Уласны прыклад – найлепшае выхаванне
Адзін са студзеньскіх дзён падарыў сям’і Найдзёнак мноства станоўчых эмоцый: старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў прыехаў павіншаваць Алену з перамогай у абласным спаборніцтве аператараў машыннага даення, а намеснік дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель — з юбілейным днём нараджэння — яе мужа Руслана.
Радзіма Найдзёнкаў — Міёршчына. Працавалі там на льнозаводзе. Затым, каб атрымаць дом, уладкаваліся ў адну з прыгарадных гаспадарак. Алена ўладкавалася на ферму, дабівалася высокіх паказчыкаў, была лаўрэатам звання «Жанчына года Міёршчыны». Аднак хутка пачаліся перабоі з выплатай заработнай платы. Сын на той час вучыўся на 2-м курсе Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Машэрава, дачка была школьніцай.
— Трымалі на падвор’і жыўнасць, — успаміналі Алена і Руслан. — Але гэта мала выручала. Першымі з нашага сельгаспрадпрыемства перабраліся ў Коўзаны Врублеўскія і Арлоўскія. За імі рызыкнулі пераехаць і мы. І ніколькі не шкадуем пра гэта: тут сучасная ферма, добраўпарадкаваная кватэра, годная зарплата.
Руслан і Алена вызначаюцца працавітасцю. Яна пастаянна ў ліку найлепшых аператараў раёна і нават вобласці. Ён — механізатар, на гэтай жа ферме раздае кармы. Прыстойныя ў іх і дзеці. Сын Міраслаў падчас вучобы на 5-м курсе ажаніўся. Затым паступіў у магістратуру. Цяпер праходзіць тэрміновую службу. На канікулах ніколі не сядзеў без справы. У мінулае жніво быў памочнікам камбайнера ў Віктара Рогава. Удзельнічаў у абласных «Дажынках». Нявестка родам з Верхнядзвінскага раёна, вучылася разам з Міраславам. Пакуль чакае мужа з арміі, на сваёй малой радзіме ўладкавалася на работу. Дачка Найдзёнкаў, Вікторыя, — студэнтка 2-га курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна — будучы псіхолаг.
Сёлетні год для Алены і Руслана асаблівы: восенню яны будуць адзначаць сярэбранае вяселле.
— Каханне мацуецца не прыгожымі словамі, а канкрэтнымі справамі, клопатам адно пра аднаго, — упэўненыя Найдзёнкі. — І дзяцей мы выхоўваем на ўласным прыкладзе.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара
Читайте также:
В кафе «Феникс» проводят мастер-классы по приготовлению пиццы для детей
Общие мечты молодоженов Карины и Сергея Буйко начали сбываться
Дети и родители в цифрах: в Поставском отделе ЗАГС подвели итоги 2020-го года