Татьяна и Виктор Чернявские уже 23 года борются со страшным диагнозом старшего сына Виталия

Общество

Не зламаў цяжар праблем

Чалавек не можа збочыць са шляху, наканаванага яму лёсам. І калі ў сям’і нараджаецца дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выстаяць перад сцяной цяжкасцей і выпрабаванняў могуць не ўсе. Пастаўчане Таццяна і Віктар Чарняўскія ўжо 23 гады смела ідуць наперад, пераадольваючы наступствы страшнага дыягназа іх старэйшага сына, Віталія.

Сустракаць Новы, 1995-ы, год Таня прыехала да сяброўкі. Падчас свята раз за разам лавіла на сабе позірк карых вачэй яе брата Віці. Агульныя тэмы, доўгія размовы і лёгкасць ва ўзаемаадносінах — першыя цаглінкі, якія маладыя людзі заклалі ў падмурак сваёй будучай сям’і. Праз два гады згулялі вяселле і пачалі будаваць сам «дом».

Калі нарадзіўся першынец, шчасцю бацькоў не было межаў. Хлопчык рос актыўным, вясёлым. Аднак праз некалькі месяцаў заўважылі, што дзіця, якое ўжо павінна ўмець самастойна пераварочвацца, гэтага не робіць. На УГД галаўнога мозга выявілі сур’ёзнае захворванне — дзіцячы цэрэбральны параліч. І пачаліся курсы рэабілітацыі двойчы на год, міжбальнічная тэрапія…

Таццяна Чарняўская з сынам Віталіем

— У той час Віталя стаў цэнтрам для нас, кропкай адліку для руху наперад. Мы імкнуліся больш працаваць, каб зарабіць на лекі або каб лішні раз завезці яго ў санаторый, — успамінала Таццяна. — Дзякуючы дапамозе родных і блізкіх нам людзей, ра­зам пераадолелі той складаны перыяд у нашым жыцці.

Зрабіўшы для Віталіка ўсё магчымае, Чарняўскія задумаліся пра другое дзіця. Калі нарадзіўся Валодзя, старэйшаму ўжо споўнілася 18. Зразумела, са з’яўленнем малога клопатаў у сям’і дадалося, але такія клопаты бацькам толькі ў радасць. Малодшы брацік для Віталіка — вельмі важныя зносіны, а для ­бацькоў — усведамленне таго, што ён не застанецца ў гэтым свеце зусім адзін. Валодзя ў сваю чаргу з маленства выхоўваецца ў атмасферы правільных адносін да брата — чалавека з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таму ведае, як дапамагчы яму, і ўжо самастойна праяўляе клопат.

Усе паездкі Чарняўскіх — сумесныя. Вельмі любяць адпачываць сям’ёй і бавіць час на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі». Але найбольш вабіць вёска Вайцяхі, дзе жыве бабуля хлопчыкаў і куды наведваюцца вельмі часта. Бацькі і дзеці ра­зам шчыруюць на агародзе або прыдамавой тэрыторыі. А як ім падабаюцца пікнікі, рыбалка на рэчцы, што працякае праз вёску!

Працоўны тыдзень сям’і праходзіць у звычайным рэжыме. Віктар кожны дзень адпраўляецца на Пастаўскі малочны завод, дзе працуе трактарыстам-машыністам. Валодзя ахвотна наведвае дзіцячы садок — там яго чакаюць сябры, цацкі і басейн. А Таццяна, настаўніца з 15-гадовым стажам, даглядае Віталіка. Каб хлопчык адаптаваўся ў грамадстве, прызвычайваўся да ўсяго новага, развіваўся, маці возіць сына на мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня інвалідаў, у аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН, дзе для такіх дзетак праходзяць заняткі па інтарэсах і заўсёды пануе цёплая, сяброўская атмасфера.

— Раней я ўсё дзяліла на чорнае і белае, не прызнавала ніякіх кампрамісаў, — гаварыла мая суразмоўца. — Цяпер зразумела: калі нельга змяніць сітуацыю, трэба мяняцца самой. Таму развіла ў сабе цярплівасць і памяркоў­насць. Самым складаным для нашай сям’і было змірыцца з думкай, што Віталік ніколі не стане абсалютна здаровым. І каб справіцца з унутранымі перажываннямі, мы з Віцем падоўгу размаўлялі. Толькі выгаварыўшыся, можна вызваліцца ад таго цяжару, які ляжыць на сэрцы.

Ведаю на ўласным вопыце: калі ў сям’і выхоўваецца дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, не варта апускаць рукі. Трэба ўвесь час быць патрабавальным і да яго, і да сябе, не даваць ні ў чым слабінку. Бо мір і лад у доме залежыць толькі ад нас саміх.

Святлана Шафаровіч
Фота з архіва сям’і Чарняўскіх



Читайте также:
Выгодный тариф. Как перейти на электроотопление?
Поставчане приняли участие в 10-м республиканском конкурсе «100 идей для Беларуси»
Работники ОДПИ Поставского ТЦСОН учат людей с инвалидностью жить творчески и самостоятельно



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.