Калі работа ў радасць
Андрэй Бандарэнка — матрос-ратаўнік выратавальнай станцыі ў Паставах. Працуе тут 6 гадоў і кожны дзень з жаданнем ідзе на работу.
Па прафесіі мужчына ваеннаслужачы. У кастрычніку 2014 года звольніўся ў запас з радоў пагранвойскаў і ўжо праз 9 дзён уладкаваўся на станцыю. Кажа, што вельмі ўзрадаваўся, калі прапанавалі цяперашнюю пасаду.
— Мяне заўсёды вабіла вада, — расказваў Андрэй Бандарэнка. — Усё сваё дзяцінства — а нарадзіўся я ў Бранскай вобласці — правёў каля рэчкі і возера. Вельмі люблю лавіць рыбу. Падабаецца таксама дапамагаць людзям. Калі служыў у Лідзе, стаў сведкам таго, як у сакавіку на адным з вадаёмаў тапіўся мужчына. Вакол было шмат абыякавых людзей. На дапамогу кінуліся толькі я і хлопчык гадоў 14. Падлетак трымаў мяне шалікам за нагу, а я падаваў мужчыну бур. Так змаглі яго выратаваць.

А вось за час работы на станцыі ў практыцы героя артыкула быў толькі адзін такі выпадак. Пару гадоў назад летам ён удзельнічаў у выратаванні юнака, які купаўся на гарбарцы. Нырнуўшы, хлопец адчуў сябе дрэнна і не змог вынырнуць. Гэта заўважыў Андрэй Бандарэнка і разам з калегам падплыў да яго на кацеры. Хлопца паднялі на паверхню. На шчасце, ён не вельмі наглытаўся вады, і калі далі панюхаць нашатырны спірт, хутка апрытомнеў. Тым не менш ратаўнікі выклікалі хуткую дапамогу, якая даставіла пацярпелага ў бальніцу. Некалькі разоў даводзілася дапамагаць пажылым жанчынам, якія, купаючыся, не разлічвалі свае сілы і адплывалі далёка ад берага.
— Наша галоўная задача — не дапусціць няшчасных выпадкаў на вадзе, — гаварыў мой суразмоўца. — З гэтай мэтай мы праводзім маніторынг Мядзелкі, на якой знаходзіцца выратавальная станцыя. Летам аглядаем яе акваторыю з дапамогай бінокля і патрулюем на кацеры. Зімой, акрамя агляду, робім пешы абход. На патруляванне выходзім кожныя дзве гадзіны. А калі ў СШ №2 заканчваюцца ўрокі, пастаянна дзяжурым у тым месцы, дзе дзеці лезуць на лёд, пакуль ён як след не акрэпне і не стане бяспечным.
Але самы вялікі галаўны боль работнікаў станцыі — рыбакі, асабліва п’яныя і без выратавальных камізэлек. Многія з іх горшыя за дзяцей: выходзяць на тонкі лёд, не думаючы пра тое, што могуць праваліцца. З імі праводзяць індывідуальныя прафілактычныя гутаркі, папярэджваюць праз мегафон, уручаюць пісьмовыя папярэджанні.
Рабочая змена Андрэя Бандарэнкі доўжыцца 12 гадзін. Дзяжурствы — два дні запар, затым два выхадныя. Але і на выхадных яго могуць выклікаць на станцыю, калі камусьці спатрэбілася дапамога. І такое здаралася неаднойчы. Таму заўсёды трэба быць гатовым выехаць па званку. А яшчэ — мець добрую фізічную форму, каб два разы ў год здаваць спецыяльныя нарматывы. Для гэтага былы вайсковец стараецца штодзень рабіць зарадку, шмат плавае, любіць велапрагулкі і хадзіць пешшу.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также:
19 января — День спасателя. Пожарный аварийно-спасательный пост №13 г.п.Воропаево
В Беларуси ужесточили наказание для пьяных водителей
Появилась новая схема мошенничества с использованием архивов «ВКонтакте»