Делегат ВНС Вероника Козловская: «Активную гражданскую позицию занимала всегда»

Местная власть

Зберагчы адзінства

Ва Усебеларускім народным сходзе буду ўдзельнічаць упершыню. А актыўную грамадзянскую пазіцыю займала заўсёды: падчас вучобы ў школе, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, магістратуры акадэміі. Мяне пастаянна перапаўняюць ідэі, і я імкнуся іх абгрунтаваць. На ўсё маю свой пункт погляду.

Папрысутнічаць на такім маштабным мерапрыемстве будзе цікава. На яго збяруцца людзі розных прафесій, сацыяльных груп, узростаў. Сярод іх — вопытныя кіраўнікі і маладыя спецыялісты, грамадскія дзеячы і актывісты, спартсмены, урачы, педагогі. Там будзе ўнікальная магчымасць падзяліцца сваімі меркаваннямі, выказацца па той ці іншай праблеме і сумесна вызначыць шлях развіцця Беларусі на наступную пяцігодку.

Сёлетні год праходзіць пад знакам народнага адзінства. Лічу, што грамадству трэба абавязкова вярнуць былую згоду. Як гэта зрабіць? Магчыма, адказ знойдзем падчас форумных дыскусій. Мы — нацыя, і не важна, якіх поглядаў чалавек прытрымліваецца. Нам трэба зберагчы наша адзінства. Каб работа ў гэтым напрамку была эфектыўнай, лічу, трэба рабіць акцэнт на патрыятычнае выхаванне моладзі.

Некаторы час я займала пасаду другога, а затым — першага сакратара Пастаўскага райкама БРСМ. Таму асабіста мяне цікавіць, якія захады ў далейшым будуць прымацца па больш эфектыўным далучэнні моладзі да грамадска-палітычнага жыцця краіны. Нашы маладыя людзі таленавітыя і крэатыўныя, ма­юць сваё бачанне таго, якой павінна быць будучыня Радзімы. У іх шмат цікавых прапаноў. Вельмі хочацца, каб і ў далейшым іх энтузіязм меў падтрымку з боку дзяржавы.

У пачатку сёлетняга навучальнага года я ўзначаліла сярэднюю школу №3. Скажу шчыра, кіраваць такой вялікай навучальнай установай няпроста. У школе займаюцца больш за 500 вучняў, працуюць 47 педагогаў, тэхнічны персанал налічвае 33 чалавекі. Каб быць кіраўніком, трэба разбірацца ва ўсім: і ў гаспадарчых пытаннях, і ў пытаннях псіхалогіі, узаемаадносін у калектыве. Але найперш — мець з’яднаную сяброўскую каманду. Калегіяльна вырашаць праблемы, якія штодзённа паўстаюць перад намі, намнога прасцей. Тое ж датычыць не толькі асобна ўзятага працоўнага калектыву, але і краіны ў цэлым.

Сёння адным з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы адукацыі. На маю думку, на абмеркаванне неабходна вынесці магчымасць ажыццяўлення больш цеснай узаемасувязі навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Таксама варта павышаць прэстыж прафесіі педагога. Бо настаўнік не толькі дае веды, але і адыгрывае важную ролю ў фарміраванні асобы.

Вераніка Казлоўская, дырэктар СШ №3



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.