Да аднаго з самых любімых свят усіх дзяцей і дарослых застаецца менш за месяц. Як рыхтуюцца да яго Паставы, высвятляла карэспандэнт «ПК».
Нягледзячы на разгар эпідэміі каранавіруса, у паветры разам з пахам мандарынаў усё настойлівей адчуваюцца радасныя ноткі. У прыватных і дзяржаўных магазінах, на рынках з’яўляецца навагодні асартымент, а вуліцы і фасады будынкаў аздабляюцца яркай ілюмінацыяй.
Ужо ў першай гандлёвай краме — «2,99» па вуліцы Зялёнай, куды завітала, — адразу кінуліся ў вочы наборы рознакаляровых ёлачных шароў. Яны займаюць значную частку прылаўка. Побач размясціліся святочныя наклейкі на вокны, вярхушкі для лясных прыгажунь, гірлянды.
— Навагоднім асартыментам мы гандлюем ужо паўтара месяца, — расказвае прадавец Валянціна Адамовіч. — Амаль адразу зрабілі акцыю — зменшылі цану на шары на 50 працэнтаў. Іх вельмі добра купляюць школы, бяруць і жыхары мікрараёна. На днях будзе чарговы прывоз тавару, і колькасць навагодніх упрыгажэнняў павялічыцца. Збіраемся таксама ўпрыгожыць магазін як унутры, так і звонку, каб стварыць людзям святочны настрой.
Пра тое, што Новы год не за гарамі, сведчыць і магазін «Хозяин» па вуліцы 17 Верасня. Тут сапраўднае царства штучных ёлак. Белыя, зялёныя, рознага віду і вышыні па цане ад 50 да 330 рублёў. У продажы маюцца і ёлачныя вярхушкі, гірлянды, мішура, а таксама навагодні дэкор у выглядзе тых жа ёлак і Дзедаў Марозаў.
— У нас сезонны магазін. Прадаём пераважна насенне, грунт, расаду. І калі заканчваецца попыт на іх, радуем людзей ёлкамі. Дрэўцы выставілі ў канцы лістапада, і пастаўчане пачалі пакрыху купляць, — паведаміла работнік прылаўка Анастасія Бакуновіч.
З’явіліся навагоднія тавары і на рынку «Гарызонт», у магазіне «Культтавары». Яго прадаўцы, як і ўнівермага «Амега», іншых крам, ужо часткова ўпрыгожылі свае гандлёвыя залы.
У канцы мінулага тыдня работнікі ўчастка электрагаспадаркі УП ЖКГ пачалі манціраваць у горадзе святочную ілюмінацыю: развешваць і падключаць звычайныя і святлодыёдныя гірлянды. Таксама камунальнікі выбралі самую вялікую і прыгожую елку, якую 15 снежня ўстановяць на галоўнай плошчы райцэнтра. Як і ў мінулыя гады, сярод арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў горада і яго жыхароў будзе праведзены конкурс на найлепшае навагодняе афармленне будынкаў. Пераможцаў чакаюць падарункі.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также:
Объявлен смотр-конкурс по подготовке г.Поставы к новогодним праздникам
Игорю Прокоповичу — 60. Большое интервью с юбиляром
В Поставах появился фоторобот для принятия заявлений на изготовление паспортов нового образца