15—28 февраля в Поставском районе проходит акция «Общими усилиями остановим насилие!»

Безопасность

Агульнымі намаганнямі спынім насілле!

Акцыя пад такой назвай праходзіць з 15 па 28 лютага на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Яе ініцыятарам выступіла ўпраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.

Асноўная мэта акцыі — папярэ­дзіць злачынствы і правапарушэнні супраць жыцця і здароўя грамадзян, у тым ліку тыя, якія ­здзяйсняюцца ў сферы сямейна-бытавых адносін і ў стане алкагольнага ап’янення. Удзельнічаюць у ёй розныя зацікаўленыя ведамствы. Але вядучая роля належыць аддзелу ўнутраных спраў райвыканкама, які сумесна з іншымі распрацаваў цэлы шэраг мерапрыемстваў. У прыватнасці, на працягу двух тыдняў супрацоўнікі міліцыі правяраюць па месцы жыхарства асоб, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку. У адным з такіх рэйдаў, па г.п. Варапаева, разам з участковымі інспектарамі міліцыі Віталіем Гарбулем і Вадзімам Аніськовічам пабывала і карэспандэнт «ПК».

Віталій Гарбуль і Вадзім Аніськовіч гутараць з жыхаром вуліцы Ленінскай

Аматараў спіртнога — а менавіта злоўжыванне ім найчасцей прыводзіць да сямейных скандалаў і парушэння закону — у гарпасёлку нямала. І ўсіх іх участковыя ведаюць у твар і могуць без папер расказаць, за што тыя трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў. Так, жыхар вуліцы Ленінскай Вадзім К. (да яго першага мы завіталі), працуючы летам пастухом у КУСП «Дунілавічы-агра», двойчы быў заўважаны на рабочым месцы ў нецвярозым стане. За гэта на яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы і афіцыйна папярэ­дзілі аб тым, што, калі яшчэ раз будзе п’яны на рабоце, адправіцца ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Да слоў міліцыянераў мужчына аднёсся сур’ёзна і з таго часу больш не парушаў закон. Але, наведаўшыся ў госці, участковыя на ўсялякі выпадак правялі з ім прафілактычную гутарку.

Жыхар вуліцы Горкага Гена­дзій Г. таксама злоўжываў спіртным. Прыходзячы п’яным дамоў, учыняў скандалы з маці, разам з якой пражывае. Яна выклікала міліцыю, гора-сына забіралі ў аддзел і складалі пратаколы. Са снежня мінулага года Генадзій кінуў піць і перастаў скандаліць. Праўда, пакуль нідзе не працуе. Яму інспектары загадалі актыўней шукаць работу, бо сорамна ў 45 гадоў сядзець на шыі ў маці.

Як паказвае практыка, на шлях выпраўлення становяцца далёка не ўсе грамадзяне. Прыклад таму — яшчэ адзін жыхар вуліцы Ленінскай, Казімір Г. Раней ён быў асуджаны і цяпер знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Жыве разам з дарослым сынам. Меў і жонку. Але напярэдадні Новага года яна памерла, і блізкія да гэтага часу «аплакваюць» страту са спіртным. Вось і падчас нашага візіту абодва былі нецвярозыя. У доме знахо­дзіўся таксама знаёмы гаспадароў. П’яны, ён спаў на канапе, а побач стаяла недапітая бутэлька гарэлкі.

— Калі і далей у вас будуць збірацца розныя асобы, паставім дом на ўлік як прытон, — строга папярэдзіў Казіміра Г. Віталій Гарбуль.

Падчас правядзення рэйду некаторых, да каго павінны былі зайсці, мы не засталі дома. Не было і неаднаразова судзімага Анатолія М. Мужчына прапісаны ў вёсцы Васілеўшчына, але пастаянна пражывае ў Варапаеве па вуліцы Школьнай у пенсіянера Эдуарда Ш. Разам з ім выпівае, не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Неўзабаве павінен адправіцца ў ЛПП. Гаспадар, які ў адным з пакояў глядзеў тэлевізар, патлумачыў, што раніцай Анатолій кудысьці пайшоў. Да яго і іншых падуліковых асоб міліцыянеры наведаліся пазней і правялі прафілактычныя гутаркі.

У гэты ж дзень інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама Наталля Трыфанава, дырэктар Варапаеўскай СШ Віктар Жук, старшыня сельскага Савета Іна Касарэўская і стажор інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Андрэй Казлоўскі пабывалі ў нядобранадзейных сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці. Яны праверылі, ці цвярозыя бацькі, у якім стане знаходзіцца жыллё, ці цёпла ў доме і ці маюцца прадукты харчавання. Таксама нагадалі бацькам пра неабход­насць са­чыць за сваімі дзецьмі, каб ведаць, дзе і чым яны займаюцца, і не дапусціць супрацьпраўных паводзін непаўналетніх.

18 лютага ў раённым аддзеле ўнутраных спраў адбылося пасяджэнне назіральнай камісіі і савета грамадскага пункта аховы правапарадку, на якім прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Сярод двух дзясяткаў асоб, якія разглядаліся, было нямала і жыхароў Варапаева і навакольных вёсак. Большасць запрошаных знахо­дзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, бо нядаўна вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі або адбываюць пакаранне, не звязанае з накіраваннем туды. Па законе, яны абавязаны працаваць. Але шукаць работу не спяшаюцца, а калі працуюць, то неафіцыйна, без заключэння дагавора з наймальнікам. Тым, хто мае работу, загадана аформіцца па ўсіх правілах і прынесці ў інспекцыю паперы, якія гэта пацвярджаюць. Астатнім — прыйсці ў вызначаны час па накіраванне ў аддзел занятасці райвыканкама.

Другая група разгледжаных на савеце асоб — аматары спіртнога і сямейныя скандалісты. Многія таксама нідзе не працуюць ці, маючы работу, прагульваюць яе. У некаторых ёсць малалетнія дзеці, якія адабраны і знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. А значыць, бацькі павінны пакрываць выдаткі па іх утрыманні. Размова з гэтымі грамадзянамі была не менш строгай: кінуць піць, працаўладкавацца і не дапускаць прагулаў, інакш будуць прыняты радыкальныя меры.

Кантроль за ўсімі падуліковымі прадоўжыцца. Іх яшчэ не раз запросяць на пасяджэнні савета прафілактыкі, наведа­юць па месцы жыхарства супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі іншых службаў, каб не дапусціць насілля ў сем’ях, здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Фишинг: что это такое, как распознать фишинговые атаки и защититься от них?
Работники ЖКХ убирают сосульки и снежные шапки с крыш в Поставах
Замначальника 1-го РТЦ по вооружению Игорь Бутько отвечает за боеготовность военной техники



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.