Ёсць і дасягненні, і недапрацоўкі
На мінулым тыдні ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2020 год і вызначылі задачы на першае паўгоддзе 2021-га. На нарадзе прысутнічалі начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Андрэй Любімаў, намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ Іван Іваноў, кіраўнікі службаў і падраздзяленняў АУС і іх намеснікі, а таксама некаторыя супрацоўнікі аддзела.
З аналізам аператыўнай абстаноўкі, якая склалася на тэрыторыі раёна летась, выступіў начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Рыбакоў. Ён адзначыў, што прынятыя арганізацыйныя і практычныя меры па-ранейшаму дазваляюць падтрымліваць правапарадак у рэгіёне, забяспечваць грамадскую і эканамічную бяспеку, абарону асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян. 2020 год характарызаваўся нязначным ростам колькасці зарэгістраваных злачынстваў як па напрамках дзейнасці ўсіх службаў (з 261 да 277), так і па лініі крымінальнага вышуку (са 140 да 145). Пры гэтым узровень крыміналізацыі на 10 тысяч насельніцтва на Пастаўшчыне ніжэйшы за сярэднеабласны (79,1 супраць 92,2).

— Па выніках работы ў мінулым годзе па шэрагу напрамкаў намі дасягнуты станоўчыя вынікі, — гаварыў Аляксандр Анатольевіч. — Так, істотна зменшылася агульная колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў — з 25 да 14. Адзначаецца зніжэнне злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, раней асуджанымі асобамі і непаўналетнімі. Аднак маюцца і негатыўныя моманты. Летась у два разы павялічылася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, больш здзейснена злачынстваў у грамадскіх месцах. Напружанай застаецца і сітуацыя на дарогах раёна. У 2020 годзе адбылося 14 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 13 чалавек атрымалі траўмы і 4 загінулі, у тым ліку пацярпелі трое непаўналетніх. 2 ДТЗ здзейснены вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап’янення.
Больш падрабязна пра вынікі работы па асобных напрамках дзейнасці расказалі намеснікі начальніка райаддзела: начальнік крымінальнай міліцыі Дзмітрый Куталёў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандр Мядзелка і намеснік па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Павел Свірбутовіч. Яны завастрылі ўвагу на недапрацоўках, прапанаваўшы канкрэтныя мерапрыемствы па стабілізацыі абстаноўкі.
Задачы для кожнай службы паставіў і начальнік УУС аблвыканкама Андрэй Любімаў. Ён раіў звярнуць асаблівую ўвагу на забеспячэнне дарожнай бяспекі ў раёне, прафілактыку правапарушэнняў, асабліва ў сферы быту. Таксама гаварыў пра неабходнасць стрымлівання росту кіберзлачынстваў, якія літаральна захліснулі ўсю рэспубліку. У канцы нарады Андрэй Юр’евіч узнагародзіў найлепшых супрацоўнікаў аддзела. А сам АУС як пераможца абласнога конкурсу на найлепшае навагодняе афармленне адміністрацыйных будынкаў і службовых памяшканняў атрымаў у падарунак камп’ютар.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также:
19 января — День спасателя. Матрос-спасатель спасательной станции Андрей Бондаренко
Как уберечь дом от пожара? Советы и рекомендации спасателей
Военнослужащие погранзаставы «Ярево» охраняют границу в любую погоду (+видео)