Больше 18.000 водителей подготовила районная организационная структура ДОСААФ за 50 лет

Важное Общество

За 50 гадоў – звыш 18 тысяч вадзіцеляў падрыхтавала раённая арганізацыйная структура ДТСААФ.

Заўтра калектыў адзначыць юбілейную дату. Напярэдадні яе карэспандэнт «Пастаўскага краю» пагутарыла са старшынёй структуры Валерыем Лушчыкам.

Старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерый Лушчык з Аляксеем Пашкевічам, Анатоліем Чараваценкам і Уладзімірам Кугарам

— Валерый Антонавіч, пачнём з гісторыі…

Яна неаддзельная ад гісторыі краіны. У першыя пасляваенныя гады структуры абароннага таварыства прыступілі да ваеннага навучання насельніцтва, падрыхтоўкі рэзерву для Узброеных Сіл. З гэтай мэтай у буйных гарадах былі створаны аўтамабільныя школы, а ў раённых цэнтрах — іх падраз­дзяленні. Менавіта ў той перыяд у Паставах з’явілася арганізацыя ДТСААФ: спачатку як філіял Віцебскай аўташколы, затым — Шаркаўшчынскага аўтамотаклуба. Самастойнай структурай яна стала ў 1971 годзе — 25 лютага старшыня Віцебскага абласнога камітэта ДТСААФ падпісаў загад аб стварэнні Пастаўскага спартыўна-тэхнічнага клуба (у 2003 годзе ён быў перайменаваны ў раённую арганізацыйную структуру). З таго часу мінула паўстагоддзя.

— Хто ўзначальваў калектыў і якую матэрыяльна-тэхнічную базу меў клуб?

— Пастаўчане старэйшага пакалення добра памятаюць Міхаіла Вараб’ёва, які быў назначаны першым старшынёй клуба і плённа адпрацаваў на гэтай пасадзе шмат гадоў. На змену яму прыйшоў Іосіф Падгайскі, а 20 апошніх гадоў калектывам кірую я. Не магу не назваць і тагачасных майстроў Іосіфа Танану і Віктара Кукеля, выкладчыка Івана Гецьмана, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых. Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы, то яна была беднай. Напачатку клуб меў толькі 2 грузавыя аўтамабілі, 1 легкавы і 1 матацыкл.

Майстар вытворчага навучання Анатолій Місуна

— А колькі тэхнікі ў карыстанні цяпер?

— Намнога больш: 5 легкавых аўтамашын, 1 КамАЗ, 1 ГАЗ-52. За ўласныя сродкі перабудавалі гаражы, якія сталі добраўпарадкаванымі. З дапамогай райвыканкама ўдалося абуладкаваць выдатны аўтадром ля Юнек. Створаны ўсе ўмовы для якаснай падрыхтоўкі вадзіцеляў.

— Немалаважна і тое, хто навучае.

— У калектыве ўсяго 9 чалавек. Кадры ў нас адказныя. Майстры і выкладчыкі працуюць у асноўным на 1,25 або 1,5 тарыфнай стаўкі. Аксакал па ўзросце і вопыце работы Вячаслаў Спасібенка. Найвышэйшай кампетэнцыяй валодае Анатолій Чараваценка. Амаль 100% навучэнцаў Анатолія Місуны здаюць экзамен у ДАІ з першага разу. Ураўнаважаны, настойлівы ў дасягненні мэты Аляксей Пашкевіч. Анатолій Чараваценка і Аляксей Пашкевіч неаднойчы займалі прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства майстроў і выкладчыкаў. Нядаўна прыйшоў у калектыў і добра зарэкамендаваў сябе Уладзімір Кугара. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі галоўны бухгалтар Ала Далінкевіч і бухгалтар Аксана Лушчык.

Па 15-20 гадоў адпрацавалі ў калектыве і пакінулі пасля сябе добры след Эдуард Казура, Іван Лятко, Уладзіслава Ожаль, Ірына Януковіч, а Сяргей Фралоў — з 1974-га да сёлетняга года.

Работнікі бухгалтэрыі Ала Далінкевіч і Аксана Лушчык

— Вашай арганізацыяй за 50 гадоў падрыхтавана 18 тысяч вадзіцеляў розных транспартных сродкаў.

— Дакладней — 18 113 вадзіцеляў грузавых і легкавых аўтамабіляў, аўтобусаў, аўтапаяздоў. Штогод выпускаем каля 300 вадзіцеляў аўтамабіляў розных катэгорый. А 2009-ы стаў рэкордным — 468! З 2018-га вядзём перападрыхтоўку з катэгорый «В» і «С» на катэгорыю «А». У 2019-м адкрылі курсы вадзіцеляў міжнародных перавозак. Летась іх закончылі 104 чалавекі. Нашы паслугі заўсёды запатрабаваныя. Пра высокую якасць навучання сведчаць добрыя вынікі на экзамене і ўдзячныя водзывы былых курсантаў.

— А чым яшчэ, акрамя падрыхтоўкі вадзіцеляў, займаецеся?

— Калектыў раённай арганізацыйнай структуры, члены грамадскага савета пры ім і актывісты праводзяць вялікую патрыятычна-выхаваўчую работу з моладдзю. Асабліва папулярны стралковы спорт. Мы даём школам пнеўматычныя вінтоўкі, кулі, мішэні, прызы для пераможцаў раённых спаборніцтваў. Некалькі вінтовак за бюджэтныя грошы набыў для школ раён. Юныя пастаўскія стралкі штогод вызначаюцца ў абласных спаборніцтвах: займаюць прызавыя месцы, выходзілі чэмпіёнамі. Садзейнічаем развіццю картынгу. Выступаем арганізатарамі і спонсарамі розных спаборніцтваў сярод школьнікаў і навучэнцаў каледжа. Сустракаемся з дапрызыўнікамі, прывіваем ім пачуццё патрыятызму.

— Аднак вернемся да юбілею…

— Юбілейная дата — гэта нагода падвесці вынікі зробленага і акрэсліць перспектывы на будучыню. Напрамкі нашай работы застануцца ранейшымі. Працягнем яе ўдасканальваць. У завяршэнне размовы хачу павіншаваць з юбілеем і сказаць словы ўдзячнасці тым, хто працаваў раней або працуе зараз у арганізацыі, а таксама пажадаць поспехаў усім былым і цяперашнім курсантам.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Транспортный налог-2021: когда и кто платит, что за «упрощенка» и кто вообще ничего не должен?
Александр Гарный и Александр Яночкин — лауреаты областной премии «Человек года Витебщины»
Почему так «потяжелели» жировки? Чем вызвана такая разница в начислениях?



Tagged

2 комментария по теме “Больше 18.000 водителей подготовила районная организационная структура ДОСААФ за 50 лет

  1. Калісьці, у 70-я, сам быў навучэнцам Пастаўскай арганізацыі ДТСААФ. А зараз яе ўзначальвае мой таварыш, удзельнік афганскай вайны, падпалкоўнік запасу Валерый Антонавіч Лушчык. Валера за свой жыццёвы шлях адзначаны Радзімай як баявымі узнагародамі, так і працоўнымі. За ўдзел у баявых аперацыях у гарах Афганістана ён узнагароджаны медалём СССР «За баявыя заслугі», а нядаўна ягоная дзейнасць як кіраўніка раённай арганізацыі ДТСААФ адзначана медалём «За працоўныя заслугі». Такі вось прыемны і сапраўды заслужаны дубаль. Так трымаць, Валера! Цябе і ўсіх работнікаў арганізацыі са святам! Здароўя і дабрабыту, далейшых поспехаў у справе служэння беларускаму народу!

  2. Майстры сваей справа, усе катэгорыi атрымау менавiта у гэтай арганiзацыi. Вялiкi Дзякуй за высокую якасць навучаняя, уважливасць i вытрымку))) Поспехау у Вашей ня легкай справе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.