Раскрывае свой талент
Гераіня гэтага артыкула — васьмігадовая Марыя Кімбар з Варапаева. І дзяўчынку, і яе бацькоў ведаю даўно. А вось тое, што яна таленавітая, я адкрыла для сябе нядаўна, калі завітала да іх.
У зале на шырокай палічцы ўбачыла цэлую выставу пластылінавых фігурак. Вельмі ўразіла іх рэалістычнасць і мініяцюрнасць, і мне захацелася распытаць пра захапленне ў самой Машы.
— Калі мама купіла мне пластылін, вельмі захацелася паспрабаваць штосьці зляпіць. І як толькі я ўзяла кавалачак у рукі — адразу нарадзіліся ідэі, — расказвала дзяўчынка.
Свой першы выраб Маша зляпіла, калі ёй было ўсяго 5 гадоў. З таго часу з пластылінам не расстаецца. З задавальненнем садзіцца за свой любімы занятак і прыйшоўшы са школы. Гэта прыносіць ёй радасць. А яшчэ, па словах дзяўчынкі, яна за лепкай адпачывае. Для работы Маша выбірае мяккі, эластычны пластылін, які можна лёгка змешваць для атрымання неабходных адценняў. А найбольш хадавыя колеры ў яе — карычневы і белы.
Чаго толькі няма ў Марыінай калекцыі! Тут героі мультфільмаў ды казак, музычныя інструменты, тэхніка, агародніна, садавіна… А самая дарагая для дзяўчынкі кампазіцыя — «Любімая сям’я», у якой не засталіся ўбаку нават хатнія гадаванцы…
Свае пластылінавыя вырабы Маша дорыць у якасці сувеніраў родным і знаёмым без шкадавання, бо іх колькасць пастаянна павялічваецца. А напярэдадні навагодніх свят падарунак на памяць — бычка (сімвал надыходзячага года) — атрымала і я. У Дзядулі Мароза на Новы год дзяўчынка папрасіла палімерную гліну. Спадзяюся, жаданне здзейсніцца і ўжо на зімовых канікулах яе калекцыя папоўніцца новымі героямі.
Святлана Шафаровіч
Фота Надзеі Кімбар
Читайте также:
В «Ветразе» открылась выставка работ поставского фотографа Риты Шилей «Особенные, как все»
В отделении дневного пребывания для инвалидов ТЦСОН создают новогодние сувениры
В поставском Доме ремесел «Стары млын» начали работать две выставки