«Работа здесь непростая, но интересная». Юрисконсульт УП «ЖКХ» Кристина Шилина

Общество

Знайшла сябе ў прававой рабоце

Стаж юрысконсульта ў Крысціны Шылінай невялікі — усяго 2 гады. Але за гэты час яна паспела зарэкамендаваць сябе выдатным спецыялістам не толькі ў пастаўскім УП ЖКГ, дзе працуе, але і сярод калег-юрыстаў з прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі іншых раёнаў Віцебшчыны.

На работу ў «Камунальнік» Крысціна прыйшла ў 2010 го­дзе, маючы за плячыма Полацкі каледж ВДУ імя П. М. Машэрава, які закончыла па спецыяльнасці «Сакратар-рэферэнт і архіварыус». Спачатку 5 гадоў была аператарам ЭВМ, затым 3 — сакратаром прыёмнай кіраўніка. Адначасова з гэтым атрымлівала вышэйшую адукацыю на юрыдычным факультэце Белдзярж­універсітэта.

— Пасля заканчэння каледжа ў мяне з’явілася шмат вольнага часу, было жаданне вучыцца далей. І я вырашыла пайсці на юрфак, бо веданне прававых асноў неабходна заўсёды, на любой рабоце, — расказвала дзяўчына. — На завочнае аддзяленне ўніверсітэта паступала ажно тройчы. У першы раз не трапіла на бюджэт з-за таго, што не мела работы, а ісці на платнае я не хацела і ў выніку забрала дакументы. На другі год работа была, але я працавала не па юрыдычнай спецыяльнасці, таму зноў прапанавалі платнае навучанне. На трэці раз ужо сама прыняла рашэнне паступіць на платнае. Адвучылася 6 гадоў і ў 2017-м атрымала дыплом.

У той час якраз пайшла на пенсію юрысконсульт УП ЖКГ Тамара Атрошчанка, і кіраўніцтва прадпрыемства паставіла Крысціну на яе месца. У аддзеле кадравай і прававой работы К. Шыліна займаецца дзяржаўным жыллёвым фондам: заключае і скасоўвае з насельніцтвам дагаворы найму жылля, працуе з запазычанасцю па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, высяляе даўжнікоў, якія доўгі час не плацяць за іх, дае заяўнікам растлумачэнні па пытаннях жыллёвага заканадаўства. Акрамя таго, з’яўляецца спецыялістам па арганізацыі закупак работ, тавараў, паслуг за бюджэтныя грошы і сродкі арганізацыі. Вядзе архіў, у выпадку неабходнасці замяшчае сакратара і вядучага юрысконсульта — бярэ на сябе дагаворную работу і работу са зваротамі грамадзян, пытанні гаспадарчай і адміністрацыйнай дзейнасці.

Спраў шмат, прызнаецца дзяўчына. Нярэдка даводзіцца заседжвацца ў кабінеце да позняга вечара, асабліва ў канцы месяца і калі пачынаецца ацяпляльны перыяд. Тым не менш пра тое, што стала юрыстам, ні кроплі не шкадуе. Кажа, што, калі б была магчымасць вярнуцца на 10 гадоў назад, усё роўна паступіла б на юрыдычны.

Сваім настаўнікам у прафесіі Крысціна называе старэйшага калегу — вядучага юрысконсульта Дзмітрыя Рысева. Ён дапамагаў падчас вучобы: выконваць кантрольныя работы, рыхтавацца да экзаменаў. Падказваў, накіроўваў, і калі пачала працаваць па новай для сябе спецыяльнасці. Сёння яны ўжо раяцца адно з адным па розных пытаннях, могуць нават паспрачацца па іх.

— Выраз «Два юрысты — тры меркаванні» якраз пра мяне і Дзмітрыя Аляксандравіча, — усміхаецца Крысціна. — Даволі часта нашы меркаванні не супадаюць, і тады кожны даказвае свой пункт погляду. Але калі хтосьці з нас памыляецца, пазней абавязкова прызнае гэта.

Як прафесіянала К. Шыліну паважаюць і юрысты з прадпрыемстваў ЖКГ суседніх раёнаў вобласці. Нярэдка яны тэлефануюць, каб пракансультавацца па нейкім пытанні, бо большасць новаўвядзенняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы на Віцебшчыне найперш адпрацоўваецца ў Паставах. Увогуле, па словах дзяўчыны, работа ва УП ЖКГ няпростая, але цікавая, бо непасрэдна звязана з людзьмі.

— Мне падабаецца дапама­гаць людзям, — гаворыць юрыс­консульт. — На жаль, прававая культура ў нашым грамадстве не вельмі высокая. Як і веданне законаў насельніцтвам. Нарматыўныя прававыя акты складаныя, напісаны сухой юрыдычнай мовай, якую неспецыялісту не так проста зразумець. Таму стараюся даходліва растлумачыць усё чалавеку, які да мяне звярнуўся. І радуюся, калі ён застаецца задаволены адказам.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Работники ОДПИ Поставского ТЦСОН учат людей с инвалидностью жить творчески и самостоятельно
Татьяна и Виктор Чернявские уже 23 года борются со страшным диагнозом старшего сына Виталия
В зоне обслуживания страхового агента Елены Киёнок проживают 1142 человека



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.