Жыве памяць, яднае братэрства
15 лютага — 32-я гадавіна вываду савецкіх войск з Афганістана. Напярэдадні даты карэспандэнт «Пастаўскага краю» папрасіла падзяліцца ўспамінамі воіна-інтэрнацыяналіста палкоўніка ў адстаўцы Валерыя Гарачку.
— Валерый Сцяпанавіч, ведаю што ўся ваша біяграфія звязана з авіяцыяй і пагранічнымі войскамі. А як зарадзілася мара стаць лётчыкам?
— Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Мярэцкія Глыбоцкага раёна. А ў Паставах у тыя гады базіраваліся два палкі авіятараў. Пілатажная зона пралягала непадалёк ад нашай вёскі. Заўсёды з зайздрасцю праводзіў вачыма самалёты. Да таго ж настаўніца звазіла нас, вучняў, на экскурсію на глыбоцкі аэрадром. Пакатаўся на АН-2 і застаўся ў захапленні. Усё гэта і паўплывала на выбар прафесіі. Спачатку закончыў Віцебскі аэраклуб ДТСААФ, затым — Сызранскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, якое рыхтавала верталётчыкаў.
— У вучылішчы меў званне сяржанта, кіраваў класным аддзяленнем. Прапаноўвалі застацца інструктарам. Але мы, курсанты, лічылі гэту пасаду непрэстыжнай. Хацелася лятаць па ўсёй краіне, шмат чаго пабачыць. Тым больш што нас запэўнілі: пры размеркаванні ўлічаць пажаданні выпускнікоў. Я марыў пра Карэлію. А накіраванне атрымаў у Чырванасцяжную Сярэднеазіяцкую ваенную акругу, горад Ашхабад, адтуль — у Душанбэ, дзе стаяла верталётная эскадрылля і неўзабаве стаў фарміравацца полк. 8 ліпеня 1983 года прыбыў у воінскую часць, а 11 верасня ў мяне быў першы баявы вылет.
— Напэўна, ён запомніўся назаўсёды?
— Перасеклі Дзяржаўную граніцу з Афганістанам, якая добра была бачная на зямлі. Паўсюль горы, падобныя адна да адной, Куфабская цясніна. У небе — шмат верталётаў. Здаецца, яны вось-вось сутыкнуцца. Адны ідуць на пасадку, другія іх прыкрываюць, трэція зноў узнімаюцца ў неба. Уражанняў столькі, што цяжка сарыентавацца ў паветры. Але паступова прыходзіць разуменне адпрацаваных методык.
— А колькі ўсяго вылетаў на афганскую тэрыторыю на вашым рахунку?
— У 23-м Душанбінскім авіяцыйным палку я праслужыў чатыры гады. Пастаянна камандзіравалі ў Харогскі, Маскоўскі, Тэрмезскі, Пянджскі пагранатрады, размешчаныя ля самай савецка-афганскай граніцы. Туды, дзе ўскладнялася абстаноўка, праводзіліся аперацыі, і накіроўвалі наземныя войскі і авіяцыю. За год у камандзіроўках знаходзіўся ад 240 да 270 сутак і меў па 800-900 гадзін налёту. Дастаўлялі ў распалажэнне нашых воінскіх фарміраванняў у Афганістане боепрыпасы і матэрыяльныя сродкі, закідвалі дэсантнікаў, эвакуіравалі параненых. Усяго на маім рахунку 934 баявыя вылеты.
— Безумоўна! Калі хто з былых воінаў-інтэрнацыяналістаў кажа, што не баяўся, — не верце. Страшна было ўсім. Пастаянна знаходзіліся ў напружанні, бо ў любы момант можна было трапіць пад абстрэл ворага. Трэба было мець стальныя нервы. Стрэсавых сітуацый здаралася шмат. Неаднойчы і наш Мі-8 зрашэчвалі кулі. Жыццё магло абарвацца ў любую хвіліну.
— Больш за 14 тысяч загінулых — такая дарагая плата савецкага народа ў той неаб’яўленай вайне. А вы не страцілі баявых таварышаў?
— У жніўні 1986-га я і камандзір нашага экіпажа Аляксандр Пятрэнка пайшлі ў водпуск. Бартавога тэхніка Мікалая Жорына камандаванне не адпусціла, бо не хапала механікаў. На перыяд нашага водпуску яго накіравалі ў іншы экіпаж. 2 верасня іх верталёт падбілі, і Коля загінуў. Я даведаўся пра гэта ў самалёце, вяртаючыся з жонкай і дачушкай з водпуску да месца службы. Было вельмі горка. Страціўшы баявога таварыша, наш экіпаж падтрымліваў яго маці і сястру. З сястрой, якая жыве ў Адэсе, мы і зараз на сувязі. Яшчэ адзін бартавы тэхнік, Пётр Красоўскі, пахаваны ля Плешчаніц. Штогод напярэдадні 15 лютага ветэраны нашага палка прыязджаюць на яго магілу, а таксама наведваюць сястру загінулага воіна. Падтрымліваем і іншыя сем’і былых саслужыўцаў. Усяго ў афганскай вайне загінула 518 пагранічнікаў, у тым ліку 55 — з лётнага складу. І вось што хачу падкрэсліць: ні адзін пагранічнік не прапаў без звестак, не трапіў у палон, цела ніводнага не засталося на чужой зямлі. Разгортваліся цэлыя ваенныя аперацыі, каб іх знайсці і вывезці на тэрыторыю СССР, каб вораг не глуміўся над імі. 28 мая 1988 года ў нашым Душанбінскім палку адкрылі помнік авіятарам-інтэрнацыяналістам.
— Вы ваявалі, пастаянна рызыкуючы жыццём. А як гэта перажывалі родныя?
— Мая маці не ведала, што я выконваю баявыя заданні ў Афганістане. Гаварыў, што служу на граніцы. Прызнаўся толькі бацьку. Жонка Тамара перажыла шмат. Адно — што нашы сем’і мелі ў Душанбэ добрыя ўмовы пражывання: кватэры з выгодамі, работу, мноства фруктаў і агародніны. Да нас з вялікай павагай ставілася мясцовае насельніцтва. Але нішто не магло кампенсаваць страх за жыццё роднага чалавека, калі той адпраўляўся ў чарговую камандзіроўку… на вайну.
— Вы ўваходзіце ў склад рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» і з’яўляецеся ў ім адзіным прадстаўніком пагранічных войскаў. Якія пытанні ўзнімаеце?
— Мяне асабліва хвалюе наступная праблема. Пасля вываду савецкіх войск з Афганістана з-за таго, што пагранічныя войскі ў СССР вызначаліся асаблівай сакрэтнасцю, на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне знішчыць усе дакументы аб знаходжанні на яго тэрыторыі савецкіх пагранічнікаў. У 2012 годзе выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб перарэгістрацыі пасведчанняў аб праве на льготы і замене пасведчанняў ветэрана баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў савецкага ўзору на беларускі. Для гэтага трэба было прад’явіць дакументальнае пацвярджэнне з асабістай справы або архіва. У афіцэраў і прапаршчыкаў такія запісы ў асабістых справах ёсць. А вось у салдат яны меліся толькі ў ваенных білетах, але гэтага было недастаткова. Патрабавалася пацвярджэнне з архіва. А адтуль прыходзілі адказы: «Звестак не маем». У выніку даказаць сваё знаходжанне ў Афганістане былыя салдаты-пагранічнікі могуць толькі праз суд, маючы некалькі сведак. Я сам ездзіў летась у Гомель на такі суд, каб пацвердзіць, што салдат некалькі месяцаў з’яўляўся бартавым механікам у нашым экіпажы верталёта. Таксама прыязджалі сведкі з Мінска і Масквы. Салдат выйграў суд. Але колькі нерваў на гэта затрачана! Аднак важна тое, што пакет дакументаў для суда напрацаваны і мы ведаем, як і што трэба рабіць, каб дасягнуць мэты.
— Раскажыце, калі ласка, як падтрымліваеце сувязь з воінамі-інтэрнацыяналістамі?
— На жаль, многіх ужо няма на гэтым свеце. Шмат маіх аднапалчан жывуць у Расіі. З імі рэгулярна сустракаемся ў Маскве. Удзельнічаў у святкаванні 30-, а потым 35-годдзя з дня ўтварэння Душанбінскага авіяпалка, у якім служыў. Планую паехаць і на 40-годдзе. Дзякуючы інтэрнэту, падтрымліваю сувязь з многімі былымі саслужыўцамі.
У Паставах нас гуртуе старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Лушчык. Разам з ім, Анатоліем Калмыком, Юрыем Каравацкім я пабываў у Літве на міжнародным злёце ўдзельнікаў баявых дзеянняў. Загарэліся ідэяй правядзення такога ж мерапрыемства ў сябе і ў маі 2018-га арганізавалі аналагічны злёт у Паставах. На наступны год ён стаў абласным і праводзіўся ў Лепелі. Такія злёты праходзяць вельмі кранальна, мацуюць баявое братэрства. Не мае значэння, хто якое званне меў: афіцэра, салдата або прапаршчыка, быў лётчыкам ці танкістам, галоўнае — прайшоў Афганістан. І гэта яднае нас заўсёды. Мы гаворым на адной мове.
Традыцыйнымі сталі сустрэчы 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, у райцэнтры. Аднак балюча, што з кожным годам нашы рады радзеюць. Толькі за апошні час не стала Анатолія Голада, Сяргея Даня, Васілія Зарэцкага, Уладзіміра Кайды, Анатолія Калмыка, Анатолія Кожуха, Вячаслава Кананчука, Валерыя Клімчэні, Сяргея Мыраева, Рамуальда Штуры, Валерыя Смірнова…
Сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі адбудзецца толькі мітынг у скверы воінаў-інтэрнацыяналістаў у Паставах. Але ўсё роўна гэты дзень ускалыхне ўспаміны, апячэ сэрцы горыччу страт. Разам з тым парадуемся, што нашы сыны і ўнукі нясуць службу на сваёй Радзіме, пад мірным небам.
— Дарэчы, дзе яшчэ, акрамя Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі, вы служылі?
— У 1987 годзе перавялі на Камчатку, дзе праслужыў дзевяць гадоў, тры наступныя — у Мінску. Затым атрымаў назначэнне ў Паставы. З’яўляўся начальнікам штаба авіяцыйнай эскадрыллі, затым — камандзірам. У 2010-м быў назначаны ў Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь. У 2014-м звольніўся ў запас. Ганаруся сваёй прафесіяй. З задавальненнем выступаю перад маладзёжнай аўдыторыяй. Расказваю пра афганскія падзеі і службу ў арміі ўвогуле. Пераконваю, наколькі важная прафесія абараняць Айчыну.
Зараз я чалавек цывільны. Вярнуўся з жонкай з Мінска ў Паставы. З ранняй вясны да позняй восені жывём на дачы, наталяемся зносінамі з прыродай. Да нас ахвотна наведваюцца са сталіцы дачка Каця, якая служыць у пагранічных войсках, і сын Мікалай, які знайшоў сваё прызванне ў ІТ-сферы. А колькі радасці прыносіць унук Дзіма! Наш род працягваецца.
Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Валерыя Гарачкі
Читайте также:
Фишинг: что это такое, как распознать фишинговые атаки и защититься от них?
3 пожара за неделю. В Поставском районе огонь повредил 2 хозпостройки и дом
Какие традиции чтят военнослужащие погранзаставы «Лынтупы» и как выглядит комната боевой славы?