адносяцца да аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, бо неслі службу ў розных падраздзяленнях. Але работнікі аддзялення ўсё роўна лічаць сваімі тых, хто выйшаў з яго на пенсію, і шлюць віншаванні Уладзіміру Вальмусу, Францу Дунцу, Казіміру Кішко, Івану Дзюшко, Ларысе Васільевай, Раісе Седуновай, Яніне Карышавай, Андрэю Дунцу, Марыі Дысе, Ірыне Варанцовай, Уладзіміру Козелу і Жанне Мядзведзевай.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Поставчанин Борис Дмитриевич Семашко выпустил автобиографическую книгу «Жизнь вопреки»
В «Ветразе» открылась выставка работ поставского фотографа Риты Шилей «Особенные, как все»
На центральной площади в Поставах установили главную новогоднюю ёлку (видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.