Стало известно, кто победил в культурно-спортивном мероприятии «Поставская лыжня-2021»

Спорт

Пакарылі снежную трасу

У нядзелю гарадскі стадыён па вуліцы Савецкай сабраў аматараў лыжных гонак з усяго раёна. На гэты раз у традыцыйным культурна-спартыўным свяце «Пастаўская лыжня-2021» спаборнічалі 28 каманд, 16 чалавек выйшлі на снежную трасу ў індывідуальным заліку.

Яшчэ да пачатку спартыўных стартаў тут усё адпавядала атмасферы свята: з дынамікаў гучала бадзёрая музыка, чакаў сваіх герояў п’едэстал гонару, працаваў выязны гандаль. Адны ўдзельнікі віталі сапернікаў — гэткіх жа, як і самі, аматараў лыжных гонак, другія абкатвалі спартыўны інвентар, стоячы на месцы, разміналіся.

— Вітаю ўсіх аматараў спорту: удзельнікаў, арганізатараў, гледачоў! — звярнуўся да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Нарэшце прырода падарыла нам зімовае надвор’е і дазволіла правесці спаборніцтвы. Шчыра жадаю лыжнікам паспяховых выступленняў, а ўсім астатнім — цудоўнага настрою.

Летась у раёне лыжныя гонкі не праводзіліся: не было адпаведнага надвор’я. Таму права ўзняць Дзяржаўны флаг перад пачаткам спаборніцтваў было дадзена прадстаўнікам каманд-пераможцаў 2019-га — Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, Навасёлкаўскага сельскага Савета і аддзела па адукацыі райвыканкама.

Адначасова са спартыўнай распачалася культурная праграма. Сваім выступленнем гледачоў радавала народная эстрадная група «25 плюс-мінус». Гульнямі на свежым паветры дзяцей забаўлялі супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.

Першымі на 3-кіламетровую дыстанцыю выйшлі навучэнцы каледжа, гарадскіх і сельскіх школ. Сёлета было заяўлена 10 каманд. Найлепшы вынік у гэтай групе (11 хвілін 23 секунды), як і ў папярэднія гады, паказалі прадстаўнікі каледжа: Максім Шлапо, Уладзіслаў Селязнёў, Міхаіл Цяцерыч і Кацярына Ткачонак.

— Наша перамога — вынік рэгулярных трэніровак, — дзяліўся пасля абвяшчэння рэзультатаў трэнер каманды Юрый Трафімаў. — Калі дазваляў час, на лыжню выходзілі і двойчы на дзень. Лічу, менавіта таму і здолелі вытрымаць націск іншых удзельнікаў. Зараз галоўнае — не збаўляць абаротаў і рыхтавацца да абласных спаборніцтваў.

На 29 секунд адстала ад пераможцаў у сваёй групе каманда Навасёлкаўскай СШ і заняла другое месца, на трэцім — СШ №3 (13,16).

Другімі да лыжнай эстафеты далучыліся прадстаўнікі сельскіх Саветаў. За першынство ў пераадоленні 2,5-кіламетровай адлегласці змагаліся 6 каманд. Сёлета зноў не саступілі лідарства ў сваёй групе прадстаўнікі Навасёлкаўскага сельскага Савета. Павел Сініца, Антон Зямчонак і Меліке Кулёнак фінішавалі з вынікам 8 хвілін 1 секунда. «Усе — мэтанакіраваныя, таленавітыя, спартыўныя, — не шкадаваў слоў пахвалы ў адрас каманды старшыня сельвыканкама Канстанцін Мядзведзеў. — Іх падрыхтоўцы шмат увагі ўдзяляе настаўнік фізічнай культуры і спорту навасёлкаўскай школы Генадзій Ластоўскі». На другую прыступку п’едэстала гонару паднялася каманда Ярэўскага сельскага Савета (8,23), на трэцюю — Дунілавіцкага (10,01).

Наступнымі лыжню абкаталі зборныя арганізацый, прадпрыемстваў і воінскіх часцей. У гэтай групе стартавала 12 каманд. Не было сюрпрызаў і тут: лідарамі гонкі ў чарговы раз сталі прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама. За 11 хвілін і 45 секунд дыстанцыю пераадолелі Валерый Каліцкі, Генадзій Ластоўскі, Аляксандр Бандарэнка і Наталля Юрэвіч.

— Дзякуй арганізатарам за выдатнае свята, а ўдзельнікам  — за спартыўны дух, які зрабіў саперніцтва азартным і прыемным, — дзяліліся ўражаннямі прадстаўнікі сферы адукацыі. — Каб быць здаровымі, займайцеся спортам. Ура!

Каманда каледжа фінішавала другой (13,11), раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — трэцяй (13,45).

Завяршыліся лыжныя гонкі асабістымі забегамі. Тут усе прызавыя месцы, акрамя аднаго, заваявалі прадстаўнікі каледжа. Трэцімі прыйшлі Дзіяна Максімава (3,12) і Ула­дзіслаў Нялюбаў (3,44), другімі — Віялета Васілеўская (2,55) і Юрый Трафімаў (3,29). Першай сярод дзяўчат 500 метраў прабегла Кацярына Ткачонак (2,28), а кіламетр сярод мужчын — ваеннаслужачы пагранзаставы «Ярэва» Ілья Клімовіч. Для гэтага яму спатрэбілася 3 хвіліны 13 секунд. Павіншаваць хлопца з перамогай падыходзілі нават яго найбліжэйшыя канкурэнты, адзначаючы выдатную тэхніку каньковага ходу, якую той прадэманстраваў.

— Я родам з Нясвіжскага раёна, — расказваў Ілья Клімовіч. — На лыжы ўпершыню стаў у старэйшай групе дзіцячага сада. У школьныя гады ўдзельнічаў у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ужо даўно нідзе не выступаў. Траса была складанай, а на адным участку — і размытай. Але дзякуй арганізатарам і за тое, што, нягледзячы на адлігу, змаглі ўтрымаць яе ў нармальным стане.

Каманды і ўдзельнікі, якія занялі першыя месцы ў сваіх групах, узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі, другое і трэцяе месцы — дыпломамі.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Скользкая тема. Частые зимние травмы: как избежать и что делать?
ХХХ чемпионат Беларуси по волейболу. «ДЮСШ-Шахтёр» (Солигорск)—«Атлант» (Поставы) — 3:1
Кто стал лучшим «Снежным снайпером» среди детей и подростков?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.