Восьмилетняя Вероника Шорец не верила в Деда Мороза… Пока не сбылась ее мечта

Общество

Мара збылася

У адрозненне ад сваіх равеснікаў васьмігадовая Вераніка Шорац не верыла ў існаванне Дзеда Мароза. Таму што ён ніколі не прыходзіў у іх халодны, няўтульны дом. А ў тым, які на мінулы Новы год вадзіў з дзецьмі карагоды ля школьнай ёлкі, яна пазнала хлопца-дзевяцікласніка і інакш як самазванца не ўспрымала.

Пайшоў другі год, як дзяўчынка трапіла ў прыёмную сям’ю, і яе жыццё не проста змянілася ў лепшы бок, а зайграла ўсімі фарбамі вясёлкі. З прыёмнай мамай яны вучаць урокі, пякуць піражкі, выбіраюць найпрыгажэйшыя ўборы, а калі прыязджае на канікулы брат Вадзім, які вучыцца ў музычным каледжы, разам спяваюць і граюць на сінтэзатары. Вось і да сустрэчы Новага года рыхтаваліся творча і натхнёна: упрыгожвалі дом, ставілі ёлку, майстравалі маскарадны касцюм. А калі Веранічка прызналася, што не верыць у Дзеда Мароза, маці вельмі здзівілася і прапанавала: «А ты, дачушка, напішы яму пісьмо і папрасі падарунак. Праверым, ці існуе чараўнік».

Шчаслівая Вераніка Шорац з падарункамі

— Аказваецца, Дзед Мароз сапраўды ёсць! — ззяла радасцю дзяўчынка, прыйшоўшы ў рэдакцыю, каб расказаць пра навагодні цуд. — Я напісала яму, што вучуся ў 2 класе, атрымліваю толькі дзясяткі і мару пра веласіпед. І Дзед Мароз са Снягуркай прынеслі мне яго! Нават такога колеру, які вельмі люблю. Але аддалі толькі пасля таго, як Снягурка дастала з мяшка пісьмо і пераканалася, што яго напісала менавіта я.

— Бачылі б вы рэакцыю Веранікі на візіт казачных герояў і падарункі! А яны, акрамя веласіпеда, прынеслі яшчэ і вялікі пакет цукерак, мандарыны, — уступіла ў размову прыёмная маці Таццяна Жукава. — Дзякавала, абдымала гасцей, ад радасці амаль пад столь падскоквала. Расказвала ім вершы на рускай і беларускай мовах.

— Гэта быў найлепшы Новы год! — працягвала фантаніраваць эмоцыямі дзяўчынка. — Хачу, каб гэтыя Дзед Мароз са Снягуркай прыйшлі да мяне і ў наступным! Буду вельмі чакаць.

Застаецца дадаць, што навагодні цуд для Веранікі Шорац адбыўся дзякуючы калектыву Пастаўскага раёна электрасетак. Прыёмная маці дзяўчынкі Таццяна Жукава бязмежна ўдзячная начальніку РЭС Аляксандру Скрыцкаму, а таксама артыстычным Дзеду Марозу і Снягурцы. А запаветная мара дзяўчынкі збылася ў выніку таго, што яе пісьмо трапіла на раённую «Ёлачку жаданняў».

Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Подарками, поздравлениями и веселыми гуляниями запомнятся поставчанам зимние праздники
Стали известны результаты смотра-конкурса на лучшее новогоднее оформление. Кто в числе победителей?
Сегодня я волшебник. Добрая история о том, как 174 больных ребёнка поверили в чудо



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.