Чем «Ветразь» отличается от других оздоровительных учреждений? Интервью с главным врачом Сергеем Петуховым

Важное Здравоохранение

«Калі ў ветразі не трапіў вецер, бяромся за вёслы!» 

Такі дэвіз галоўнага ўрача абласнога дзіцячага рэабілітацыйнага аздараўленчага цэнтра «Ветразь» Сяргея Петухова.

Ён узначаліў калектыў у лютым 2017-га — у вельмі няпросты час, калі вырашалася пытанне: захавае ўстанова свой статус як самастойны рэабілітацыйны цэнтр або стане філіялам адной з устаноў вобласці. Пры назначэнні Сяргея Петухова галоўным урачом цэнтра старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што пакі­даць установу ў тагачасным стане — бесперспектыўна, і паставіў перад новым кіраўніком задачу зрабіць яе канкурэнтаздольнай на рынку аздараўленчых паслуг.

— Сёння бачна, што гэта вашаму калектыву ўдалося. Якімі намаганнямі?

— Цэнтр меў 250 ложкаў, іх утрыманне фінансавалася цалкам з абласнога бюджэту. Але ў сувязі са змяншэннем дзіцячага насельніцтва вобласці і з аптымізацыяй медустаноў у 2014 з абласнога бюджэту сталі фінансавацца толькі належныя 110 ложкаў. На 140 трэба было зарабляць грошы самім. Кіраўніцкі вопыт я меў, паколькі на працягу 10 гадоў узначальваў Глыбоцкую ЦРБ, затым уводзіў у строй санаторый «Плисса».

— А тут — новы калектыў, змены ў фінансаванні, прынцыповыя патрабаванні вобласці. Навошта вам было ўскладваць на свае плечы такую ношу?

— Аднойчы мне запала ў па­мяць такая фраза: «Рабі сёння тое, што не хочуць рабіць іншыя, і заўтра будзеш жыць так, як іншыя не змогуць». Ёй часта і кіруюся. Ёсць яшчэ і такая аксіёма: калі штосьці не падабаецца, трэба ўсім разам узяцца і палепшыць.

Калектыў сустрэў насцярожана. І гэта зразумела. Ніхто не ведаў, што сабой уяўляе новы кіраўнік: можа, пачне «ператрасаць» кадры. Не ўсе верылі, што ва ўстанове адбудуцца змены ў лепшы бок і яна не толькі застанецца існаваць, але і будзе развівацца. Некалькі чалавек звольніліся. Але калектыў у цэлым захаваўся, ён кваліфікаваны і працаздольны. Мелася і неблагая база. Але яе трэба было развіваць, папоўніць новым сучасным абсталяваннем, а супрацоўнікаў — нацэліць на далейшае прафесійнае развіццё. Спецыялісты цэнтра, у тым ліку і я, пашыралі свае веды ва ўстановах медыцынскай адукацыі, рэабілітацыйных цэнтрах, на розных выязных курсах не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы. Крок за крокам укаранялі ў сябе прагрэсіўныя тэхналогіі. Ганарымся, што шэраг напрамкаў работы з дзецьмі, як у нас, мала дзе ёсць.

— І зараз ужо ў «Ветразь» прыязджаюць вучыцца…

— Наш цэнтр атэставаны на аказанне рэабілітацыйнай дапамогі не толькі дзецям, але і дарослым. Ён з’яўляецца ўстановай аховы здароўя, але мае і другі статус: санаторна-курортная арганізацыя I катэгорыі. Гэта высокая ацэнка. На базе цэнтра праводзіліся абласныя семінары для спецыялістаў па аздараўленні і райпедыятраў. Нікому не адмаўляем у стажыроўцы на рабочых месцах. Да нас прыязджалі па вопыт калегі з Расіі і нават з Грузіі.

А як прыемна разумець, што наша праца прыносіць плён! Яе вынік бачны на дзецях, якія праходзяць рэабілітацыю. Ёсць такія факты, калі, пралячыўшы іх па бясплатных пуцёўках і ўбачыўшы эфект рэабілітацыі, бацькі зноў прывозяць дзяцей да нас з Браслава, Глыбокага і іншых раёнаў на амбулаторнае лячэнне.

— Чым «Ветразь» ад­розніваецца ад іншых аздараўленчых устаноў?

— Санаторна-курортная сістэма ў Беларусі — на вышыні, але неабходна было больш увагі ­ўдзяліць цяжкахворым. І мы сталі працаваць з такімі дзецьмі з вобласці. Бяром на аздараўленне і рэабілітацыю цяжкахворых не з-за таго, каб заняць ложкі, а разумеючы, што можам ім дапамагчы, паколькі маем і патрэбнае абсталяванне, і высокакваліфікаваны персанал. Напрыканцы кожнага года рэспубліканскім цэнтрам аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння праводзіцца тэндар на закупку паслуг. Мы ўдзельнічаем у ім па трох праграмах: дзеці ў складзе арганізаваных груп з раёнаў, пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай аварыі; дзеці-інваліды па розных профілях захворванняў; дзеці з ДЦП. Выйграём тэндары і з 2018 года прымаем дзяцей з усёй Беларусі. Яны прахо­дзяць рэабілітацыю за дзяржаўны кошт. З лета 2017-га ў нас сталі аздараўлівацца і дзеці з Расіі.

Працаваць калектыву стала складаней, паколькі з’явіліся больш цяжкія пацыенты. Затое ў людзей павысілася сама­ацэнка, ды і сярэдняя заработная плата па цэнтры за апошнія чатыры гады вырасла ў 1,8 раза. Калі мы раней, вобразна кажучы, латалі дзіркі, стараліся заха­ваць калектыў, то зараз «Ветразь» ператвораны ў адзі­ную тэрыторыю аздараўлення. Гэта медыцынскі і псіхолага-педагагічны блокі, добраўпарадкаваная тэрыторыя, на якой прыемна адпачыць, атрымаць станоўчыя эмоцыі.

Але стаяць на месцы не ў нашых правілах. Таму зараз распрацоўваем канцэпцыю, як рухацца далей, абгрунтоўваем у ёй усе напрамкі далейшай дзейнасці. А таксама шукаем спонсараў, хто б дапамог калектыву цэнтра ў рэалізацыі новых ідэй.

— Як адбіліся на рабоце ўстановы абмежавальныя супраць­эпідэмічныя меры ў сувязі з пандэміяй каранавіруса?

— У перыяд першай хвалі эпідэміі на працягу трох месяцаў цэнтр прымаў пацыентаў з групы кантактаў па COVID-19. Дзеці на рэабілітацыю не паступалі. Не змагла трапіць да нас і частка расіян. Летась з трох запланаваных заездаў з Расіі па 120 чалавек кожны адбыўся толькі адзін. Гэта негатыўна адбілася на фінансавым становішчы. Асабліва «прасеў» у параўнанні з 2019 годам экспарт паслуг і склаў усяго 52%. Зараз у нас на аздараўленні і рэабілітацыі знаходзіцца толькі 130 дзяцей з Віцебскай вобласці. Не было ні аднаго выпадку іх захворвання на каранавірус. А вось некалькі супрацоўнікаў заразіліся вірусам пры бытавых кантактах і хва­рэлі. За кошт пазабюджэтных сродкаў мы застрахавалі ўсіх работнікаў ад захворвання на COVID-19. Тыя, каму пастаўлены такі дыягназ, атрымаюць ад Белдзяржстраху страхавыя выплаты.

— Мы шмат гаворым пра калектыў. А мне хацелася б больш даведацца пра кіраўніка. Як вы прыйшлі ў медыцыну?

— Ні ў сям’і, ні ў найбліжэйшым маім акружэнні медыкаў не было. Але мне падабалася гэта прафесія, таму і паступіў у Віцебскі медінстытут. Там былі выдатныя выкладчыкі. Вучыцца падабалася. Інтэрнатуру праходзіў у Наваполацку. Працаваць па размеркаванні трапіў у Докшыцы. Вясной 1991 года мы пераехалі на жончыну радзіму — у Глыбокае. Вера Аляксандраўна — таксама ўрач. Я лічу яе ўніверсальным спецыялістам. Тэрапеўт па асноўнай спецыяльнасці, яна прайшла ўсемагчымыя перападрыхтоўкі. Працуе ў аддзяленні гемадыялізу Глыбоцкай ЦРБ. Акрамя таго, займаецца функцыянальнай дыягностыкай і ультрагукавым даследаваннем у кардыялогіі.

Калі я згадзіўся працаваць на  Пастаўшчыне, мама на гэта сказала: «Кола замкнулася». Справа ў тым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны мая бабуля — ураджэнка Мсціслаўшчыны — адыходзячы з абозамі, трапіла ў Паставы. Жыла па вуліцы Чырвонаармейскай. Праз многія гады я прывозіў сюды яе і маму.  Бабуля адшукала сваіх даўніх знаёмых. Былі цёплыя сустрэчы, шмат успамінаў пра той цяжкі ваенны час.

— Можа, і вашы дзеці выбралі шлях, звязаны з медыцынай?

— Толькі старэйшы сын. Віталій — урач-онкагінеколаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук. Працуе ў рэспубліканскім цэнтры анкалогіі і радыялогіі імя Аляксандрава. Другі сын, Яўгеній, закончыў юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, займаецца адвакатурай. Дачка Маргарыта — выпускніца Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, індывідуальны прадпрымальнік у сферы турызму.

— Наўрад ці варта пытацца пра вольны час… Напэўна, яго ў вас зусім няма?

— Складанасць у тым, што я некалькі адарваны ад сям’і. Няхай гэта ўсяго 70 кіламетраў, але кожны дзень не наездзішся ў Глыбокае. Удзячны старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку, кіраўнікам арганізацый раёна за тое, што добра мяне прынялі. Мне выдзелілі ў Паставах службовую арэндную кватэру. І ўвогуле ва ўсім адчуваю падтрымку не толькі свайго непасрэднага абласнога кіраўніцтва, але і мясцовай улады. Што да вольнага часу, то чытаю спецыяльную і мастацкую літаратуру. Раней актыўна займаўся спортам. Зараз абмяжоўваюся ранішнімі практыкаваннямі і вячэрняй хадзьбой. Уважліва стаўлюся да харчавання. Стараюся падтрымліваць сябе ў форме.

— 29 студзеня вам спаўняецца 60. Як ставіцеся да юбілеяў?

— Спакойна. Ні адзін не адзначаў з шырокім размахам. Мне прыемна святкаваць у сямейным коле — побач з роднымі і дарагімі людзьмі. Так будзе і на гэты раз.

— Дзякуй за змястоўную гутарку, Сяргей Юрыевіч. І з наступаючым юбілеем!

Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Фаіны Касаткінай



Читайте также:
Медики Поставщины благодарны всем, кто помогает в борьбе с COVID-19
Слова благодарности прозвучали в адрес медиков Поставской ЦРБ
В Беларуси началась вакцинация от коронавируса. Когда смогут привиться все желающие?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.