За 9 лет воспитанники Александра Бучнева завоевали около 80 дипломов в соревнованиях по плаванию

Спорт

Рыхтуе «залатых рыбак»

Нішто так яскрава не характарызуе работу трэнера, як поспехі яго вучняў. У гэтым сэнсе Аляксандру Бучневу ёсць чым ганарыцца: за 9 гадоў, якія ён прысвяціў працы ў аддзеле спорту і турызму райвыканкама, яго выхаванцы заваявалі каля 80 дыпломаў розных ступеняў на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па плаванні.

Рознымі відамі спорту Аляксандр Бучнеў пачаў захапляцца ў дзяцінстве. Успамінае, што ў пастаўскай спартыўнай школе для гэтага былі створаны ўсе ўмовы: дзейнічалі секцыі па плаванні, валейболе, баскетболе, футболе, веласпорце і нават фехтаванні. Яго ж больш за ўсё вабіў валейбол. Аднак у віцебскім тэхнікуме фізкультуры, куды паступаў пасля заканчэння мінскага будаўнічага вучылішча і праходжання тэрміновай службы ў арміі, такой спецыялізацыі не было, таму з усіх дысцыплін выбраў плаванне. Пасля атрымання дыплома з адзнакай працягнуў навучанне ў гомельскім універсітэце.

Але галоўным відам спорту ў жыцці Аляксандра Аляксандравіча усё ж такі стаў валейбол, кандыдатам у майстры спорту СССР па якім з’яўляецца. У гэтым гульнявым відзе выступаў за армію, калі па камсамольскай лініі працаваў у палітычным аддзеле ракетнай дывізіі. А потым і за АУС райвыканкама, куды перавёўся служыць пасля расфарміравання воінскага падраздзялення і адкуль выйшаў на пенсію з пасады намесніка начальніка па рабоце з асабовым складам—кіраўніка кадраў. Разам з тагачаснымі начальнікам міліцыі Іванам Аніськовічам і начальнікам аддзела спорту і турызму райвыканкама Васіліем Захарэвічам ствараў валейбольную каманду «Дынама-Паставы» (зараз «Атлант»), сам гуляў у яе складзе. Спартсмены падабраліся выдатныя, і каманда неаднойчы станавілася чэмпіёнам вобласці, УУС Віцебскага аблвыканкама, МУС Рэспублікі Беларусь. Таксама Аляксандр Бучнеў перадаваў навыкі гульні ў валейбол і дзеткам — на працягу двух гадоў рэзультатыўна трэніраваў каманду дзяўчынак.

Зорны час у плаванні для Аляксандра Аляксандравіча настаў у 2011-м, калі ўладкаваўся інструктарам-метадыстам па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ў ДУ «Пастаўскі фізкультурна-спартыўны клуб» і падрыхтаваў не адну «залатую рыбку». Напрыклад, Ліза Кліпа была абсалютнай чэмпіёнкай вобласці па ўсіх відах плавання, калі трэніравалася ў А. А. Бучнева, з’яўляецца бронзавым прызёрам Беларусі. Паша Лютынскі паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на спецыялізацыю «плаванне» і выканаў разрад КМС па гэтай дысцыпліне. Многага дасягнулі і іншыя.

— Другое месца ў ІІ міжнародным турніры па плаванні «Swim meet polar bear», «золата», «серабро» і «бронза» ў індывідуальнай эстафеце рэспубліканскіх спаборніцтваў, а таксама другая і трэцяя ступені п’едэстала ў сямейнай эстафеце на «Фестывалі плавання «Залатая рыбка» на прызы Аляксандры Герасімені, тры «серабры» на адкрытым першынстве Віцебскай дзяржаўнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №8… — раскладвае перада мной ксеракопіі дыпломаў сваіх цяперашніх і былых выхаванцаў Аляксандр Бучнеў, не шкадуючы пахвальных слоў у адрас кожнага. — Зараз займаюся з 12 дзецьмі рознага ўзросту. Усе як адзін — перспектыўныя спартсмены, трэніруюцца бясплатна. Мая мара — каб некаторыя з іх сталі майстрамі спорту ў школьным узросце (у Паставах такіх вынікаў у індывідуальных відах спорту пакуль ніхто не дасягаў — аўт.). Перадумовы для гэтага ёсць у Ільі Сіманькі, Ільі Собаля, Пеці Травы, Маргарыты Жук, Ромы Ляпіліна і Машы Шурпік. Галоўнае — паспець.

А ўвогуле ўсе выхаванцы Аляксандра Аляксандравіча вызначаюцца талентам, неймавернай працавітасцю і імкненнем паказваць высокі рэзультат. А ўсё таму, што кандыдатаў у сваю групу па плаванні ён заўсёды адбіраў вельмі дасканала. Найперш звяртаў увагу, як тыя трымаюцца на вадзе, ці не баяцца яе, якую маюць расцяжку, плывучасць і інш. Скажам, калі трымаюцца на паверхні вады, як бурбалкі, — абавязкова яго кліенты.

Каб я магла ацаніць спрыт плыўцоў, Аляксандр Бучнеў запрашае мяне ў басейн, дзе якраз праходзяць заняткі.

— Брас, батэрфляй! — па чарзе групам па тры чалавекі камандуе трэнер, і дзеці за лічаныя секунды пераадольваюць дарожкі басейна. Ды так энергічна, што толькі пырскі разлятаюцца ў розныя бакі.

Па памерах басейн у 5-м гарадку не стандартны — на тры метры карацейшы, чым павінен быць. Гэта хоць і не істотна, але ўсё ж такі сказваецца падчас спаборніцтваў.

— Чым больш дзеці трэніруюцца, тым мацней у іх выпрацоўваецца мышачная памяць, — расказваў Аляксандр Аляксандравіч. — Можна сказаць, што яны плывуць на аўтамаце. І вось гэты навык якраз і перашкаджае на спаборніцтвах: у адрозненне ад першых метраў канец дыстанцыі дзецям даецца цяжка.

Пакуль з-за неспрыяльнай эпідсітуацыі ўдзел у спаборніцтвах пастаўлены на паўзу, але падрыхтоўка да іх не перапыняецца: заняткі па плаванні ў басейне ФАКа па вуліцы Станкевіча праходзяць тры разы на тыдзень.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
В аг. Новоселки появилась футбольная мини-площадка с искусственным покрытием
Зимняя погода активизировала поставчан отдыхать на свежем воздухе
Турклуб «Магелан» объединил любителей активного отдыха



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.