2 года назад оборвался земной путь председателя правления Поставского райпо Григория Левковца

Общество

Зробленае засталося

Два гады назад абарваўся зямны шлях старшыні праўлення Пастаўскага райспажыўтаварыства Грыгорыя Леўкаўца. Абарваўся раптоўна і дачасна — Грыгорыю Арсенцьевічу ішоў 63-ці, ён меў вялікія планы і мог бы яшчэ многае здзейсніць у жыцці. Але і тое, што паспеў зрабіць, які след пакінуў пасля сябе, выклікае вялікую павагу.

З 24 сакавіка 1986 года, калі на сходзе пайшчыкаў райспажыўтаварыства выбралі яго старшынёй, і да апошняга дня жыццё Грыгорыя Арсенць­евіча было непарыўна звязана з Пастаўшчынай. Быць кіраўніком — не толькі ганарова, але і вельмі адказна. Не ўсе вытрымліваюць нялёгкую ношу. Грыгорый Леўкавец узначальваў райспажыўтаварыства на працягу 33 гадоў. І вывеў яго ў лік лідараў у вобласці і рэспубліцы.

Сцены ў прыёмнай былога райспажыўтаварыства (пасля рэарганізацыі — Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства) шчыльна завешаны Ганаровымі граматамі і дыпломамі рознай вартасці (ад раённага да рэспубліканскага ўзроўняў). Каб пералічыць усе іх, не хапіла б і старонкі тэксту. У кожным — часцінка працы кіраўніка. Тройчы калектыў райспажыўтаварыства заносілі на рэспубліканскую Дошку гонару, двойчы ён атрымліваў Падзячнае пісьмо ад Прэзідэнта краіны. А асабіста Грыгорый Арсенцьевіч, акрамя шматлікіх грамат, удастоены званняў «Выдатнік спажывецкай кааперацыі Беларусі», «Выдатнік гандлю», «Заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь», узнагароджаны Ганаровым знакам Белкаапсаюза ў намінацыі «За выдатны асабісты ўклад у дасягненне найлепшых вынікаў» і некалькімі іншымі, з’яўляўся лаўрэатам звання «Чалавек года Віцебшчыны», адзначаны ордэнам Пашаны. За ўсімі гэтымі адзнакамі — тытанічная праца кіраўніка і ўсяго калектыву.

— Цяжка пераацаніць асабісты ўклад Грыгорыя Арсенцьевіча ў развіццё спажыўкааперацыі раёна, — гаварыла цяперашні дырэктар філіяла Ганна Сянько. — Асабліва шмат зроблена пад яго кіраўніцтвам па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы перапрацоўчай прамысловасці, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. У нас працуюць мясаперапрацоўчы комплекс, квасільна-засолачны цэх, хлебазавод. Прадукцыя, якая вырабляецца на іх, і зараз карыстаецца попытам у спажыўцоў, атрымлівае ўзнагароды на розных конкурсах. Больш за 30 гадоў я працавала пад кіраўніцтвам Грыгорыя Арсенцьевіча. Бачыла, наколькі адказна і як ініцыятыўна ён адносіўся да справы, многаму ў яго навучылася. Зараз вельмі цяжка ўтрымліваць пазіцыі, заваяваныя калектывам пад яго кіраўніцтвам, бо надта вялікая канкурэнцыя. У самых складаных сітуацыях, калі трэба прымаць важнае рашэнне, я заўсёды думаю: а як бы паступіў Грыгорый Арсенцьевіч?

Магазін №5 (гэта «Родны кут» у мікрараёне пятага гарадка) рэканструявалі тройчы. У 28-гадовым узросце яго калектыў узначаліла Тэрэса Мядзюха.

— Было вельмі складана, — успамінае загадчыца гандлё­вай кропкі. — Але заўсёды адчувала падтрымку старшыні праўлення райспажыўтаварыства. Грыгорый Арсенцьевіч быў строгім, патрабавальным, кампетэнтным і прадпрымальным. Тым не менш прыслухоўваўся і да нашага меркавання. Вельмі шкада, што яго жыццё завяршылася дачасна. Мог бы яшчэ многае зрабіць і для спажыўкааперацыі, і для сям’і.

Ванда Купран з’яўлялася інжынерам-тэхнолагам гандлёвага працэсу і па службовых абавязках даволі часта ўзаемадзейнічала з кіраўніком калектыву, паколькі пастаянна ішло пераабсталяванне гандлёвых кропак.

— Грыгорый Арсенцьевіч заўсёды ішоў у нагу з часам, — успамінае былы спецыяліст. — Працаваць з ім было цікава. Ён уносіў шмат новага, укараняў прагрэсіўныя тэхналогіі. Наскрозь бачыў патэнцыял кожнага чалавека. Мог і голас павысіць, але я не крыўдавала, бо ведала, што кіраўнік непакоіцца за справу. Бываючы на могілках, дзе пахаваны і мой муж, заўсёды падыходжу да магілы Грыгорыя Арсенцьевіча і ў думках дзякую яму за ўсё добрае.

Жыве і будзе жыць удзячная памяць пра Грыгорыя Леўкаўца ў сэрцах не толькі родных яму людзей, але і тых, хто побач працаваў, з кім зводзіў лёс на жыццёвай дарозе.

Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Представители потребсоюзов Псковской, Смоленской и Калининградской областей оценили продукцию поставских кооператоров
У нас — всего запас! — говорят заготовители Поставского филиала Витебского облпотребобщества
Продукция поставских хлебопеков стала призерами конкурса-смотра «Смаката-2020»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.