Специалисты контакт-центров Поставского ТЦСОН готовы помочь советом и делом

Общество

Выслухаць і дапамагчы

Гэта задача спецыялістаў кантакт-цэнтраў ТЦСАН

Людміла Шабовіч чацвёрты год у Паставах даглядае старэйшую сястру, якая пасля інсульту стала інвалідам I групы. Блізкай радні побач няма, таму прыходзіцца разлічваць толькі на сябе. Адной спраўляцца з усім складана. Таму звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з просьбай назначыць для сястры сядзелку. Праблем дабавіла неспрыяльная эпідсітуацыя. Жанчына стараецца лішні раз не выходзіць з кватэры, каб не падхапіць COVID-19.

Аднаго разу патэлефанавалі з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і прапанавалі дапамогу. Гэта абрадавала і абнадзеіла. Спецыялісты цэнтра выпісалі ў паліклініцы рэцэпт і даставілі яго Людміле Аркадзьеўне. Неяк у інваліднай калясцы сястры зламалася кола. І зноў выручыў ТЦСАН.

Аксана Дробышава з загадчыцай аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Дар’яй Домчавай збіраюцца да падапечных для аказання паслугі «санаторый дома»

— Кантакт-цэнтры — гэта новая форма работы з адзінокімі, адзінокапражываючымі грама­дзянамі, інвалідамі, — тлумачыла дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская. — Працуюць яны пры пастаўскім і лынтупскім аддзяленнях дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту са снежня мінулага года. Спецыялісты абзвоньваюць гэту катэгорыю грамадзян, якія знаходзяцца ў нашай базе даных, цікавяцца іх справамі і патрэбамі, інфармуюць пра паслугі сацыяльнай службы.

— На ўліку ў пастаўскім аддзяленні амаль 500 адзінокіх, 250 інвалідаў, — расказвала спецыяліст кантакт-цэнтра Аксана Дробышава. — Яны не карыстаюцца паслугамі сацыяльных работнікаў. Але з практыкі ведаем, як няпроста жыць тым, у каго няма дзяцей або іншай блізкай радні. Пандэмія ўскладніла жыццё ўсім, а адзінокім, хворым — тым больш. Таму мы стараемся ім дапамагчы: прапануем купіць і даставіць прадукты, выпісаць рэцэпты на лякарствы і г.д. Нярэдка падчас тэлефоннай размовы высвятляюцца сур’ёзныя праблемы. Напрыклад, у адной бабулі дыміла печка. Мы тэрмінова знайшлі спецыяліста, які ліквідаваў няспраўнасць. Пажылому мужчыну стала цяжка самому цепліць печ, і ён папрасіў аформіць яго ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання ТЦСАН. Прыйшлося заняцца зборам неабходных дакументаў. 80-гадовая жанчына пахавала адзінага сына, а з’ездзіць на могілкі магчымасці не мае. Прапанавалі ёй паслугу сацыяльнага таксі. На ім у суправаджэнні работніка сацслужбы дастаўляем на прыём да ўрача інвалідаў I групы з праблемамі апорна-рухальнага апарату і інвалідаў па зроку.

Тэлефонная размова спецыяліста кантакт-цэнтра з адзінокімі людзьмі доўжыцца ў сярэднім 40 хвілін. Суразмоўцу знаёмяць з паслугамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, праводзяць анкетаванне, падчас якога і высвятляюцца праблемы. Уважлівасць, добразычлівасць, разуменне — найважнейшыя прынцыпы работы. З кожным кліентам размаўляюць тактоўна, ветліва, стараюцца, каб чалавек адчуў заклапочанасць і імкненне яму дапамагчы.

— Такім людзям найперш хочацца выгаварыцца, — адзначыла Аксана Дробышава. — Калі маладзейшыя маюць зносіны праз сацыяльныя сеткі, то для старэйшых адзіны сродак сувязі — тэлефон. Да многіх я ўжо паспела прыкіпець душой. Тэлефанавала ім у святы, віншавала. Колькі жыццёвых гісторый пачула!

Калі вам сумна, трывожна, няма да каго звярнуцца па параду і дапамогу, вы можаце набраць нумар тэлефона кантакт-цэнтра:

  • у Паставах — 2-50-01 (аўторак, серада і чацвер — з 14.00 да 17.00, пятніца — з 9.00 да 13.00),
  • у Лынтупах — 2-02-31 (панядзелак і чацвер — з 14.00 да 16.00).

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Восьмилетняя Вероника Шорец не верила в Деда Мороза… Пока не сбылась ее мечта
Резьба по дереву как образ жизни: Иван Кейзик из д. Кейзики создает шедевры из дерева
В д. Лучай открылся фирменный магазин с продукцией ОАО «Новоселки-Лучай» и кафе



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.