Молодой поставчанин Павел Ярош открыл СТО в д. Старый Двор

Общество

Старым будынкам – новае жыццё

У канцы вёскі Стары Двор ёсць паказальнік, які падказвае вадзіцелям дарогу да станцыі тэхнічнага абслугоўвання. Стрэлка «глядзіць» у бок кустоў і раскіданых сярод іх непрывабных, яшчэ савецкіх, пабудоў. «Дык яны ж даўно аджылі сваё! Няўжо там можна будаваць прыбытковы і перспектыўны бізнес?» — узнікла ў мяне пытанне пры пад’ездзе да СТА. Як аказалася, магчыма

Малады пастаўчанін Павел Яраш у Старым Двары ўжо гадоў 10, як «свой» чалавек. Менавіта столькі часу прайшло з таго моманту, калі ён з двума сябрамі вырашыў арандаваць тут памяшканні і развіваць уласную справу.

Яна мела поспех: у 2016-м прадпрымальнік купіў ва ўласнасць памяшканні плошчай 500 квадратных метраў. Гэта заняло час, бо дакументаў на аб’екты не было, і іх давялося рабіць з нуля. Вельмі дапамаглі супрацоўнікі аддзела эканомікі райвыканкама, якія вырашылі за Паўла шэраг пытанняў.

— Гэты і суседнія будынкі апусцелі яшчэ ў 90-я гады, — расказваў Павел Яраш, праводзячы невялікую экскурсію па сваіх «уладаннях». — Тут, дзе цяпер СТА, раней быў адзін з падсобных цэхаў. Выраблялі рэчы з пластыку — пэндзлі, ручкі для чамаданаў, заколкі… Перад тым як сюды заехаць, выгрузілі гэтага дабра шмат. Падрамантавалі дах, які працякаў, часткова ўставілі вокны. Побач ёсць падстанцыя, магутнасці хапае. Ды і добра, што знаходзімся аддалена ад вёскі — нікому не перашкаджаем.

Работы ў аўтамайстроў шмат. Разнастайнымі паслугамі СТА карыстаюцца і мясцовыя ўладальнікі машын, і пастаўчане, і нават госці з іншых рэгіёнаў Беларусі — Маладзечна, Мінска… Найперш іх прываблівае высокі ўзровень выканання работ вопытнымі спецыялістамі.

— Тэхніка мяне вабіла з дзяцінства, — апавядаў Павел, які нарадзіўся ў вёсцы Шудаўцы на Лынтупшчыне. — Памятаю, як малы катаўся з дзядзькам на трактары і адчуваў сябе ці не самым шчаслівым дзіцём у свеце. У 11 гадоў у мяне ўжо быў мапед, а ў 18 — уласны аўтамабіль, у «начынні» якога я к таму часу добра арыентаваўся. Шчыраваў на СТА ў Глыбокім, аднак у нейкі момант зразумеў, што хачу і магу працаваць на сябе. Пагаварыў з сябрамі-аднадумцамі Міхаілам Кісялём, Мікалаем Шубіным — і разам вырашылі «замуціць» штосьці сваё.

Пачыналі ў цесных гаражах у Лучаі, Навасёлках. І чым больш у хлопцаў знаходзілася кліентаў, тым менш было месца для паўнавартаснай дзейнасці. Пераезд СТА ў Стары Двор гэту праблему вырашыў на 100%.

— Нас тут працуе трое, — гаварыў пра калектыў мой суразмоўца. — Але я сябе «супербосам» не адчуваю (смяецца — аўт.). З хлопцамі, якіх ведаю з дзяцінства, працую нароўні. Работы шмат, прастояў не бывае. Адным патрэбна камп’ютарная дыягностыка, другім — рухавік перабраць, трэцім — зварачныя работы правесці… Стараемся выконваць максімум паслуг, каб у нас маглі вырашыць любую ўзніклую з аўто праблему. Пастаянна навучаемся, бо сучасную тэхніку не параўнаеш з той, што была нават 5-10 гадоў назад. Толькі так пры існуючай канкурэнцыі можна трымацца на плаву і мець добрую базу кліентаў.

Пытаюся ў Паўла пра яго захапленні, не звязаныя з работай.

— Я з задавальненнем займаюся спортам — ужо гадоў пяць хаджу ў «качалку» на ФАК, — адказаў уладальнік СТА. — Люблю матацыклы (гэта захапленне таксама з дзяцінства). Дарэчы, спартыўны байк ёсць не толькі ў мяне, але і ў маёй жонкі Таццяны, якая на гэтым жалезным сябры штодня ездзіць на працу. У маіх планах рабіць на матацыклы і аўто спортабвесы са шклопластыку. Цюнінгаваць, так сказаць.

Гаворачы пра планы, Павел Яраш таксама прызнаўся, што мае жаданне выкупіць і іншыя пустыя памяшканні каля станцыі тэхабслугоўвання. Ёсць ідэі, як напоўніць іх жыццём, выкарыстаць з карысцю. Вопыт у гэтай справе ў маладога чалавека ёсць, а значыць, усё павінна атрымацца…


Намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Аксана Чашун:

— Напрыканцы мінулага года праз аўкцыёны ўдалося прадаць некалькі аб’ектаў, якія не выкарыстоўваліся. Свайго гаспадара знайшоў і спіртзавод у Лынтупах (ён не працуе з 2013 года). Уладальнік аб’екта ўжо пачаў выконваць свае фінансавыя абавязкі і пералічыў частку сродкаў. Агульная сума пакупкі склала каля 3 мільёнаў рублёў.


Іна Сняжкова. Фота аўтара



Читайте также:
В д. Лучай открылся фирменный магазин с продукцией ОАО «Новоселки-Лучай» и кафе
Специалисты контакт-центров Поставского ТЦСОН готовы помочь советом и делом
Працоўны скарб Пастаўшчыны: Семья Варвары и Валентина Станюшей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.