В зоне обслуживания страхового агента Елены Киёнок проживают 1142 человека

Общество

Да кожнага кліента – з усмешкай

Алена Кіёнак прыйшла працаваць у прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне ў 2009 годзе. Да гэтага спрабавала сябе ў абсалютна розных галінах — была загадчыцай сельскага клуба ў Сяргеевічах, наборшчыцай абліцовак на Варапаеўскім ДАКу, поварам у дзіцячым садку, бухгалтарам-касірам на заводзе ЖБВ… Аднак стаўшы менавіта страхавым агентам, адчувае сябе як ніколі камфортна. І гэта пры тым, што ў прафесію жанчына трапіла выпадкова.

— У Белдзяржстраху некалі працаваў мой муж Сяргей, — расказвала Алена Антонаўна. — На жаль, яго жыццё раптоўна абарвалася. Так склаліся абставіны, што я ўладкавалася на мужава месца работы. Не скажу, што пачынаць было лёгка. Спачатку наогул не разумела, куды я трапіла і як спраўлюся з адказнасцю, новымі абавязкамі. Бывала, пакуль заключыш дагавор, сем патоў сыдзе — так хвалявалася. Гэта цяпер ёсць мабільны тэлефон — можна з любой вёскі патэлефанаваць кіраўніцтву, калегам, каб атрымаць кансультацыю. Раней на гэта разлічваць не даводзілася.

Участак Алены Антонаўны ўключае ў сябе вуліцу Чырвонаармейскую ў Паставах, 9 вуліц у Варапаеве, 11 шматкватэрных дамоў у гарпасёлку і Гуце і 11 вёсак. У зоне абслугоўвання пражываюць 1 142 чалавекі. У плане плацежаздольнасці кліентаў участак няпросты: прадпрыемствы, якія раней працавалі ў сельскай мясцовасці, закрыліся, што пэўным чынам адбілася на даходах насельніцтва. Тым не менш Алена Кіёнак выконвае планавыя паказчыкі работы, а часам і перавыконвае іх. Гэта не застаецца незаўважаным кіраўніцтвам — напярэдадні прафесійнага свята яна атрымала Падзяку філіяла Белдзяржстраху па Віцебскай вобласці.

— У чым жа сакрэт поспеху? — спытала ў суразмоўцы.

— Я люблю людзей і прыходжу да іх толькі з усмешкай,— гаварыла Алена Кіёнак. — Часам і настрою няма, і на душы цяжка, але ніколі не паказваю гэтага кліентам. Яны ў сваю чаргу часта дораць мне станоўчыя эмоцыі, што бясцэнна. Вось прыедзеш да бабулечкі ў вёску, а яна цябе з хаты выпускаць не хоча. «Пачакай, пагавары са мной!» — кажа. Як тут адмовіш?! І пра цяперашняе жыццё раскажа, і былое ўспомніць. А бывае, папросіць лекі ці прадукты з горада прывезці. Ніколі не адмаўляю. Усе мне цяпер такія родныя, свае, хаця раней ні лю­дзей на Варапаеўшчыне не ведала, ні навакольныя вёскі.

Як прызналася страхавы агент, за 11 гадоў у рабоце многае змянілася: паменела жыхароў у вёсках, больш стала апусцелых хат, дакументы на якія родныя пераафармляць не спяшаюцца. Затое значна актыўней пачалі купляць дамы ў сельскай мясцовасці жыхары вялікіх гарадоў. Адбудаваўшы старыя хаты пад камфортныя дачы, уклаўшы ў рамонт нямала сродкаў, гаспадары страхуюць збудаванні на куды больш істотныя сумы, чым гэта рабілі папярэднікі.

— Жыццё не стаіць на месцы. Адны віды страхавання становяцца менш папулярнымі, іншыя пачынаюць карыстацца ў насельніцтва большым попытам, — адзначыў дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Рыгор Шэцка. — Каб забяспечваць выкананне планавых прагнозных паказчыкаў, трэба пастаянна ўдасканальваць работу, шукаць новых кліентаў, новыя падыходы. Калектыў — а ў ім 29 чалавек — з гэтымі задачамі спраўляецца. Многія супрацоўнікі маюць вялікі вопыт работы, з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. На іх раўняюцца маладзейшыя. А ўвогуле, поспеху можна дасягнуць, толькі калі шчыра любіш сваю справу. Тады шукаеш не адгаворкі, прычыны няўдач, а шляхі вырашэння пастаўленых задач, нават самых няпростых. На шчасце, такіх супрацоўнікаў у нашым прадстаўніцтве шмат, і кожнаму я ўдзячны за асабісты ўклад у нашу агульную справу.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
Поставчане приняли участие в 10-м республиканском конкурсе «100 идей для Беларуси»
Работники ОДПИ Поставского ТЦСОН учат людей с инвалидностью жить творчески и самостоятельно
Татьяна и Виктор Чернявские уже 23 года борются со страшным диагнозом старшего сына Виталия



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.