Фоторепортаж: Церемония награждения лауреатов звания «Человек года Поставщины»

Главное Общество

Прызнанне за адданасць і старанне

Традыцыйны ўрачысты сход па падвядзенні вынікаў работы за мінулы год з’яўляецца значнай падзеяй для жыхароў раёна. На яго запрашаюць тых, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у развіццё прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі, аховы здароўя і іншыя сферы і гэтым заслужыў прызнанне. Сёлета 15 чалавек удастоены ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны».

Сярод іх загадчыцы ферм «Волахі-2» і «Коўзаны» Алена Лаўрыновіч і Валянціна Мацур. У значных дасягненнях і поспехах жывёлаводаў абедзвюх ферм немалая заслуга менавіта загадчыц. Яны рацыянальна арганізуюць работу аператараў машыннага даення, сочаць за станам абсталявання, вялікую ўвагу надаюць узнаўленню статка высокапрадукцыйнымі цялушкамі, укараненню новых прагрэсіўных тэхналогій. Дзякуючы іх мэтанакіраванай рабоце калектывы ферм, якія яны ўзначальваюць, дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў.

Валянціна Мацур доўгі час загадвала свінафермай. У верасні 2017 года яе перавялі на рабатызаваную малочнатаварную ферму «Коўзаны». Тут утрымліваюцца 622 каровы. Валавы надой за мінулы год склаў 5 193 тоны, або 41% ад агульнай вытворчасці малака гаспадаркі, сярэдні надой — 8 343 кілаграмы. Усё малако рэалізуецца сортам «экстра», захаванасць маладняку — 98%.

Малочнатаварная ферма «Волахі-2» з даільнай залай на 960 галоў дойнага статка ўве­дзена ў эксплуатацыю ў канцы мінулага года. Узначаліць яе кіраўніцтва ААТ «Хацілы-агра» даверыла Алене Лаўрыновіч. Вопыт работы мае — да гэтага загадвала фермай, на якой утрымлівалася 940 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 310 кароў. Сярэдні надой летась склаў 5 483 кілаграмы, валавы — 1 700 тон. 95% атрыманага малака рэалізавана сортам «экстра», захаванасць цялят — 98,2%.

Мінулы год быў няпростым. З-за пэўных абставін прыйшлося ўносіць карэктывы ў работу па выкананні пастаўленых задач. Пандэмія стала перашкодай для развіцця ўсіх без выключэння сфер жыцця, што негатыўна адбілася на эканоміцы краіны. Але ёсць і поспехі. Прадукцыя пастаўскіх прадпрыемстваў па-ранейшаму запатрабаваная ў Беларусі і за яе межамі. Творчыя калектывы і асобныя выканаўцы вызначыліся на міжнародных анлайн-конкурсах. Паспяхова пакарыліся і спартыўныя вышыні, а творчая інтэлігенцыя праславіла родны край сваім мастацтвам. Асаблівага прызнання заслугоўваюць медыцынскія работнікі, якія ўвесь гэты час у цяжкіх умовах праяўляюць прафесіяналізм і самаадданасць, змагаючыся за здароўе і жыцці жыхароў Пастаўшчыны ў сувязі з каранавіруснай інфекцыяй.

— Сёння мы ўшаноўваем найлепшыя працоўныя калектывы, перадавікоў вытворчасці, прадстаўнікоў розных прафесій, якія забяспечваюць эфектыўнае развіццё народнагаспадарчага комплексу раёна і яго сацыяльнай сферы, сваім стараннем, талентамі прымнажаюць дабрабыт і робяць усё магчымае, каб наша жыццё было камфортным, — гаварыў, вітаючы прысутных, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Ганарымся, што настаўнік геаграфіі Варапаеўскай СШ Аляксандр Гарны і механізатар ААТ «Кураполле-агра» Аляксандр Яначкін удастоены звання «Чалавек года Віцебшчыны». 15 жыхарам раёна прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

Аналіз асноўных вынікаў работы за мінулы год паказвае, што 77,9% вытворчасці прадукцыі прыпадае на прамысло­васць, 65% ад агульнага яе аб’ёму ідзе на экспарт. У адпаведнасці з запытамі рынку зменена некаторая наменклатура: ПВУП «Пастаўскі мэблевы цэнтр» і ТАА «Вытворчы мэблевы цэнтр» прыступілі да выпуску мэблі. Паспяхова працуюць створаныя параўнальна нядаўна ТАА «Мясакамбінат Пастаўскі» і ВУП «Завод Проміс». Ёсць надзея, што апраўдаюць сябе праекты па выпуску драўніннага вугалю (аб’ём інвестыцый склаў 1,3 млн еўра), які экспартуецца ў Германію і Францыю (на базе былога завода жалезабетонных вырабаў), мэблі з масіву і піламатэрыялаў (на базе былога Варапаеўскага ДАКа), бутыляванай вады (на базе Лынтупскага спіртзавода).

Мінулы год быў паспяховым для многіх сельгаспрадпрыемстваў. Наш раён заняў другое месца ў вобласці па намалоце зерневых і зернебабовых. Упершыню сярэдні надой ад каровы перавысіў 4 000 кілаграмаў малака. Уведзена ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма ў Волахах ААТ «Хацілы-агра» на 940 галоў. Машынна-трактарны парк гаспадарак раёна папоўніўся 88 адзінкамі новай тэхнікі і агрэгатамі да яе. Пэўных поспехаў дасягнулі гаспадаркі, якія ўвайшлі ў склад аграаб’яднання, створанага ў мінулым годзе на базе малочнага завода.

На Пастаўшчыне ўведзена ў эксплуатацыю 7,8 тыс. метраў квадратных жылля. Будаўніцтва працягваецца. У Варапаеве напрыканцы мінулага года пачала дзейнічаць унікальная (аналагаў яе няма ў вобласці) станцыя абезжалезвання. Каштарысная вартасць праекта — 1,6 млн руб. У студзені адбылося адкрыццё новага дзіцячага сада ў мікрараёне 6 гарадка. Расшырылася гандлё­вая сетка магазінаў «Міла», «Світанак», «Марк Фармэль», «Еўраопт», «Дабраном», «Суседзі», «Санта» і іншых, а таксама мясцовых вытворцаў — ААТ «Навасёлкі-Лучай» і малочнага завода.

З года ў год дабіваюцца высокіх паказчыкаў у рабоце і становяцца пераможцамі спаборніцтва ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», малочны завод, АБП «Рассвет Пастаўскі», філіялы «Пастаўскае ДРБУ-132» і «ДЭУ-33», гімназія, варапаеўскія сярэдняя школа і бальніца. За гэтымі поспехамі — нястомная праца радавых працаўнікоў, мудрасць кіраўнікоў. Раён ганарыцца Вячаславам Крыштафовічам, Юрыем Шымчыкам, Канстанцінам Гайлеўскім, Сяргеем Лацецкім, Станіславам Рагінем, Альфрэдам Мальцам, Алегам Крукоўскім, Славамірам Каранеўскім, Валянцінай Гінько і многімі іншымі.

За вернасць абавязку і адказнае нясенне службы Сяргей Чэпік падзякаваў супрацоўнікам праваахоўных і адміністрацыйных органаў, ваеннаслужачым воінскіх часцей, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі раёна — усім, хто стаіць на варце правапарадку, законнасці і ахове Дзяржаўнай граніцы.

— Бягучы год аб’яўлены ў Беларусі Годам народнага адзінства, — сказаў у завяршэнне свайго выступлення старшыня райвыканкама. — І мы павінны з’яднацца ў нашым агульным доме, зрабіць усё магчымае, каб краіна заставалася незалежнай, паспяхова развівалася. Ад грамадзянскай пазіцыі, ініцыятывы і старання кожнага з нас зале­жыць будучыня нашых дзяцей. Разам нам пад сілу вырашыць многія пастаўленыя задачы.

Для ўзнагароджання на раённую сцэну падымаліся як кіраўнікі перадавых прадпрыемстваў і арганізацый, так і дзясяткі найлепшых работнікаў. Святочнаму настрою спрыялі выступленні творчых калектываў, асобных выканаўцаў раённага Дома культуры і іншых устаноў культуры раёна.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Больше 18.000 водителей подготовила районная организационная структура ДОСААФ за 50 лет
Стали известны имена лауреатов звания «Человек года Поставщины-2020»
Юная поставчанка Настя Ожель получила диплом III степени в конкурсе «Энергомарафон»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.