Подарками, поздравлениями и веселыми гуляниями запомнятся поставчанам зимние праздники

Важное Общество

Каляды і Новы год — час добрай казкі, радасці, весялосці. У гэтыя зімовыя дні яны пастукаліся ў дзверы да ўсіх, хто верыць у цуд і сам становіцца чараўніком для іншых. Як заўжды, асаблівай увагай былі атулены дзеці, не давялося сумаваць і дарослым.

«Ёлачка жаданняў»

Дабрачынная навагодняя акцыя пад такой назвай сёлета ў раёне прайшла ўпершыню. Падчас яе выступіць у ролі добрых чараўнікоў змаглі кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Пастаўшчыны. Для гэтага ім неабходна было выканаць мары 35 дзяцей-сірот з замяшчальных сем’яў.

Ноўтбук у падарунак атрымалі выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу

А каб дарослыя не памыліліся пры выбары падарунка, хлопчыкі і дзяўчынкі загадзя напісалі паштоўкі Дзеду Марозу, указаўшы, што жадаюць атрымаць на свята. Запыты былі розныя. Маленькія прасілі мяккія цацкі, лялькі, каляскі і домікі для сваіх новых сябровак, машынкі і верталёты розных мадыфікацый, пазлы, канструктары. Старэйшыя — веласіпед, ноўтбук, планшэт, скейтборд. Але памочнікі сівабародага казачнага дзеда не падвялі і выканалі кожную просьбу. А як дзеткі ім за гэта ўдзячныя, яны напішуць у лістах Дзеду Марозу.

Часцінка дабрыні

Напэўна, некалькі апошніх тыдняў не было і дня, каб дзеці, якія зараз знаходзяцца ў прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна, не атрымлівалі падарункаў ад даўніх і новых сяброў установы. Пра салодкія пачастункі, цацкі, вопратку, фрукты, пасцельную бялізну сродкі гігіены і многае іншае паклапаціліся раённая ўлада, малаказавод, Пастаўскі мэблевы цэнтр, лясгас, АУС райвыканкама, ДАІ, Варапаеўская дыстанцыя пуці, прафсаюзныя арганізацыі Беларусбанка і ваеннага шпіталя, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў. Былі шчодрымі на падарункі раённыя арганізацыі Беларускага саюза жанчын і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, райкам БРСМ, сёстры касцёла святога Антонія Падуанскага, нядзельная школа пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Паставы, індывідуальныя прадпрымальнікі Людміла Курыловіч і Марына Селядцова, а таксама шматлікія валанцёры.

Ранішнік у прытулку СПЦ

Не менш станоўчых эмоцый, чым падарункі, прынеслі дзятве і ранішнікі ў прытулку. Першы прайшоў ва ўстанове 28 снежня і сабраў «на агеньчык» бацькоў, спонсараў і казачных персанажаў. На правах гаспадароў дзеці зладзілі для іх сапраўднае свята: спявалі, танцавалі, расказвалі вершы, здзіўлялі талентамі, радавалі непасрэднасцю. Гледзячы на іх, цяжка было не расчуліцца. Апошні ранішнік адбудзецца сёння, напярэдадні праваслаўнага Раства.

Казка на дом

Каб далучыцца да рэспубліканскай дабрачыннай  акцыі «Нашы дзеці», 27 снежня намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце 1-га радыётэхнічнага цэнтра Сяргей Цеплякоў і аператар радыёлакацыйнага ўзвода Галіна Лыжко змянілі ваенную форму на касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі. Напакавалі мех падарункамі для дзетак, якія выхоўваюцца ў сям’і Юліі Тамко і Сяргея Кавалёва, і накіраваліся да іх у госці ў аграгарадок Парыж. А ў памочнікі казачныя персанажы ўзялі салдат тэрміновай службы Антона Копцева і Паўла Русіновіча — разам і карагод весялей вадзіць, і падарункі зручней уручаць.

Дэсант чараўнікоў-вайскоўцаў у Парыжы

Апранутыя ў прыгожыя сукенкі 13-гадовая Мілана, 5-гадовая Міраслава, 2-гадовая Бажэна, іх мама і 5-месячны брацік Валодзя ў касцюме Санты, чакалі вайскоўцаў з нецярпеннем. Сястрычкі ахвотна расказвалі ім вершы, адгадвалі загадкі, спявалі песні. А якім шчасцем свяціліся вочы дзяцей пры атрыманні падарункаў! На развітанне яны ўручылі казачнаму дэсанту свой — дамашняе печыва.

З аналагічнай праграмай ваеннаслужачыя цэнтра наведаліся ў госці да апякунскай сям’і Сяргея і Ганны Шарыпкіных з Навасёлак, якія выхоўваюць трох прыёмных дзетак.

Вакол галоўнай прыгажуні

Як заўжды, месцам прыцягнення для многіх стала галоўная ёлка раёна, устаноўленая на плошчы Леніна ў райцэнтры. 27 снежня каля яе сабраліся дзеці, якіх на святочную праграму «Забавы ля навагодняй ёлкі» прывялі мамы і таты, бабулі і дзядулі. Разам з малымі вакол лясной прыгажуні карагодзілі Дзед Мароз, Снягурка, Баба Яга і Снегавік. Удосталь было гульняў, конкурсаў, танцаў, смеху і цудоўнага настрою. Пра гэта паклапаціліся работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.

У разгары праграма «Забавы ля навагодняй ёлкі»

Яны ж стварылі казачную атмасферу і для дарослых, якія вырашылі прыйсці на плошчу Леніна ў навагоднюю ноч. Усіх, каму не сядзелася дома, весяліла кампанія казачных герояў. А яна падабралася незвычайная: ускалыхнуць гледачоў, уцягнуўшы іх у інтэрактыўныя гульні, на сцэне Дзеду Марозу дапамагалі… беларуска Зюзеўна, амерыканка Санта Клава і бразільянка Папай Наэля. У натоўпе гэту місію выконвалі роставыя лялькі Мядзведзь, Лісіца і Каза, пільна сочачы за тым, каб ніхто не сумаваў.

Цудоўным завяршэннем прадстаўлення стаў святочны феерверк, які на некалькі хвілін расквеціў начное неба над Паставамі.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара і Сяргея Вшыўкава



Читайте также:
Поставчанка Карина Солодкая, ставшая первым в Поставском районе ребенком 21-го века, празднует юбилей
Поставчанин Сергей Форманюк вручную шьет все изделия кожгалантереи
ПК подвел итоги 2020-го года и поздравляет поставчан с Новым годом (+видео)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.