Новогодняя ночь едва не обернулась трагедией для 14-16-летних подростков в Воропаево

Общество

Найперш бацькі ў адказе за паводзіны непаўналетніх дзяцей.

Такога прадстаўнічага бацькоўскага сходу, які адбыўся ў мінулую пятніцу ў Варапаеўскай сярэдняй школе, раней у яе гісторыі не было. Акрамя бацькоў і педагогаў, на ім прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, старшы памочнік пракурора Тамара Зубко, начальнік аддзела па адукацыі Павел Трава, галоўны спецыяліст гэтага аддзела Ніна Каспяровіч, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Марына Нагановіч, прадстаўнікі міліцыі, сельскага Савета, дзяржкаледжа. І гэта невыпадкова: навагодняй ноччу ў гарпасёлку адбылося здарэнне, якое выклікала вялікую заклапочанасць усіх, хто адказвае за выхаванне непаўналетніх. Таму і вырашана было правесці сход у такім шырокім фармаце.

Што ж здарылася ў Варапаеве? Група 14-16-гадовых падлеткаў асобнай кампаніяй, без прысутнасці дарослых, але з іх дазволу, вырашыла сустрэць Новы год на кватэры адной з дзяўчат. Урэшце навагодняя вечарына ледзь не завяршылася трагедыяй. Падрабязнасці здарэння не агучваю, паколькі праводзіцца следства, якое і расставіць усе кропкі над «і». Але ўжо сёння можна сказаць, што пакаранне панясуць і падросткі, і іх бацькі.

 

Сапраўды, хто, як не бацькі, у адказе за сваіх дзяцей? Дзе, як не ў сям’і, фарміруецца мадэль іх паводзін у грамадстве? Якія б метады выхавання ні практыкаваліся ў навучальных установах, першачарговая роля ў гэтай справе належыць сям’і. Але, як сведчаць факты, не ўсе мамы і таты належным чынам выконва­юць свае бацькоўскія абавязкі. Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ніна Каспяровіч расказала прысутным, што ў мінулым годзе паступіла 163 паведамленні пра сямейную нядобранадзейнасць. 48 дзяцей з 18 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. 107 прызнаны сіротамі і тымі, хто застаўся без бацькоўскай апекі. Прычым толькі 7 з іх біялагічныя сіроты, а астатнія лічацца такімі пры жывых бацьках і выхоўваюцца ў прыёмных або апякунскіх сем’ях. Толькі за 2020 год рашэннем суда 11 бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Сацыяльнае сіроцтва не толькі не зжыта, але і нават пашырылася. І гэта не можа не выклікаць трывогі. Таму суб’екты прафілактыкі будуць яшчэ больш настойліва выяўляць і кантраляваць нядобранадзейныя сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці.

А хіба не насцярожвае статыстыка, агучаная ўчастковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Наталляй Трыфанавай? У 2020 годзе непаўналетнімі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, здзейснены 2 злачынствы: угон аўтамабіля і прымяненне насілля да супрацоўніка міліцыі. Яшчэ 4 злачынствы на рахунку непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці (яна наступае з 14 гадоў). Гэта кра­дзяжы і прычыненне цялесных пашкоджанняў. Таксама былі здзейснены 2 спробы суіцыду. На непаўналетніх складзены 54 адміністрацыйныя пратаколы, на бацькоў — 47.

Старшы памочнік пракурора Тамара Зубко нагадала пра абавязкі бацькоў і адказнасць за іх невыкананне. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч прывяла шэраг фактаў, якія сведчаць пра тое, што бацькі не займаюцца выхаваннем дзяцей, а тыя, карыстаючыся бескантрольнасцю, здзяйсняюць правапарушэнні і нават злачынствы. Вось і за навагодняе здарэнне з непаўналетнімі віна кладзецца на бацькоў, якія, па сутнасці, праявілі раўнадушнасць, не пацікавіліся, як тыя право­дзяць час, не пракантралявалі своечасова. Гаворачы пра мясцовую школу, Марына Паўлаўна адзначыла, што яна заўсёды была на добрым рахунку. Калектыў выдатна спраўляецца са сваёй асноўнай, адукацыйнай, функцыяй. Навучэнцы штогод вызначаюцца на раённых, абласных этапах алімпіяд, выпускнікі паступаюць у ВНУ і каледжы. А вось паспяхова ажыццявіць выхаваўчую функцыю без узаемадзеяння педкалектыву з бацькамі немагчыма. На жаль, многія з іх праяўляюць абыякавасць.

У заключэнне намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург падкрэ­сліў, што ў Варапаеўскай сярэдняй школе працуе шмат розных гурткоў, секцый, многае робіцца для арганізацыі змястоўнага адпачынку навучэнцаў. Акрамя таго, у гарпасёлку дзейнічае філіял музычнай школы, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Такім чынам, ёсць шырокія магчымасці для развіцця дзяцей. Таму вельмі важна, каб педагогі і бацькі скіравалі іх энергію ў правільнае рэчышча. «Паважаныя бацькі, зна­ходзьце час для зносін з дзецьмі, цікаўцеся іх вучобай і інтарэсамі» — заклікаў Станіслаў Уладзіміравіч.

Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Как уберечь дом от пожара? Советы и рекомендации спасателей
Военнослужащие погранзаставы «Ярево» охраняют границу в любую погоду (+видео)
Поставские правоохранители подвели итоги оперативно-служебной деятельности за 2020 год



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.