«Трудолюбие нам передалось от дедов-прадедов». Семья Татьяны и Леонида Дунцов

Общество

Карова на падворку – прыбытак у доме

Праязджаючы летам каля Коўзанаў, не раз звяр­тала ўвагу на немалы статак вясковых кароў. Пацікавілася ў старэйшыны, якія гаспадары трымаюць гэту жывёлу на сваіх падвор’ях.

— Раней вясковая карміцелька была ў кожным двары, — з настальгіяй па мінулым гаварыла Ала Лешчык. — Цяпер тры­маць карову найперш адмаўляюцца пажылыя, якіх пакідаюць сілы, а маладыя, на жаль, не маюць ахвоты да нялёгкай сялянскай працы. Затое на падвор’ях лю­дзей сярэдняга пакалення ёсць па 3-4. Напішыце пра Дунцоў, у якіх чатыры каровы і цялушка.

Працавітасць перадалася з генамі

Бацька Таццяны родам з Чычэляў, што на Камайшчыне. Тэрміновую службу праходзіў у Іванаве. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай. Маладажоны вырашылі абжывацца ў Латвіі. У іх нара­дзіліся дзве дачкі — Таццяна і Святлана.

— Пастаянна трымалі некалькі кароў, свіней, курэй, — расказвала Таццяна. — У той час чалавека без каровы не лічылі за гаспадара. У Латвіі тады каровы былі бурыя, а бацькам хацелася пярэстай масці. Для гэтага спецыяльна ездзілі ў Беларусь. І сястра, і я мелі свае абавязкі па доглядзе жыўнасці. У бацькоўскім доме і набраліся вопыту па вядзенні гаспадаркі. Калі пачаў развальвацца Саюз, тата з мамай задумаліся пра вяртанне на радзіму. Сястра на той час была разведзеная, я — замужам, выхоўвала дачушку. Вырашылі не разлучацца і ехаць усе разам. Выбралі калгас імя Суворава. Спачатку адправіліся толькі мужчыны. Паралельна з работай у калгасе дабудоўвалі дом у Коўзанах і толькі потым забралі нас. І скаціну ўсю прывезлі. Часам жартавалі, што ў сям’і з беларусаў былі толькі тата і карова, купленая ў Беларусі.

У Коўзанах пачыналі жыць увасьмярых пад адным дахам. Затым бацькі паехалі ў Чычэлі, сястра з дзецьмі — у Дварчаны, а ў вялікім доме засталася Таццяна з дачушкай (муж к таму часу пакінуў яе і стварыў новую сям’ю). На шчасце, лёс паслаў Таццяне Леаніда. У гэтым шлюбе нарадзілася Надзейка.

— Я з Оцкавіч, — апавядаў Леанід. — У мяне былі чатыры браты і тры сястры. На жаль, траіх братоў ужо няма ў жывых. У вялікіх сем’ях не бывае беларучак. Мы паспявалі і ўрокі вывучыць, і з равеснікамі пагуляць, і бацькам шмат дапамагалі. З малых гадоў хлопцы добра ўпраўляліся з косамі, сякерамі, піламі, дзяўчаты — з граблямі, матычкамі. Працавітасць нам перадалася ад дзядоў-прадзедаў. І цяпер мае родныя шчыруюць не толькі на асноўнай рабоце, але і на сваіх падвор’ях.

Прырастала паступова

— Жыўнасцю абзаводзіліся паступова, — успамінала Таня. — Бацькі пакінулі мне цялушачку, з якой вырасла добрая карова. Затым ад яе выгадавалі яшчэ адну. Мама дала парасят, курэй.

— Я працаваў на мясцовым сырзаводзе, — працягваў расказ Леанід. — Прадукцыю вазілі па населеных пунктах не толькі нашага раёна, але і суседніх. Неяк на  Мядзельшчыне падышла жанчына і стала бедаваць, што не мае сілы даіць першацёлку, а здаваць на мясакамбінат шкадуе, бо маладая і дае шмат малака. Вярнуўся дадому, параіўся з Таняй і паехаў па тую кароўку. 12 гадоў яна ў нас была.

— А яшчэ Вярбу вельмі любілі, — дапаўняе мужа Таццяна. — Яна была высокаўдойная. Падчас апошняга ацёлу, на жаль, ні карова, ні прыплод з трох цялятак не выжылі.

Танін бацька, калі захварэў, папрасіў, каб у Коўзаны забралі яго любіміцу — Красулю. Дунцы якраз рыхтаваліся да вяселля малодшай дачкі. Прывезлі карову, а ёй не спадабалася новае месца, і яна ўцякла. Усёй раднёй шукалі.

— Добрая была карова, — гаварыла гаспадыня. — 25-27 літраў малака давала. Ад яе выгадавалі Рамашку, Марту. Статак трэба амалоджваць. А як жыць у вёсцы і не трымаць свіней, курэй?

Таццяна некаторы час працавала ў Навасёлкаўскай амбулаторыі, затым перайшла на новую рабатызаваную ферму. Чатыры гады даглядала маленькіх цялят. Але стала падводзіць здароўе, і яна вымушана была пакінуць ферму. Цяпер займаецца хатняй гаспадаркай.  І гэта нямала клопатаў. Навучылася вадзіць машыну, што значна спрашчае многія працэсы, напрыклад абеднюю дойку ў полі. Ёсць і даільны апарат, якім адначасова можна даіць дзвюх кароў.

Стараюцца самі, дапамагае ААТ

Дунцы даўно маюць уласны трактар, касілку, варушылку, грабілку, бульбакапалку. Тым не менш самай складанай доўгі час заставалася нарыхтоўка на зіму сена. Кожнай карове патрабуецца не менш за тры тоны. Да пачатку рабочага дня трэба было паспець скасіць участак, пры сонечным надвор’і на наступны дзень у абед павару­шыць. А звозіць з поля нярэдка даводзілася ноччу, разгружаць — раніцай. Асабліва складана было тады, калі Леанід працаваў вадзіцелем машыны хуткай дапамогі, на сырзаводзе. Цяпер ён — інжынер лучайскага аддзялення ААТ «Навасёлкі-Лучай». З нарыхтоўкай кармоў дапамагае мясцовая гаспадарка — выдзяляе рулоны гатовага сена. Пры аплаце робіцца скідка за здадзеных цялят. У кааператыве Дунцы сеюць збожжавыя, садзяць бульбу.

— Жыўнасць на падвор’і — гэта экалагічна чыстыя прадукты харчавання на стале, — гаварылі гаспадары. — Аднаго разу купілі мяса ў магазіне — ну, зусім не той смак, што ў вырашчанага сваімі рукамі. Малаком, тварагом, мясам, яйкамі забяспечваем і дачок, якія жывуць у Паставах і Заброддзі. Каровы прыносяць немалы прыбытак у сямейны бюджэт: у летнія месяцы — да паўтары тысячы рублёў. Цяпер некаторыя ў запуску, таму малака дзяржаве здаём менш. Грошы атрымліваем за кожную дзесяцідзёнку. Хтосьці лічыць, што яны даюцца лёгка. Няпраўда. Іх зарабіць трэба, прыкласці нямала намаганняў. Прадукцыйнасць каровы залежыць ад кармлення, правільнага догляду і даення. Самы разгар работ — перыяд з вясны да восені. Тады прыхо­дзіцца прачынацца гадзін у пяць. Ранішняя дойка, выган кароў на пашу, уборка памяшкання, паміж дойкамі — прыгатаванне абеду, работа на агародзе, ды і іншых хатніх спраў хапае. Рабочы дзень заканчваецца пад апоўнач.

У перыяд напружаных сельскагаспадарчых работ Леанід бывае дома толькі па вечарах, таму асноўны клопат па гаспадарцы на плячах Таццяны. А ўвогуле, абавязкі муж з жонкай не дзеляць: хто свабаднейшы, той і ўпраўляецца.

Па некалькі кароў у Коўзанах трымаюць нямногія. Па тры ў Мурзічаў, у Раісы і Генадзія Лапушынскіх. Магчыма, нехта і з прыезджых абзавёўся б рагулямі, але ля дамоў з добраўпарадкаванымі кватэрамі няма адпаведных гаспадарчых пабудоў для жывёлы.

Ім любыя цяжкасці па сілах

Так гавораць у Коўзанах пра Таццяну і Леаніда. Абое працавітыя, старанныя. А галоўнае — дружныя. У згодзе любая работа спорыцца і прыносіць плён. Не цураюцца сялянскай працы і дочкі: Карына, якая стала настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі, і Надзея — фельчар хуткай дапамогі. Руплівыя зяці. Дзеці жывуць асобна ад бацькоў, але часта наведваюцца, каб дапамагчы ў той ці іншай справе, разам адзна­чыць святы. Таццяна мае вялікія здольнасці да кулінарыі. У свой час выпякала смачныя і прыгожыя тарты на заказ. Зараз гэтым займаецца рэдка, але пачаставаць родных прысмакамі любіць. Сямейнаму шчасцю спрыяюць каханне, павага, добразычлівасць адно да аднаго. У атмасферы ўзаемаразумення і даверу намнога лягчэй вырашаць розныя пытанні, дабівацца пастаўленай мэты.

— Сямейныя каштоўнасці не купіш ні за якія грошы, — гаварылі Дунцы. — Многае ва ўзаемаадносінах мы перанялі ад сваіх ­бацькоў, але большасць прынцыпаў выпрацавалі самі і беражом іх як зрэнку вока. Дзверы нашага дома заўсёды адчынены для вялікай радні. Падчас сустрэч радуемся ўсяму добраму, што адбываецца ў жыцці, кожны можа падзяліцца сваімі праблемамі і пачуць падказку для іх вырашэння. Мы ўмеем не толькі дапамагаць адно аднаму ў складаныя моманты, але і быць удзячнымі за атрыманую падтрымку.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Каждый день меня ждут люди, и я спешу к ним. Почтальон и старейшина деревни Мария Ясинская
Натуральные продукты из Новоселок пользуются спросом в Лынтупах
В отделении дневного пребывания для инвалидов ТЦСОН создают новогодние сувениры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.