В кафе «Феникс» проводят мастер-классы по приготовлению пиццы для детей

Важное Общество

Эмоцый незабыўны смак

У верасні мінулага года ў мікрараёне 6-га гарадка ў Паставах адкрылася міні-кафэ «Фенікс». Яно хутка заваявала папулярнасць сярод мясцовых жыхароў і ўвогуле гараджан. Паспрыяла гэтаму і крэатыўная задума, якую тут нядаўна пачалі рэалізоўваць.

У кафэ – па магію

За кароткі час у профілі кафэ ў Іnstagram з’явілася больш за тысячу падпісчыкаў. Там яны не толькі чытаюць навіны, за­ахвочваючы апетыт «смачнымі» выявамі  піц, але і актыўна ­ўдзельнічаюць у конкурсах, розыгрышах. А апошнім часам яшчэ і любуюцца маленькімі паварчукамі, якія ў забаўных каўпаках і фартушках гату­юць піцу. На фота і відэа яны раскатваюць цеста, змазва­юць яго соусам, кладуць начынку, адпраўляюць напаўгатовы «шэдэўр» у духоўку, а пасля з апетытам яго ядуць.

Справіцца з усімі гэтымі задачамі новаспечаным кулінарам дапамагае ўладальнік міні-кафэ Юрый Сіманько.

— Такія майстар-класы па прыгатаванні піцы праводжу раз на тыдзень — у нядзелю пасля абеду, калі наплыў кліентаў мінімальны, — расказваў Юрый. — Гэту задуму пачалі ўвасабляць у жыццё літаральна месяц-паўтара назад. Доўга думалі з сястрой, чым можна здзівіць пастаўчан, як прыцягнуць іх увагу да нашай установы. Хацелася займець сваю «фішку» — небанальную і карысную. У нас адкрытая кухня, працэс прыгатавання піцы на вачах ва ўсіх, і я неаднойчы бачыў, як захоплена за маімі дзеяннямі назіралі дзеці. Гэта і падштурхнула паспрабаваць сябе ў новым амплуа.

Для пачатку Юрый ўзгадніў усе пытанні з санстанцыяй, пашыў дзецям яркую уніформу, даў інфармацыю ў Instagram… І заяўкі ад бацькоў пасыпаліся адна за адной. Удзельнікамі індывідуальных майстар-класаў ужо сталі каля паўсотні дзяцей ва ўзросце ад 2 да 11 гадоў. А апошнім часам званкоў стала столькі, што часам даводзіцца адмаўляць…

— Я не раблю нічога адчэпнага, стараюся ва ўсіх маленькіх кліентаў выклікаць прыхільнасць да сябе. Кожнаму дзіцяці ўдзяляю час: гэта можа быць і 15 хвілін, і паўгадзіны ў залежнасці ад узросту, ­— працягваў Юрый Сіманько, які мае пяты поварскі разрад. — Усё падрабязна тлумачу ім, аднак і даю свабоду для творчасці. Дзеці самі выбіраюць інгрэдыенты для піцы і іх колькасць. Гэта для іх сапраўдная магія, чараўніцтва! Бачылі б вы, наколькі яны пагружаюцца ў працэс, наколькі сканцэнтраваныя і… шчаслівыя. Прычым станоўчыя эмоцыі атрымліваю і сам. Убіраю ў сябе іх шчырыя ўсмешкі і жарты. Лічу, толькі дзеля гэтага варта праводзіць майстар-класы.

Уладальнік міні-кафэ ў іх бачыць не толькі забаўляльны, але і выхаваўчы аспект, бо пасля дзецям усё часцей хочацца дапамагаць маці на кухні, а не сядзець у гаджэтах.

Спачатку была кніга…

Пра прыгатаванне страў Юрый можа расказваць бясконца і дарослым, і дзецям, бо захоплены кулінарыяй з дзяцінства.

— Мне было гадоў 12, калі я знайшоў дома поварскую кнігу, і яна на доўгі час стала маёй любімай, — усміхаўся суразмоўца. — Яшчэ школьнікам любіў варыць супы, а ў 9 класе сам прыгатаваў паштэт з зайца. Цэлы дзень вазіўся! У 10 клас не пайшоў — паступіў на повара ў Пастаўскае тады яшчэ прафтэхвучылішча.

Будучы навучэнцам СПТВ, Юрый стаў пераможцам аднаго з рэспубліканскіх конкурсаў. Дзякуючы гэтаму быў без экзаменаў залічаны ў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Пасля яго заканчэння яшчэ 5 гадоў працягваў вучыцца (завочна) у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання, дзе атрымаў дыплом інжынера-тэхнолага.

— Яшчэ ў Віцебску мне прапаноўвалі ісці працаваць выкладчыкам у вучылішча. Я адмовіўся, хаця падчас вучобы любіў не толькі спецпрадметы, але і псіхалогію, педагогіку, — расказваў Юрый. — Мяне заўжды цягнула дадому, таму ўладкаваўся поварам у знакаміты тады «Салаўіны гай», але захацелася быць самому сабе гаспадаром. З кампаньёнам адкрылі першую ў Паставах піцэрыю «Ставер», 8 гадоў быў саўладальнікам бара «Колесо», дзе таксама шмат часу праводзіў на кухні. Любіў распрацоўваць рэцэпты новых страў, соусаў, якіх яшчэ не было ў горадзе. Падабаецца і тое, чым займаюся цяпер.

Гаворачы пра планы, прадпрымальнік адзначыў, што хоча зрабіць атмасферу ў міні-кафэ больш утульнай: устанавіць тэлевізар, падключыць WI-FI, каб наведвальнікі маглі там камфортна папрацаваць або адпачыць. Агучыў і мару (а хутчэй, мэту) — адкрыць уласную кулінарную школу і вучыць дзяцей і дарослых прыгатаванню самых разнастайных страў.

…Мне ўдалося паназіраць за тым, як Юрый дае малым урокі кулінарыі. І, шчыра кажучы, была здзіўленая, з якой лёгкасцю знаходзіць падыход да сваіх падапечных. Яго харызма, пачуццё гумару, вопыт — складнікі поспеху новай ініцыятывы, якая, хочацца верыць, будзе мець свой працяг.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Юрыя Сіманько



Читайте также:
Молодой поставчанин Павел Ярош открыл СТО в д. Старый Двор
Скрапбукинг и кардмейкинг. Посмотрите, какую красоту создает поставчанка Наталия Брись
Работники ЖКХ ежедневно убирают и вывозят снег с улиц г.Поставы на городской полигон



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.