У фундаменце – каханне
Карыну Сяргей упершыню ўбачыў у бары «Колесо» — і патануў у прыгажосці яе вялікіх блакітных вачэй. Дзяўчыне хлопец спачатку падаўся пафасным. І яна не стала разглядаць нават варыянт сяброўства. Тым не менш іх шляхі неаднаразова перасякаліся. У такія моманты маладыя людзі бліжэй пазнавалі адно аднаго. Урэшце сталі сустракацца. Карына заўважыла Сяргееву разважлівасць, сур’ёзнасць і пакахала яго. Калі праз год ён прапанаваў пераехаць да яго, згадзілася.
— Я родам з Шаркаўшчыны, — расказваў Сяргей. — У Паставы прыехаў на работу ў філіял «ДЭУ-33». І лёс паслаў мне сапраўднае каханне. Карына — не проста прыгожая, але і вельмі добрая. Яна — цудоўная гаспадыня. Аднапакаёвую кватэру, якую я здымаў, за кароткі тэрмін ператварыла ва ўтульнае сямейнае гняздо.
— Гэта было своеасаблівае выпрабаванне! — не стрымлівае эмоцый Карына. — Халасцяцкая кватэра без пральнай машыны, са старым халадзільнікам, які прыходзілася размарожваць кожны тыдзень… Я працавала ў АДРАЦ «Ветразь». Вярнуўшыся з работы, імкнулася стварыць дома ўтульнасць. На вокнах зацвілі кветкі, сумеснае жыццё стала яркім і насычаным.
Праз два гады, у 2017-м, Сяргей прапанаваў Карыне руку і сэрца. Марай маладажонаў было нараджэнне дзіцяці і пабудова ўласнага дома.
— Каб было весялей, завялі ката-сфінкса. Ахіналі Мію сваёй любоўю, — лашчыць кошку Карына. — А яна аказалася хваравітай, мяўкала па начах.
Праз год сям’і Буйко выдзелілі ўчастак пад будаўніцтва дома. Яны ўзялі крэдыт — і закіпела работа.
— Фундамент залівалі ўдвух з бацькам, які прыязджаў з Шаркаўшчыны мне на дапамогу, — успамінаў Сяргей. — Сцены ўзводзілі будаўнікі, электрычнасць, сантэхніку рабілі адпаведныя спецыялісты. А шпалеры ва ўсіх пакоях мы клеілі ўдваіх з Карынай.
— Нашы сябры жартавалі: калі за гэты час не развяліся — будзеце жыць разам доўга, — расказвала Карына. — Я імпульсіўная, а Сяргей ураўнаважаны. Звычайна пачакае, пакуль ўлягуцца мае эмоцыі, і толькі тады пачынаем абмяркоўваць тую ці іншую справу. Гаспадарлівы, клапатлівы, надзейны.
1 лютага 2020-га ў сям’і нарадзіўся Міша, а ў кастрычніку Буйко засяліліся ў новы дом. Работы яшчэ шмат. На парадку дня — узвядзенне лазні (фундамент ужо заліты), добраўпарадкаванне тэрыторыі.
— Не перадаць словамі нашага шчасця! — па-ранейшаму эмацыянальна расказвала Карына. — Камфортныя пакоі, столькі прасторы вакол дома! Калі нарадзіўся сынок, у аднапакаёвай кватэры стала цесна.
У фундаменце сям’і Буйко — каханне. Каб у гэтым упэўніцца, дастаткова было наведацца да іх і паназіраць за ўзаемаадносінамі мужа і жонкі.
— Узорам таго, як будаваць сямейныя адносіны, з’яўляюцца мае бацькі, — працягваў Сяргей. — Я ніколі не чуў, каб яны павышалі голас адно на аднаго. Тата шануе маму, імкнецца ва ўсім ёй дапамагаць. Мы і сына назвалі ў гонар майго таты. Ну а прыклад трывалых роднасных адносін паказваюць Карыніна бабуля і дзве яе сястры.
Анна Анішкевіч
Фота з архіва сям’і Буйко
Читайте также:
Скрапбукинг и кардмейкинг. Посмотрите, какую красоту создает поставчанка Наталия Брись
Работники ЖКХ ежедневно убирают и вывозят снег с улиц г.Поставы на городской полигон
В кафе «Феникс» проводят мастер-классы по приготовлению пиццы для детей