В поставском Доме ремесел «Стары млын» начали работать две выставки

Культура

Крыніца творчасці і талент увасаблення

22 снежня ў пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» пачалі працаваць дзве выставы работнікаў гэтай установы культуры і членаў народнага клуба «Майстры» пад назвамі «Крыніца народнай творчасці» і «Калядны цуд».

Першая выстава размясцілася ў вялікай зале «Старога млына». Тут прадстаўлены работы аднаго з самых вядомых у раёне майстроў па аплікацыі саломкай Гераімы Тананы і метадыста Дома рамёстваў па народным касцюме, вышыванні, вязанні, абрэзкавым шыцці, салома- і бісерапляценні Крысціны Брэскай. Абедзве майстрыхі, якія сёлета ўвайшлі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь як носьбіты традыцыйных тэхналогій па напрамках «Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны» і «Беларускія практыкі саломапляцення», прысутнічалі на адкрыцці і мелі магчымасць расказаць пра сябе і сваю творчасць.

Майстры Дома рамёстваў Крысціна Брэская, Галіна Калдышкіна, Гераіма Танана і Алена Крывенькая

Тэматыка карцін-пано Гераімы Тананы — народныя і рэлігійныя святы, родны край, яго прырода і людзі. Некалькі работ прысвечана Калядам і Масленіцы — паказваюць, як іх святкавалі на Пастаўшчыне. Астатнія маюць у аснове сюжэтаў адносіны чалавека да Бога і веры, адлюстроўваюць цікавыя, часам камічныя моманты жыцця аднавяскоўцаў аўтара, прыгажосць бацькоўскай зямлі. Пра ўсё гэта Гераіма Пятроўна расказала наведвальнікам экспазіцыі.

Пра свой шлях у мастацтва распавяла Крысціна Брэская. Пры гэтым узгадала імёны людзей, якія дапамаглі ёй вызначыцца з выбарам прафесіі, садзейнічалі творчаму станаўленню. Хоць у Доме рамёстваў дзяўчына працуе ўсяго 5 гадоў (за мінусам дэкрэтнага водпуску), ужо паспела многае зрабіць. А вынік працы прадставіла на выставе. Тут і саламяны бычок Сцёпа, вулічны ліхтар і калекцыя лялек з саломкі, і вышытыя бісерам іконы, і рэканструяваны жаночы народны касцюм XVIII—XIX стагоддзяў, і многае іншае. Як прызналася майстар, у планах рэалізацыя яшчэ некалькіх маштабных работ.

Малая зала Дома рамёстваў адведзена пад справаздачную выставу членаў народнага клуба «Майстры», кіраўніком якога з’яўляецца Алена Крывенькая. У невялікай прамове Алена Ва­сільеўна расказала пра дзейнасць аматарскага аб’яднання, а затым дала слова аўтарам работ — Галіне Калдышкінай, Вользе Гукавай і Таццяне Петух. Кожная з жанчын пазнаёміла прысутных са сваімі творчымі захапленнямі.

У Галіны Калдышкінай гэта вязанне пруткамі і кручком самых розных рэчаў — ад убораў для лялек унучкі да сукенак і кофтачак для дзяўчынкі і іншых родных, а таксама шыццё сумак з джынсавай тканіны. Вольга Гукава — спецыяліст па маляванцы і кераміцы, акрамя таго, займаецца жывапісам. На выставе яна прадставіла некалькі карцін, выкананых у розных тэхніках. Як і Галіна Сцяпанаўна, дырэктар установы культуры Таццяна Петух і дня не можа пражыць без вязання. А яшчэ захапляецца абрэзкавым шыццём, нядаўна асвоіла пляценне з папяровай лазы і валенне з воўны. Узяўшы слова, Таццяна Мікалаеўна запрасіла ўсіх пастаўчан наве­даць выставы. І дадала: падчас іх работы для жадаючых будуць праводзіцца практыкумы і майстар-класы. Таму абавязкова прыходзьце!

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Народный ансамбль «Маладзіца» стал лауреатом I степени международного феситваля-конкурса
Дед Бай приглашает на новогодние и рождественские праздники
От 4 до 75 лет. Такой возраст участников художественной самодеятельности Юньковского СДК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.