Урокі свайго, беларускага
Ніна Дзмітрыеўна Субач — настаўніца з 32-гадовым стажам. Раней яна працавала ў СШ №5, цяпер шчыруе ў Пастаўскай гімназіі і выкладае беларускую мову і літаратуру. Прычым робіць гэта прафесійна, творча, з душой, што пацвярджаюць яе вучні, кожны год займаючы прызавыя месцы на раённым і абласным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
У чым сакрэт поспеху? Па адказ на гэта пытанне накіравалася ў гімназію.
…У 9 класе — урок беларускай літаратуры. Тэма: паэма Якуба Коласа «Новая зямля». Пачынае ўрок Ніна Дзмітрыеўна з мазгавога штурму, задаючы вучням дзясяткі пытанняў па творы. Яна не патрабуе ад іх пераказу зместу, а дае магчымасць паразважаць, ахарактарызаваць герояў і іх учынкі, правесці паралелі паміж мінулым і сучасным… Адным словам, вучыць іх думаць. Прычым думаць па-беларуску.
— Самае цікавае, што падчас вучобы ў роднай дунілавіцкай школе я больш любіла рускую мову і літаратуру, — узгадвала Ніна Субач пасля ўрока. — Аднак на філфаку БДУ, дзе працягвала навучанне, трапіла пад крыло цэлай плеяды масцітых выкладчыкаў-беларусазнаўцаў. Адным з тых, хто аказаў на мяне найбольшы ўплыў, быў народны паэт БССР Ніл Гілевіч — захапленне роднай мовай у многім пайшло ад яго.
Перадаць гэту любоў і павагу да свайго, беларускага, настаўніца імкнецца і сваім вучням. З некаторымі з іх яна шмат працуе дадаткова — рыхтуе да алімпіяд.
— Зацікаўленыя ў вывучэнні роднай мовы былі, ёсць і, упэўненая, будуць, — працягвала Ніна Дзмітрыеўна. — Галоўнае — своечасова заўважыць такіх вучняў, развіць іх здольнасці, захапіць ячшэ больш. Тыя ж алімпіяды — гэта магчымасць не толькі паказаць свае веды, але і пабыць у цалкам беларускамоўным асяроддзі. На абласны этап апошнія гады мы ездзім у Оршу, дзе ўсё «дыхае» Караткевічам. Я заўжды раю чытаць яго кнігі старэйшым вучням, выпускнікам, каб змаглі адчуць увесь смак роднай мовы.
Педагог пастаянна знаёміцца з сучаснымі творамі беларускіх аўтараў, захапляецца творчасцю Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Разанава і інш.
— Якаснай літаратуры на беларускай мове шмат, проста не ўсе пра яе ведаюць, — гаварыла суразмоўца. — Напрыклад, з дзевяцікласнікамі мы штогод праходзім вельмі павучальны твор Яўгена Хвалея «Прынцэса з тусоўкі», дзе ўзнімаецца праблема падлеткавай наркаманіі. Кнігу параіла прачытаць і бацькам: многія дзякавалі, бо былі ў вялікім захапленні. Казалі мне пасля: «Ніколі б не падумалі, што ёсць такія цікавыя творы на беларускай мове». А колькі іх яшчэ! Проста трэба шукаць «свае» тэмы, жанры, «сваіх» аўтараў, і тады адпачынак з кнігай на беларускай мове прынясе шмат задавальнення.
Зацікавіць роднай мовай дзяцей прасцей праз гульню, творчасць. Ніна Субач гэта добра разумее, таму пастаралася максімальна цікава арганізаваць тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які пачнецца ў гімназіі 22 лютага і пройдзе пад дэвізам «Роднай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску!». Вучняў розных класаў чакаюць сустрэчы з пісьменнікам Ігарам Пракаповічам і з супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі, квэст, беларускія гульні, прагляд кінастужкі, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.
Іна Сняжкова. Фота аўтара
Читайте также:
Замминистра образования РБ Александр Кадлубай ответил на вопросы учащихся Дуниловичской ЯССШ
Студенты из г. Поставы рассказали об учёбе в своих ВУЗах во время встречи в районном ДК
Ремонт в СШ №1 г.Поставы выходит на финишную прямую. Что изменилось в школе?