Суп для ўбогіх
Шыльда з такой назвай вісіць на дзвярах аднаго з будынкаў побач з касцёлам Святога Антонія Падуанскага ў Паставах.
Бліжэй да гадзіны дня сюды збіраюцца людзі. Нават па знешнім выглядзе можна вызначыць, што жыццё іх не песціць. Не ладзіцца і гаворка паміж сабой: стаяць у задуменні і чакаюць, калі змогуць пагрэцца гарачым супам і чаем. Сястра Канстанцыя адчыняе дзверы і запрашае на абед. Наведвальнікі па чарзе падыходзяць да акенца. Сястра здымае накрыўку з вялікай каструлі — і памяшканне напаўняецца прыемным водарам варанай свежай капусты. Налівае суп у талерку і працягвае мужчыну, узрост якога цяжка вызначыць. Падае некалькі кавалкаў хлеба.

— Сталовая для абяздоленых пры нашым касцёле працуе дзясяты год, — расказвала сястра Канстанцыя. — Гэта была ідэя былога пробашча святой памяці ксяндза Анджэя Возьняка. Яго ініцыятыву прадоўжыў і цяперашні пробашч ксёндз Вадзім Прасяной. Восенню ён звычайна звяртаецца да парафіян з просьбай прынесці лішкі агародніны. Людзі адклікаюцца актыўна: дастаўляюць бульбу, буракі, моркву, цыбулю, часнок. Гатуем стравы я і сястра Цыпрыяна. Па суботах, калі ў мяне шмат урокаў катэхезы, а сястра Цыпрыяна займаецца з дзецьмі ў «Святліцы», просім дапамогі ў жанчын, якія ўваходзяць у супольнасць Святой Фаўстыны. Яны, як валанцёры, замяняюць нас і тады, калі па якіх-небудзь справах выязджаем з горада. Кожны дзень на абед прыходзіць больш за 10 чалавек. Зараз, калі ціснуў мароз, колькасць жадаючых паесці гарачага супу павялічылася. Дапамагаем і цёплымі рэчамі, якія прыносяць парафіяне. На днях сваю дапамогу прапанавала раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Удзячныя яе старшыні Таццяне Шахавай і валанцёрам за нераўнадушнасць да людзей, абдзеленых лёсам.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара
Читайте также:
Уже 20 лет несёт слово Божие протоиерей Георгий Лакотка в храме Воскресения Христова в Воропаеве
25 декабря католики Поставщины празднуют Рождество Христово
Видеофакт: Как поставчане купались в проруби на Крещение