Директор ОАО «Новоселки-Лучай» Юрий Шимчик: «Чтобы стабильно развиваться, нужно работать»

Местная власть

Дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык не будзе прымаць удзел у рабоце VI Усебеларускага народнага сходу, але пільна сочыць за падрыхтоўкай да яго. Пачаў размову так:

— Сельская гаспадарка — адна з найважнейшых галін эканомікі. І надалей трэба рабіць захады па зніжэнні сабекошту прадукцыі, выпускаць яе высокай якасці, каб яна магла канкурыра­ваць на знешнім рынку, актыўна пастаўляцца на экспарт. Яе развіццю спрыяюць розныя дзяржаўныя праграмы.

— Калі ўзяць ваша сельгаспрадпрыемства, то ў чым адчуваеце падтрымку дзяржавы?

Нам быў выдзелены льготны крэдыт на ўзвядзенне новай сучаснай фермы ў Коўзанах і рэканструкцыю 8 двухпавярховых 4-кватэрных жылых дамоў. У рамках дзяржпраграмы «Чыстая вада» пабудавана станцыя абезжалезвання ў Лучаі. Ёсць магчымасць абнаўляць машынна-трактарны парк. Многае купілі праз ААТ «Прамагралізінг». У канцы мінулага года набылі ў крэдыт пад 2% гадавых з растэрміноўкай на 7 гадоў самаходны змяшальнік-кормараздатчык «Матрыкс», пнеўматычную ўніверсальную сеялку «Амега 6 000 Ферці», а таксама корманарыхтоўчы камбайн «Ягуар», апырсквальнік. Лічу, што вытворцам айчыннай сельгастэхнікі трэба больш дасканала падыходзіць да яе праектавання. Для прыкладу: на нашых палях 20 гадоў эфектыўна працуе нямецкі камбайн «Джон Дзір». А з айчынным «Палессем» праблемы ўзнікаюць літаральна ў першыя гады эксплуатацыі. Трактар «Беларус-3022», які адпрацаваў 10 гадоў, думаем спісваць, бо неаднаразова капітальна рамантавалі рухавік, мянялі вузлы.

— Каб развівацца, трэба мець фінансы?

Асноўны прыбытак нам прыносіць рэалізацыя малака і мяса. У гаспадарцы ўтрымліваецца 8 516 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 2 130 кароў. Летась сярэдні надой склаў 5 664 кілаграмы. Гэта на 216 кг больш, чым у 2019 годзе. На рабатызаванай ферме «Коўзаны» сярэдні надой — 8 343 кг. Некалькі гадоў таму нашаму сельгаспрадпрыемству перадалі землі былога саўгаса «Старадворскі». У Дземяшах мы адрамантавалі старыя жывёлагадоўчыя фермы, паставілі там цялушак для ўзнаўлення статка. Пайшлі ацёлы — вырасла рэалізацыя малака.

Ёсць свінагадоўчая ферма на 3 000 галоў. Мяса і вырабы з яго рэалізуем у 9 сваіх фірменных магазінах «Натуральныя прадукты», якія адкрыты не толькі ў нашым раёне, але і ў Браслаўскім.

Каб атрымліваць высокія надоі і прывагі, трэба мець якасныя кармы. Летась пры ўраджайнасці 48,7 цэнтнера з гектара мы намалацілі 15 191 тону збожжа. Гэта на 5 409 тон больш, чым у 2019-м. Мінулы год гаспадарка завяршыла з прыбыткам 3 млн рублёў. Вядома, здабыткі даюцца нялёгка. Каб радзіла поле, трэба па-гаспадарску апрацоўваць глебу, уносіць неабходную коль­касць удабрэнняў, право­дзіць хімічную апрацоўку пасеваў. Кожны на сваім рабочым месцы павінен добрасумленна выкон­ваць ускладзеныя на яго абавязкі. А ў штаце гаспадаркі 379 чалавек. І большасць з іх адказныя, працавітыя, добрасумленныя.

— Але і кіраўніцтва шмат робіць для лю­дзей працы, ветэранаў.

— Стараемся забяспечваць камфортныя ўмовы для работы і адпачынку. Нам патрэбны маладыя кадры, і жадаючых перабрацца сюды нямала. Іх трэба забяспе­чыць не толькі работай, але і жыллём. Сёлета распачнём будаўніцтва 12-кватэрнага дома. Купляем пустыя дамы і даём іх у карыстанне механізатарам, жывёлаводам. Думаем пра развіццё інфраструктуры. У Навасёлках працуе абноўленае кафэ. Узяліся за рамонт гасцініцы. У перспектыве плануем аднавіць работу лазні з басейнам: у людзей пасля працы павінна быць магчымасць адпачынку.

— Якіх рашэнняў чакаеце ад VI Усебеларускага народнага сходу?

Мяне і работнікаў нашага калектыву хвалюе развіццё як аграрнай галіны, так і сацыяльнай сферы, эканомікі. На VI Усебеларускім народным сходзе гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца. Думаю, удзельнікі форуму прымуць узважаныя рашэнні, якія будуць накіраваны на стабільнае развіццё нашай дзяржавы. Вельмі рады, што аграрыяў Пастаўшчыны на такім маштабным мерапрыемстве будзе прадстаўляць аўтарытэтны гаспадар — дырэктар ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч.

Гутарыла Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.