Спешите делать добро! Акция «Наши дети» в СШ № 3 г.Поставы

Образование

Гэты пасыл стаў асноўным на ўрачыстай лінейцы, якая адбылася 22 снежня ў СШ №3. На мерапрыемстве былі падведзены вынікі чатырох ініцыятыў, якія правялі ў школе ў рамках акцыі «Нашы дзеці». А ўсяго на працягу месяца — з 10 снежня па 10 студзеня — іх тут запланавана 18.

Фае другога паверха навучальнай установы — суцэльная святочная экспазіцыя: з аднаго боку размясціліся казачнай прыгажосці вырабы, зробленыя для культурна-экалагічнай акцыі-выставы «Зберажом зялёную яліну», насупраць — ёлка з папяровымі ўпрыгажэннямі, на якіх занатаваны самыя добрыя словы ў свеце. Побач з ёй — стол з падарункамі для пераможцаў конкурсаў, які і сам нагадвае твор мастацтва, бо на ім узвышаецца незлічоная колькасць падарункаў для дзятвы. Ну а паміж усёй гэтай прыгажосцю роўнымі радамі выстраіліся школьнікі, гаспадары і госці трэцяй гарадской школы.

Ксенія Зуева дорыць уласны выраб начальніку АУС райвыканкама Аляксандру Рыбакову

— Мэта акцыі «Нашы дзеці» — падарыць усім святочны настрой і веру ў цуд, зрабіць Каляды і Новы год для кожнага незабыўнымі, — даводзіла вядучая мерапрыемства намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 Таццяна Крук. — Кульмінацыяй акцыі стануць ранішнікі для дзяцей у вобласці і рэспубліцы з удзелам прадстаўнікоў улады краіны. Сёлета карагодзіць у Палацы Рэспублікі будзе наша шасцікласніца Даша Папова, якая ўжо не першы год плённа займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах «Саламяныя фантазіі». На абласным дабрачынным свяце пабываюць Каця Таяновіч, Віка Чапскас, Надзя Рутко, Антон Шапель, Іра Гаўрыловіч і Сяргей Апсіт. Ну а пакуль узнагародзім пераможцаў нашых конкурсаў.

Абсалютным пераможцам чэленджа «Спяшайцеся рабіць дабро!» стала Ліза Мамаева, якая ва ўсёй школе набрала максімальную колькасць стыкераў-сэрцайкаў за свае добрыя ўчынкі. Іх на працягу месяца навучэнцам раздавалі класныя кіраўнікі, пільна сочачы, каб добрыя справы зыходзілі ад сэрца, а не былі запланаванымі. Апроч Лізы, падарункі ў гэтай намінацыі атрымалі яшчэ 9 дабрадзеяў, а таксама лідары ў сваіх класах — 22 чалавекі.

Фрагмент акцыі-выставы «Зберажом зялёную яліну»

Гран-пры па выніках акцыі-выставы «Зберажом зялёную яліну» прысуджана Ксеніі Зуевай, Дашы Харэцкай і Мікіту Лотышу, а прызавыя месцы размеркаваліся паміж пяццю школьнікамі. За цудоўныя вырабы настаўнікі дзякавалі не толькі навучэнцам, але і іх бацькам, якія дапамаглі дзецям стварыць такую неверагодную прыгажосць. І, дарэчы, не толькі ёлкі з самых розных матэрыялаў, але і цэлыя кампазіцыі на зімовую тэму. А найпрыгажэйшая ёлачка, зробленая Ксеніяй, цяпер будзе красавацца не ў школе, а ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама: дзяўчынка падарыла свой выраб начальніку ўстановы Аляксандру Рыбакову, які ў якасці госця разам са сваім калегам начальнікам штаба Андрэем Шадзько прысутнічаў на мерапрыемстве.

Фантазію і мастацкі густ дзеці і настаўнікі праявілі і пры аздабленні класаў падчас творчай акцыі «Майстэрня Дзеда Мароза». Найлепш за іншых гэта атрымалася ў 1 «А» і 5 «Б» класаў. Крыху ім саступілі навучэнцы 4 «А» і 7 «А», на трэцім месцы — 2 «Б».

Пра падарункі для школьнікаў паклапаціліся дабра­дзеі-дарослыя. Спонсарамі трох конкурсаў выступілі міліцыянеры АУС райвыканкама, ваеннаслужачыя пагранічнай заставы «Ярэва» і гаспадыня магазіна «Ладушки» Алена Шульская.

— Дзякуй за чуласць і дабрыню нашым спонсарам, — гаварыла ў заключным слове дырэктар школы Вераніка Казлоўская. — А дзецям — за зарад дабрыні і пазітыву, атмасферу чараўніцтва. Няхай на навагоднія і калядныя святы яна захопіць усіх без выключэння.

А напрыканцы ўсе разам гучна прамовілі: «Спяшайцеся рабіць дабро!»

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Трудолюбие нам передалось от дедов-прадедов. Семья Татьяны и Леонида Дунцов
И почта, и мини-маркет работают в обновленном помещении отделения почтовой связи в Воропаево
Особенная забота. Первые подарки получили участники акции «Наши дети» из г. Поставы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.