Георгий Костень — делегат VI Всебелорусского народного собрания

Местная власть

Годны прадстаўнік пастаўчан

Так гавораць на Пастаўскім малочным заводзе пра першага намесніка дырэктара Георгія Касцяня, які будзе ўдзельнічаць у рабоце VI Усебеларускага народнага сходу.

Уся працоўная біяграфія Георгія Пятровіча звязана з гэтым прадпрыемствам. Прыйшоў сюды пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і службы ў арміі. Пачынаў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў, затым працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі і інжынерам па транспарце. 15 гадоў — галоўным інжынерам. Тады і засвоіў усе тонкасці малочнай вытворчасці. Вопыту набіраўся ў былых кіраўнікоў завода Эдуарда Казуры, Івана Юхно. А пасля чатыры гады ўзначальваў калектыў. Уласным прыкладам паказваў, што трэба пастаянна шукаць і ўкараняць у вытворчасць новае, перадавое. Летась у сувязі са стварэннем у раёне аграпрамысловага аб’яднання Георгія Касцяня перавялі на пасаду першага намесніка дырэктара. У яго непасрэдныя абавязкі ўваходзіць кіраванне вытворчасцю.

Магутнасці завода разлічаны на выпуск больш за 1 000 тон масла жывёльнага, 7 200 тон сыру, 15 000 тон натуральнай малочнай прадукцыі ў год. За суткі на прадпрыемстве перапрацоўваецца 270 тон малака. Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме вытворчасці займаюць сыры — 73% . Іх выпускаюць на абсталяванні чэшскай фірмы VPS. Увесь працэс — ад прыёмкі малака да ўпакоўкі сыру — поўнасцю аўтаматызаваны.

— Акрамя ўкаранення перадавых еўрапейскіх сыраробных тэхналогій, вялікую ролю ў паспяховай рабоце завода адыгрываюць работнікі, — гаварыў Георгій Касцень. — У нас няма цякучасці кадраў. Кіраўнікі мяняліся, а касцяк калектыву — сыраробы, слесары, электрыкі, механікі — працуюць тут па шмат гадоў, адказна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі. Карыфеі вытворчасці — намеснік дырэктара па вытворчасці Таццяна Цітова і галоўны тэхнолаг Святлана Германовіч. Дзякуючы іх кампетэнтнасці, скрупулёзнасці ніколі не бывае праблем з прадукцыяй па мікрабіялагічных і арганалептычных паказчыках.

Прадукцыя пад гандлёвай маркай «Паставы-гарадок» карыстаецца попытам не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці і краіне. Масла сметанковае і бутэрброднае, смятана з рознай масавай доляй тлустасці, малако пастэрызаванае і адтопленае, кефір, ражанка — усё выпускаецца ў зручнай упакоўцы. Пастаўскі малочны завод — пастаянны прызёр штогадовага народнага конкурсу-дэгустацыі «Чэмпіён смаку». Вось і летась дыплома I ступені ўдастоены масла салодка-сметанковае 82,5% тлустасці, сыры Cheddar Red (50%) і «Мааздам дэ Люкс», дыплома II ступені — кефір 3,2% і смятана 20%. Каб атрымаць якасную прадукцыю, патрэбна якасная сыравіна. Малако сортам «экстра» паступае на прадпрыемства з ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра» і іншых гаспадарак. Закуп вядзецца і на сельгаспрадпрыемствах Аршанскага, Лагойскага, Смалявіцкага, Мя­дзельскага раёнаў. Прадукцыя пад гандлёвай маркай «Паставы-гарадок» пастаўляецца на расійскі і казахстанскі рынкі. Сувязі наладжваюцца падчас розных форумаў. Напрыклад, у лютым мінулага года прадстаўнікі Пастаўскага малочнага завода ўдзельнічалі ў беларуска-ўзбекскім, дзе сярод 150 экспарцёраў прэзентавалі сваю прадукцыю. Адным з найсмачнейшых быў прызнаны сыр Cheddar Red.

— Разглядаем перспектыву паставак у Кітай, — дзяліўся планамі Георгій Касцень. — Каб не спыняцца на дасягнутым і ісці наперад, трэба валодаць сітуацыяй, вывучаць трэнды, выбіраць самыя аптымальныя і перспектыўныя кірункі дзейнасці прадпрыемства. На VI Усебеларускім народным сходзе, несумненна, будуць абмяркоўвацца эканамічныя пытанні: нарошчвання экспарту, канкурэнтаздольнасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на знешніх рынках, павелічэння імпартазамяшчэння і іншыя. Спа­дзяюся, шмат увагі будзе ­ўдзелена пытанням стварэння неабходных умоў для паляпшэння якасці жыцця беларусаў, далейшага развіцця адукацыі, сістэмы аховы здароўя, стварэння ў краіне рабочых месцаў.

Канстанцін Гайлеўскі, дырэктар Пастаўскага малочнага завода:

— Вырашаць многія задачы сумесна з Георгіем Пятровічам давялося яшчэ ў той час, калі я працаваў на заводзе эканамістам, а затым калі ўзначальваў ААТ «Камайскі-агра».  Летась на базе малочнага завода стварылі аграпрамысловае аб’яднанне і кіраваць ім даверылі мне. Георгій Пятровіч стаў першым намеснікам малаказавода. Ён рыхтуе і выносіць на разгляд абгрунтаваныя прапановы па найбольш эфектыўнай рэалізацыі задач, якія стаяць перад прадпрыемствам, праводзіць глыбокі і ўсебаковы эканамічны аналіз пры распрацоўцы тэхналогій мадэрнізацыі і ўдасканалення работы. Сістэматычна знаходзіць магчымасці для скарачэння цыкла праектных работ, кіруе працэсамі іх падрыхтоўкі і выканання, уключаючы збор неабходных дакументаў, матэрыялаў, актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы праектаў праграм тэхналагічнага развіцця прадпрыемства, а таксама ў правядзенні выпрабаванняў новага абсталявання і ўводзе яго ў эксплуатацыю.

Таццяна Цітова, намеснік дырэктара па вытворчасці:

— З Георгіем Пятровічам на заводзе працую больш за 20 гадоў.  Займаючы кіруючыя пасады, ён стварыў каманду спецыялістаў-аднадумцаў, выбраў для работы дэмакратычны стыль. Са станоўчых і важных якасцей гэтага чалавека назаву дальнабачнасць і жаданне ўвесь час самаўдасканальвацца. Георгій Пятровіч — ініцыятар прымянення найноўшых тэхналогій у вытворчасці. Так, на нашым прадпрыемстве ўстаноўлена сучасная высокатэхналагічная лінія па нарэзцы сыроў. Гэта дазволіла павялічыць долю выпускаемай прадукцыі з большай дабаўленай вартасцю. Наразны сыр карыстаецца павышаным попытам і ў нашых спажыўцоў, і за межамі Беларусі. У Георгія Пятровіча ўдала спалучаюцца неабходныя прафесійныя і асабістыя якасці. Ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам ва ўсяго нашага калектыву. Мы ганарымся, што ён уключаны ў склад дэлегацыі, якая будзе прадстаўляць Пастаўшчыну на VI Усебеларускім народным сходзе.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.