Закрануты ўсе сферы
Вольга Андрэйчык у ліку 9 прадстаўнікоў Пастаўшчыны будзе ўдзельнічаць у рабоце VI Усебеларускага народнага сходу. Яна працуе ў Дунілавіцкай яслі-сад—сярэдняй школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Сёння — ёй слова:
— Стаць настаўніцай беларускай мовы марыла яшчэ з пачатковых класаў. Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказалі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таіса Уладзіміраўна Чарэнка і Жанна Васільеўна Усава з Лукашоўскай школы, якую я закончыла. Паступіла на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Педагагічную дзейнасць пачынала ў СШ №56 Мінска. Апошнія 25 гадоў працую ў дунілавіцкай школе.
VI Усебеларускі народны сход — важная падзея для нашай краіны. Прысутнічаць на ім для мяне вялікая адказнасць. На гэтым форуме ў людзей розных прафесій, узростаў, інтарэсаў і поглядаў будзе магчымасць выказаць свае меркаванні. Зразумела, ва ўсіх яны розныя, але ідэя і мэта павінны быць накіраваны на прымнажэнне здабыткаў. Трэба прыслухоўвацца адно да аднаго. Разлічваю на прадукцыйную работу, якая стане пачаткам вялікага шляху. Думаю, што праз дыялог удасца вырашыць многія праблемы. Мы жывём у няпросты час, і ўсім нам патрэбен мір — менавіта ў гэтым наша сіла. Таму ў Год народнага адзінства, які зацвердзіў Прэзідэнт Беларусі, грамадству трэба вярнуць былую згоду.
Мяне хвалююць пытанні паляпшэння якасці жыцця насельніцтва, умацавання дэмаграфічнага патэнцыялу і здароўя, удасканалення сістэмы адукацыі. Неабходна ўзмацніць работу па грамадзянска-патрыятычным і маральна-духоўным выхаванні моладзі. А яго асновы закладваюцца ў сям’і, якая з’яўляецца адным з галоўных інстытутаў выхавання. Бацькі для дзіцяці павінны быць узорам паводзін.
Адукацыйны працэс у школе не адасоблены ад выхавання. Падрастаючае пакаленне трэба вучыць аналізаваць інфармацыю, якая паступае з розных крыніц, бо яна не заўсёды дакладная. Фарміраванне асобы, грамадзяніна з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, канструктыўным пунктам погляду трэба пачынаць у юным узросце. У руках маладога пакалення будучыня Беларусі. Каб наша краіна развівалася, моладзі варта ведаць і памятаць гісторыю, традыцыі беларускага народа, подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўную сімволіку.
Цяпер дэталёва знаёмлюся з праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады. Дакумент грунтоўны, канкрэтны. У ім шмат новых ідэй і пакрокава распісаны алгарытм руху наперад, закрануты ўсе сферы. Радуе, што ў прыярытэце — развіццё рэгіёнаў. Нягледзячы на тое, што дзяржавай шмат зроблена па замацаванні маладых спецыялістаў у невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці, яе адток па-ранейшаму вялікі. Таму неабходна забяспечыць іх добрай работай, адпаведнай заработнай платай і камфортнымі жыллёвымі ўмовамі.
Падтрымліваю задуму, што ў будучым Усебеларускі народны сход стане канстытуцыйным органам і ўсе яго рашэнні будуць заканадаўча замацаванымі і абавязковымі для выканання органамі ўлады і грамадскімі арганізацыямі.
Запісала Анна Анішкевіч