Поставский ТЦСОН получил 8 тыс. евро на помощь бывшим узникам фашистских концлагерей

Общество

8 тысяч еўра – на дапамогу вязням

Яшчэ ў 2018 годзе Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўдзельнічаў у конкурсе сацыяльных праектаў, арганізаваным Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» і нямецкім фондам «Памяць, адказнасць і будучыня». Праект пастаўчан, накіраваны на дапамогу былым вязням фашысцкіх канцлагераў, прызнаны адным з пераможцаў.

На яго рэалізацыю з дабрачыннага фонду выдаткаваны 8 тысяч еўра. Найперш яны будуць зрасходаваны на набыццё тэхнічных сродкаў рэабілітацыі вязням фашызму і ахвярам нацызму, якія пражываюць на тэрыторыі Пастаўскага раёна, на аказанне ім іншай дапамогі.

Праект стартуе 1 студзеня і працягнецца 18 месяцаў. Кіраваць ім будзе супрацоўніца ТЦСАН Ганна Хромчанка. Увасобіць ініцыятывы ў жыццё ёй дапамогуць валанцёры, у тым ліку і раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Важна, што вопыт такой работы ў пастаўчан ужо ёсць: аналагічны праект быў рэалізаваны тэрытарыяльным цэнтрам у 2016—2017 гадах.

— Наша галоўная мэта — палепшыць якасць жыцця вязняў, ахвяр нацызму, а па магчымасці — і людзей, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года, — расказвала Ганна Аляксандраўна. — Мэтавая аўдыторыя даволі вялікая — толькі вязняў на тэрыторыі раёна пражывае 63 чалавекі. З імі сацслужба працуе на працягу ўсяго года, аднак не заўсёды наша дапамога такая маштабная, як хацелася б. Дзякуючы гранту, яна можа быць больш важкай. На жаль, з-за неспрыяльнай эпідабстаноўкі давялося скарэкціраваць планы: адмяніць сустрэчы, чаяванні, культурныя мерапрыемствы. У выніку ўсе пытанні будзем вырашаць па тэлефоне, а ўпор зробім на адрасную дапамогу.

Першы этап рэалізацыі праекта, па сутнасці, ужо распачаўся. Работнікі сацыяльнай службы абзвоньваюць і распытваюць вязняў, у чым тыя маюць патрэбу.

— Як і меркавалася, у асноўным ім неабходныя хадункі, каляскі, антыпролежневыя матрасы і іншыя рэчы, — адзначыла Ганна Хромчанка. — Некаторым вельмі дарэчы прадуктовыя наборы ці санітарная ўборка — такую дапамогу мы таксама можам аказаць. Іншая справа, што вязні — людзі ранімыя, чуллівыя, іх лёгка давесці да слёз і цяжка вывесці на шчырую размову. Аднак мы не страчваем аптымізму і настройваемся на доўгую плённую работу з гэтай катэгорыяй грамадзян. Мы адкрыты для супрацоўніцтва і будзем удзячныя за любую інфармацыю. Калі вашы блізкія з’яўляюцца вязнямі, пацярпелымі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пражываюць на тэрыторыі раёна, раскажыце пра ўмовы іх жыцця, патрэбы. Для гэтага тэлефануйце па нумарах: 2-06-40, 2-06-50.

Іна Сняжкова



Читайте также:
Игорю Прокоповичу — 60. Большое интервью с юбиляром
В Поставах появился фоторобот для принятия заявлений на изготовление паспортов нового образца
Скоро, скоро Новый год… В Поставах началась подготовка к самому долгожданному празднику



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.