Захаваць беларускую дзяржаўнасць
26 студзеня ў Віцебску прайшла рабочая сустрэча ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу, якія будуць прадстаўляць на ім Прыдзвінскі край. Прысутнічалі там і пастаўчане.
Вярнуўшыся з нарады, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто накіраваўся ў калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, каб падзяліцца з яго работнікамі ўражаннямі ад мерапрыемства. Пётр Леанідавіч расказаў, што Віцебшчыну на Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўляць 310 чалавек, Пастаўшчыну — 9. На абласным сходзе перад прысутнымі выступілі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, міністры: эканомікі — Аляксандр Чарвякоў, працы і сацыяльнай абароны — Ірына Касцевіч, старшыні: аблвыканкама — Мікалай Шарснёў, абласнога Савета дэпутатаў — Уладзімір Цярэнцьеў і іншыя.
— Галоўнай рысай беларускай дзяржаўнасці заўсёды была сацыяльная накіраванасць, — гаварыў Пётр Курто. — Трэба зрабіць усё магчымае, каб захаваць яе, забяспечыць грамадзянскую згоду, вызначыць перспектывы развіцця краіны. Спакой, стабільнасць — фундамент развіцця Беларусі ў цэлым і кожнага рэгіёну асобна. У вобласці многае зроблена для захавання стабільнай сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі. А яна няпростая, пачынаючы ад валютных крызісаў і заканчваючы пандэміяй, негатыўны ўплыў якой на ўсе галіны эканомікі велізарны. Падтрымка сем’яў, зніжэнне ўзроўню беспрацоўя і г. д. — усё гэта будзе ўлічвацца пры распрацоўцы праграм на наступную пяцігодку. Трэба таксама не ўпусціць з поля зроку пытанні стварэння адпаведных умоў для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, клопату пра састарэлых, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На VI Усебеларускім народным сходзе будзе абмяркоўвацца не толькі праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на пяцігодку, але і ўдасканаленне яе грамадска-палітычнай сістэмы. А адна з галоўных задач, якія стаяць перад удзельнікамі форуму, — аб’яднаць наша грамадства і даць адказы на самыя актуальныя пытанні, якія хвалююць людзей.
Анна Анішкевіч