Работники ОДПИ Поставского ТЦСОН учат людей с инвалидностью жить творчески и самостоятельно

Общество

Прыгатаваць ежу, схадзіць у магазін па пакупкі, пакласці грошы на тэлефон, напісаць паведамленне ў Viber… Для большасці з нас гэтыя дзеянні настолькі простыя, што мы не задумваемся над іх выкананнем. Аднак для людзей з абмежаванымі псіхічнымі і фізічнымі магчымасцямі ўсё вышэйпералічанае — складаная навука, спасцігнуць якую яны могуць толькі пры чыёйсьці дапамозе.

Навучыць такіх людзей самастойна сябе абслугоўваць — адна з галоўных задач, якую ставяць перад сабой работнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН. Якім чынам яна вырашаецца? На гэта і іншыя пытанні карэспандэнту «ПК» адказала загадчыца аддзялення Вольга Гінько.

— Вольга Алегаўна, як змянілася работа аддзялення з пачаткам пандэміі?

— Мы ўвесь год адпрацавалі ў звыклым рэжыме. Колькасць наведвальнікаў не зменшылася. У аддзяленне пастаянна прыхо­дзяць 40 маладых інвалідаў, 16 дзяцей з прыёмных сем’яў, 21 інвалід пажылога ўзросту. Для кожнага распрацавана індывідуальная праграма рэабілітацыі.

Арганізавана праца 16 гурткоў, 5 клубаў па інтарэсах. На жаль, з-за неспрыяльнай эпідабстаноўкі сёлета мы цалкам адмовіліся ад вандровак, якіх у папярэднія гады было так шмат. Яны ўсіх зараджалі станоўчымі эмоцыямі. У планах на 2020-ы была двухдзённая паездка ў Брэсцкую крэпасць, але пакуль яна адкладзена на нявызначаны тэрмін.

— Што новага ў рабоце з’явілася за апошні час?

— Мы сталі накіроўваць сваіх наведвальнікаў на рэабілітацыю ў Віцебскі дом-інтэрнат для састарэ­лых і інвалідаў. Такая магчымасць даецца тым, хто мае парушэнні апорна-рухальнага апарату і інваліднасць па зроку. Рэабілітацыя бясплатная і доўжыцца месяц. За гэты час лю­дзі з абмежаванымі магчымасцямі наведва­юць разнастайныя гурткі і заняткі, ез­дзяць на экскурсіі. Кожны, хто прахо­дзіў такую рэабілітацыю, застаўся вельмі задаволены: гэта і змена абстаноўкі, і новыя сябры, і новыя эмоцыі. Яны важныя і для здаровага чалавека, а для хворага — тым больш.


У Пастаўскім раёне пражываюць 1 736 інвалідаў.
Першую групу інваліднасці маюць 340 чалавек, другую – 826, трэцюю – 570.


Таксама аддзяленне пачало аказваць паслугі асістэнта. Яна заключаецца ў тым, каб аказаць дапамогу адзінокім і адзінокапражываючым інвалідам І і ІІ груп з разумовымі парушэннямі. Наш работнік можа бясплатна дапамагчы справіцца з бытавымі справамі, пасадзейні­чаць у вырашэнні  разнастайных пытанняў. Выязныя гурткі, «Гасцініца выхаднога дня», рэлаксацыя — усё гэта таксама можна аднесці да новых форм работы.

— Работа з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі патрабуе неабмежаванай колькасці сіл і цярпення. Раскажыце пра калектыў, з якім працуеце.

—Ён невялікі — 8 чалавек. Галоўнае, што кожны з нас хварэе за падапечных усёй душой. Яны ў сваю чаргу такія шчырыя адносіны адчуваюць вельмі тонка.

У аддзяленні наведвальнікі даўно жывуць адной дружнай сям’ёй. Прычым сяброўскія адносіны працягваюцца і за сценамі ўстановы. Усе навучаныя карыстацца тэлефонам, маюць старонкі ў сацсетках. Калі нехта хварэе, адпраўляюць адно аднаму паштоўкі, паведамленні. Гэта сяброўства ўжо на ўсё жыццё.

— Ці шмат ахвотных дапамагчы людзям з інваліднасцю?

— Нямала. У аддзялення ёсць пастаянныя спонсары, якія асабліва важкую падтрымку аказваюць якраз напярэдадні Дня інвалідаў і Новага года. Таму мы можам парадаваць падапечных падарункамі да свят. Прычым бывае, што гэта не толькі рэчы ці прадуктовыя наборы, але і, напрыклад, дровы. У кожнага свае патрэбы, і мы іх заўжды ўлічваем.

— Што вам як кіраўніку дапамагае развівацца ў прафесійным плане?

— Многае значаць цеснае супрацоўніцтва з калегамі з аналагічных аддзяленняў, семінары, выязныя заняткі, якія перыядычна наведваю. Важная і падтрымка кіраўніцтва, якое ідзе насустрач, вітае ініцыятывы. Дзякуючы гэтаму, ёсць упэўненасць у тым, што шматлікія задумы абавязкова будуць увасоблены ў жыццё.

Іна Сняжкова



Читайте также:
Дорожные рабочие завершают работу по благоустройству территории возле новостроек 6-го городка
Выгодный тариф. Как перейти на электроотопление?
Татьяна и Виктор Чернявские уже 23 года борются со страшным диагнозом старшего сына Виталия



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.