Не пакінуць без увагі сацыяльную сферу
Вылучэнне мяне дэлегатам на VI Усебеларускі народны сход — і гонар, і вялікая адказнасць. На такім маштабным форуме прагучаць самыя розныя меркаванні па вырашэнні задач, якія стаяць перад краінай. Кожную думку варта дэталёва прааналізаваць і абмеркаваць. Пасля дыскусій і канструктыўнай размовы ўдзельнікі вызначаць галоўныя напрамкі развіцця незалежнай Беларусі. У цэнтры ўсіх рашэнняў, лічу, павінен быць чалавек.
Для мяне як работніка сацыяльнай сферы найбольш важная сістэма прынцыпаў і нарматываў, накіраваных на абарону правоў чалавека, падтрымку сем’яў, стварэнне камфортных умоў для спакойнай старасці. Сістэма дзяржаўнай сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі пастаянна ўдасканальваецца: прымаюцца новыя законы, уводзяцца сучасныя формы і метады аказання сацыяльнай дапамогі, вядзецца работа па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі гэтай катэгорыі людзей, комплексна вырашаюцца праблемы пажылых грамадзян. З кожным годам з бюджэту павялічваюцца расходы на аплату працы, выплату пенсій, стыпендый, дапамог, а таксама на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
На ўліку ў Пастаўскім ТЦСАН знаходзяцца 11 500 чалавек. Сярод іх 860 адзінокіх, больш за 5 000 адзінокапражываючых і 467 інвалідаў I і II груп. Задача нашай установы — клопат пра гэту катэгорыю грамадзян, аказанне ім разнастайных відаў сацыяльных паслуг. Мы працуем з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, мнагадзетнымі, прыёмнымі, а таксама якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, з пажылымі людзьмі. Імкнёмся ствараць для іх такія ўмовы, каб яны адчувалі сябе абароненымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Многім падапечным выдзяляецца адрасная сацыяльная і матэрыяльная дапамога.
Амаль 1 000 жыхароў Пастаўскага раёна карыстаюцца паслугамі сацыяльных работнікаў. Пры неабходнасці афармляем іх у пастаўскае і лынтупскае аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Для тых, хто любіць актыўны адпачынак, створаны гурткі ў аддзяленнях дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі з задавальненнем наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Дзеці з мнагадзетных, прыёмных сем’яў з карысцю праводзяць час у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі.
Вельмі важна і ў будучым прымаць меры па забеспячэнні сацыяльнай абароненасці насельніцтва, развіцці бясплатнай медыцыны і адукацыі, скарачэнні беспрацоўя сярод працаздольнага насельніцтва. Якімі будуць дасягненні ў сацыяльнай сферы, у вялікай ступені залежыць ад стану эканомікі краіны. Таму хочацца, каб сацыяльна-эканамічная сістэма нашай дзяржавы была арыентавана на чалавека, на паляпшэнне ўмоў яго жыцця, работы, адпачынку, павышэнне дабрабыту.
Іна Ягела, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН