Поставчанка Карина Солодкая, ставшая первым в Поставском районе ребенком 21-го века, празднует юбилей

Общество

Яна «адкрыла» новае стагоддзе

Пастаўчанка Карына Салодкая нарадзілася 1 студзеня 2001 года і стала першым у раёне дзіцем новага стагоддзя.

Расказваючы ў газеце пра падзею, рэдакцыя абяцала чытачам весці летапіс жыцця дзяўчынкі. Слова трымаем, час ад часу змяшчаючы ў «Пастаўскім краі» публікацыі пра яе. На гэты раз нагода асаблівая — у Карыны юбілей.

Найперш я вярнулася ў 2001-ы — з задавальненнем узгадала, а потым і прачытала ў падшыўцы раёнкі матэрыял з радзільнага аддзялення ЦРБ. Нованароджаную, яе бацькоў, Анжэлу і Аляксандра Салодкіх, бабуль і дзядуляў цёпла віншавалі старшыня райвыканкама Ванда Януковіч і яе намеснік Ала Кейзік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Арэхаў, галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы. Маладая сям’я атрымала ў падарунак ад раённай улады шыкоўную дзіцячую каляску і пэўную суму грошай.

Але прайшло чатыры месяцы, і ў сям’ю Салодкіх уварвалася гора — памёр Карынін тата, якому было ўсяго 22. Дзяўчына ведае яго толькі па фотаздымках і расказах родных. Шмат слёз праліла 20-гадовая ўдава з немаўляці на руках. Ды жыццё працягваецца. З цягам часу зарубцавалася рана на сэрцы маладой жанчыны, і яна зноў выйшла замуж. Разам з мамай Карыну выхоўваў клапатлівы айчым. У сям’і нара­дзілася яшчэ двое дзяцей. Зараз Жэня ходзіць у 2 клас, Ігнат — у дзіцячы садок. Старэйшая сястра вельмі любіць бавіць з імі час, купляе падарункі. А яны радасна сустракаюць яе ў кожны прыезд з Полацка, дзе Карына вучыцца.

— Наступны год для мяне асаблівы, — расказвала дзяўчына. — Закончу педагагічны каледж і буду працаваць у школе. Радуе, што не памылілася ў выбары прафесіі. Мне падабаецца вучоба. Не расчаравала і практыка, якую, пачынаючы з другога курса, прахо­дзіла ў адной з наваполацкіх школ. Летам працавала выхавальнікам у лагеры. У гэтая дні ў мяне зноў практыка. Займаюся з першакласнікамі.

Пацікавілася ў Карыны, якое самае запаветнае жаданне загадае пад Новы год. На што яна пасля невялікай замінкі весела адказала: «А няхай гэта застанецца маёй тайнай». Ну, вядома ж, у каго з 18-20-гадовых няма тайн?! І няхай загаданае абавязкова збудзецца! А навагодняе свята, якое плаўна пяройдзе ў яе дзень нараджэння, дзяўчына сустрэне ў Полацку, у кампаніі сяброў. З роднымі адзначыць прыгожы юбілей крыху пазней. І гэта добра, бо дае працяг святочнаму настрою.

Фаіна Касаткіна
Фота даслала Карына Салодкая



Читайте также:
Посмотрите, какую красоту создает из пластилина 8-летняя Мария Кимбор из г.п. Воропаево
В г.п. Воропаево торжественно открыли станцию обезжелезивания и водопровода (обновлено)
В районный Центр коррекционно-развивающего обучения и реабилитации пришел Новый год



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.