В Поставском районе из-за снега и гололеда увеличилось количество аварий

Безопасность

Зіма памылак не даруе

Такога марознага і снежнага студзеня ў Беларусі не было даўно. Пасля шэрага вельмі цёплых зім, калі снег выпадаў рэдка і хутка раставаў, вадзіцелі адвыклі ад кіравання аўтамабілямі ва ўмовах галалёду. І гэта прывяло да росту дарожна-транспартных здарэнняў на тэрыторыі раёна.

— Большасць ДТЗ нязначныя, але ўсе яны адбыліся з прычыны таго, што вадзіцелі выбіралі няправільную скорасць руху і не прытрымліваліся бяспечнай дыстанцыі з іншымі транспартнымі сродкамі, — зазначае начальнік аддзялення ДАІ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Арэхаў, звяртаючы ўвагу аўтамабілістаў на неабходнасць строга выконваць названыя патрабаванні. І тлумачыць чаму: — На высокай скорасці пры абледзяненні і снежным накаце ўтрымаць машыну на дарозе вельмі цяжка. Таксама важна захоўваць бяспечную дыстанцыю з транспартам, які рухаецца наперадзе, бо ў выпадку экстраннага тармажэння хутка спыніць аўтамабіль не атрымаецца. На першы погляд, дарога можа здавацца чыстай. Але пры моцным марозе рэагенты, якімі апрацоўваецца дарожнае палатно, не працуюць належным чынам. Яны не могуць растапіць лёд, што і прыводзіць да аварый.

Па прыклады, як кажуць, далёка ха­дзіць не трэба. 7 студзеня на 11-кіламетроўцы вадзіцель, які рухаўся з Калееўцаў на Паставы, побач з паваротам на Манькавічы не справіўся з кіраваннем аўтамабілем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. На шчасце, ні ён, ні пасажыры не пацярпелі. Аналагічнае ДТЗ адбылося 17 студзеня на аб’язной дарозе, непадалёк ад былой мытні. Нягледзячы на тое, што аўтамабіль быў абсталяваны зімовымі шынамі, гэта не ўратавала яго ад з’езду ў кювет. У абодвух выпадках вадзіцелі выбралі няправільную скорасць руху.

Часта дарожна-транспартныя здарэнні адбываюцца з-за таго, што ў снежныя зімы звужаецца праезная частка дарогі. Тады машыны сутыкаюцца пры сустрэчным раз’ездзе бакавымі люстэркамі або люстэрка аднаго транспартнага сродку трапляе па кузаве другога. Такіх прыкладаў сёлета таксама хапае. 14 студзеня на дарозе Полацк—Глыбокае—граніца Літвы не змаглі размінуцца два вялікагрузы. У выніку абодва атрымалі пашкоджанні бакавых левых люстэркаў. Такое ж ДТЗ зарэгістравана 18 студзеня ў раёне г.п. Варапаева.

— Калі пры раз’ездзе з сустрэчным транспартным сродкам вы не ўпэўненыя, што паміж вамі дастатковы бакавы інтэрвал, скіньце скорасць і як мага бліжэй прыцісніцеся да правага краю праезнай часткі дарогі. А ў некаторых выпадках лепш наогул спыніцца, — раіць Аляксандр Арэхаў. — Асабліва асцярожнымі трэба быць, сустрэўшы на зімовай дарозе веласіпедыстаў, якім, да слова, у гэту пару года забаронена рухацца на веласіпедах. Аб’язджайце іх па максімальным радыусе, бо яны могуць проста ўпасці пад колы. Тое ж самае датычыць пешаходаў, у першую чаргу дзяцей, якія часам нечакана выбягаюць на праезную частку. Заўважыўшы непаўналетніх, трэба быць гатовымі ў любы момант спыніцца або бяспечна іх аб’ехаць.

У вялікі мароз на абочынах дарог нярэдка можна ўбачыць замерзлыя аўтамабілі. Начальнік раённай ДАІ просіць усіх аўтамабілістаў не праязджаць міма, тым больш калі побач з транспартным сродкам, акрамя вадзіцеля, знаходзяцца жанчына і дзеці. Ім трэба дапамагчы дабрацца дадому або туды, дзе яны змогуць сагрэцца. Калі не жадаеце ці не можаце спыніцца, патэлефануйце ў дзяжурную службу райаддзела міліцыі, каб на месца выехаў экіпаж і аказаў неабходную дапамогу. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі і самі патрулююць дарогі раёна ў пошуках «замерзлых» вадзіцеляў. У гэты перыяд аказанне дапамогі аўтамабілістам для іх не менш важная задача, чым забеспячэнне дарожнай бяспекі.

Алена Шапавалава
Фота даслана АДАІ АУС райвыканкама



Читайте также:
Вместо госпошлины — транспортный налог. В Поставах увеличилось количество желающих пройти ТО
В Беларуси ужесточили наказание для пьяных водителей
Появилась новая схема мошенничества с использованием архивов «ВКонтакте»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.