«Працоўны скарб Пастаўшчыны»: Семья Варвары и Валентина Станюшей

Общество

Шчырыя і працавітыя

У рэдакцыю патэлефанавала старэйшына Балаёў Марына Табола: «У раённай газеце ёсць рубрыка «Працоўны скарб Пастаўшчыны». Запрашаю прыехаць у нашу вёску да Варвары і Валянціна Станюшаў і напісаць пра іх: паважаныя людзі, былыя калгасныя перадавікі. Ім ёсць што расказаць».

— Сапраўды, ёсць, — пагаджаецца з гэтым пры сустрэчы Варвара Канстанцінаўна і выкладвае на стол цэлы стос грамат, падзяк, дыпломаў, якімі адзначалася старанная праца яе, даяркі, і мужа-механізатара. — Ужо ў 13 гадоў я даіла калгасных кароў, якіх у даверанай групе было 13. Ад цяжкай працы сталі апухаць і балець рукі. Прыйшлося пакінуць ферму.

Тут трэба сказаць, што расла дзяўчынка ў сям’і, дзе было чацвёра дзяцей. Маці памерла маладой. Вара, якая нарадзілася ў 1942-м, нават не памятае яе. Пасляваенная бедната вымушала шукаць сродкі на існаванне, таму было не да вучобы. Не атрымала нават няпоўнай сярэдняй адукацыі. Яе школай жыцця стала праца. Пасля фермы дзяўчо загартоўвала чыгунка, затым — будоўля.

— У нашай маладзёжнай будаўнічай брыгадзе было весела, — успамінае Канстанцінаўна далёкія гады. — Працавалі шмат і цяжка. Але і адпачываць умелі. Здаўшы чарговы аб’ект і атрымаўшы прэмію, абавязкова ла­дзілі гулянку. Не столькі выпівалі, колькі спявалі, танцавалі, жартавалі. Я вельмі любіла спяваць. Ужо і будучы замужам, ахвотна ўдзельнічала ў мастацкай сама­дзейнасці, выступала на сцэне.

Са сваім будучым мужам Валянцінам Станюшам — хлопцам з Казімерцаў — яна пазнаёмілася на вяселлі сяброўкі. Ён тады служыў у арміі і прыехаў у вёску да бацькоў у кароткатэрміновы водпуск. Спадабаліся адно аднаму, сталі перапісвацца. Дачакалася вяртання хлопца, і праз некаторы час яны пажаніліся.

Яны маглі б апынуцца за мяжой. Да службы Валянцін набыў спецыяльнасць механізатара. У воінскай часці быў механікам, выдатна зарэкамендаваў сябе. Пасля звальнення выклікалі ў райваенкамат, агітавалі на звыштэрміновую службу за мяжой. Адмовіўся, бо не захацеў пакідаць бацькоў і малую радзіму, хоць і жылося тут нялёгка. Працаваў у калгасе «Бальшавік» на гусенічным трактары, летам — на камбайне. Калі выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва на жніве, акрамя прэміі, атрымаў права пазачарговага набыцця «Жыгулёў» (у тыя гады легкавыя машыны былі ў вялікім дэфіцыце).

— Але на «Жыгулі» ў нас не хапала грошай, а старшыня калгаса адмовіў у пазыцы, — не без крыўды ўзгадвае Валянцін Леанідавіч. — Прыйшлося купляць «Масквіч». І на той грошы дабаўляла радня. Машына аказалася ўдалай і праслужыла нам шмат гадоў.

Многіх узнагарод рознай вартасці ўдастойвалася і Варвара Канстанцінаўна. Выйшаўшы замуж, яна ўладкавалася на ферму. 20 гадоў адпрацавала даяркай. З’яўлялася членам раённага клуба даярак-чатырохтысячніц, атрымала званне «Майстар высокіх надояў».

Станюшы вызначаліся не толькі на калгаснай працы. Найперш яны былі ўзорнымі гаспадарамі: пабудавалі прасторны дом, трымалі вялікае падвор’е, усюды паспявалі. Здавалася б, шчырыя, працавітыя, сумленныя людзі ўсё мелі для шчасця. Аднак лёс паслаў ім цяжкае выпрабаванне: у 27-гадовым узросце раптоўна памёр адзіны сын. З таго часу прайшло ўжо 26 гадоў. Але, расказваючы пра сваё гора, баць­кі і зараз не могуць стрымаць слёз. Адно суцяшае, што застаўся сынаў працяг — унукі Міша і Саша. Хлопцы ўжо дарослыя. Абодва жывуць і працуюць у Мінску. Звоняць бабулі з дзядулем, наведваюцца да іх. А тыя падтрымліваюць унукаў матэрыяльна.

— Атрымліваем немалую пенсію, недалёка магазін, амаль побач з домам ФАП, — гаварылі ветэраны працы. — А якія цудоўныя ў нас суседзі Андрэй і Марыя Скрабец! Яны нам як родныя. Ніколі ні адным дрэнным словам не перакінуліся. Дапамагаюць ва ўсім. Жыць цяпер добра, толькі здароўе падво­дзіць. Але трымаемся! Дзякаваць Богу, што ўдваіх.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Резьба по дереву как образ жизни: Иван Кейзик из д. Кейзики создает шедевры из дерева
В д. Лучай открылся фирменный магазин с продукцией ОАО «Новоселки-Лучай» и кафе
Специалисты контакт-центров Поставского ТЦСОН готовы помочь советом и делом



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.