19 января — День спасателя. Пожарный аварийно-спасательный пост №13 г.п.Воропаево

Безопасность

Папярэджваюць, дапамагаюць, ліквідуюць

1 верасня 2020 года ў структуры Пастаўскага РАНС адбыліся значныя змяненні: пажарны аварыйна-выратавальны пост №12 аграгарадка Парыж аб’ядналі з ПАВП №13 г.п. Варапаева, што не магло не паўплываць на работу апошняга.

Хапае спраў круглы год

Дзякуючы аб’яднанню, на трэць павялічыўся калектыў Варапаеўскага паста. Цяпер у ім 18 чалавек, пры тым што ёсць яшчэ дзве вакантныя пасады. Адпаведна, стала больш работнікаў у кожнай з трох змен. Калі раней іх было чацвёра, то зараз — шэсць. Гэта камандзір аддзялення, два старшыя пажарныя, пажарны і два вадзіцелі. Таксама вырас парк баявых машын. Сёння іх тры: дзве для выездаў на пажары і іншыя надзвычайныя сітуацыі і адна рэзервовая для падстрахоўкі на выпадак, калі нешта здарыцца на месцы, а астатняя тэхніка будзе на заданні.

— Паколькі ўзмацнілі змены, нам стала прасцей працаваць на пажарах, — расказваў начальнік паста Сяргей Кадушкевіч. — Акрамя таго, наяўнасць дзвюх баявых машын намнога аблягчае ліквідацыю надзвычайных сітуацый. Праўда, цяпер часцей даводзіцца іх ліквідоўваць, бо павялічыўся раён выезду: у бок Глыбокага — да Карабоўскага сельсавета, у бок Літвы — да Камай і мяжы з Шаркаўшчынскім раёнам. Адзін з апошніх пажараў, які мы ліквідавалі, быў 6 студзеня ў Полаве — там працавалі дзве нашы машыны. А ўвогуле, нас нярэдка адпраўляюць у дапамогу іншым падраздзяленням, у тым ліку суседніх раёнаў. Напрыклад, летась тушылі пажар у Канстанцінаве, што за 50 кіламетраў ад Варапаева. Дабавілася работы і на месцы, асабліва зараз, калі ў разгары ацяпляльны сезон.

Работнікі 2-й змены: вадзіцелі Уладзімір Казак і Максім Харэцкі, старшы пажарны Арцём Літвіновіч, пажарны Віктар Казаровец з камандзірам аддзялення Віктарам Вырвічам і начальнікам ПАВП №13 Сяргеем Кадушкевічам (у цэнтры)

Выязджаюць варапаеўцы і на дарожна-транспартныя здарэнні. Так, на працягу мінулага года яны 5 разоў тушылі аўтамабілі, якія загарэліся на хаду. Знішчаюць па просьбах вяскоўцаў гнёзды вос і шэршняў паблізу жылых дамоў. Ратуюць рыбакоў, што праваліліся пад лёд, і хатніх гадаванцаў, якія таксама трапляюць у бяду. Для гэтага маюцца спецыяльныя касцюмы і інструмент, выратавальныя дошкі, вяроўкі.

Кожная раніца ратаўнікоў пачынаецца з заступлення на змену і прыёму дзяжурства. Затым ідуць тэарэтычныя і практычныя заняткі. Пасля абеду — догляд і рамонт тэхнікі, фізпадрыхтоўка, гаспадарчыя работы. Так, зімой РАНСаўцы расчышчаюць ад снегу тэрыторыю паста (а яна даволі вялікая), летам абкошваюць траву. Акрамя таго, займаюцца касметычным рамонтам будынка. Адным словам, спраў хапае.

Зладжаны і дружны

Так Сяргей Кадушкевіч ахарактарызаваў калектыў паста, зазначыўшы, што пасля аб’яднання з парыжанамі работнікі абодвух хутка знайшлі агульную мову. І гэта не дзіўна, бо ўсе яны робяць адну справу, так ці інакш былі знаёмыя між сабой: сутыкаліся на пажарах, у звычайным жыцці.

— У нас ніколі не ўзнікае праблем, калі камусьці трэба замяніцца зменамі, — гаварыў начальнік. — У кожнай з іх ёсць свае лідары, якія ва ўсім паказваюць прыклад іншым. Гэта старшы пажарны 3-й змены Аляксандр Арахво, камандзір аддзялення 1-й змены Арцём Кавальскі і вадзіцель Юрый Лысёнак, былы начальнік ПАВП №12 Віктар Вырвіч, які зараз камандуе аддзяленнем 2-й змены. Пра Віктара Уладзіміравіча хачу сказаць асобна. Ён — мая правая рука, выконвае абавязкі кіраўніка, калі я адсутнічаю. У такіх сітуацыях можна быць абсалютна ўпэўненым, што ўсё будзе зроблена так, як трэба.

Што да сярэдняга ўзросту калектыву, то ён даволі малады. Каля 80% работнікаў — ад 20 да 35 гадоў. Але ёсць і вельмі вопытныя ратаўнікі, якія працу­юць у РАНС чвэрць стагоддзя. Яны актыўна перадаюць моладзі свае прафесійныя навыкі.

Малады і начальнік паста. У райаддзел па надзвычайных сітуацыях ён прыйшоў у ліпені 2012 года. Пачынаў радавым, хутка стаў камандзірам аддзялення. А 3 лютага 2020 года ўзначаліў ПАВП №13. Кажа, што спачатку на гэтай пасадзе было вельмі няпроста, бо прыйшлося ў кароткі тэрмін унікаць у курс справы, разбірацца ва ўсім. А неўзабаве яшчэ адбылося аб’яднанне.

Нягледзячы на тое, што зараз адказвае за цэлае падраз­дзяленне і мае ў тым ліку шмат работы з дакументацыяй, Сяргей Аляксандравіч па-ранейшаму выязджае ў складзе дзяжурнай змены на ліквідацыю надзвычайных сітуацый. Таксама кіраўнік актыўна займаецца прафілактыкай пажараў: адзін і ў складзе розных камісій правярае бяспеку ў жылым сектары. Гэта дапамагае людзям захаваць сваё жыллё і маёмасць і робіць будні ратаўнікоў спакайнейшымі.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Вместо госпошлины — транспортный налог. В Поставах увеличилось количество желающих пройти ТО
В Беларуси ужесточили наказание для пьяных водителей
19 января — День спасателя. Матрос-спасатель спасательной станции Андрей Бондаренко



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.